Дачка эмігрантаў зь Беларусі стала алімпійскай чэмпіёнкай у складзе зборнай ЗША
Гэта другая Алімпіяда 30-гадовай амэрыканкі Жаклін Дубровіч. У камандным заліку яна разам з трыма сваімі калегамі ў зборнай ЗША атрымала тытул алімпійскай чэмпіёнкі ў фэхтаваньні на рапірах, піша Радыё Свабода.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Алімпіяды-2024, у фінале зборная ЗША перамагла каманду Італіі зь лікам 45:39.
У індывідуальным заліку Жаклін заняла 18 месца.
Жаклін Дубровіч жыве ў Мэйплвуд, штат Нью-Джэрзі. Яна закончыла Калюмбійскі ўнівэрсытэт у 2016 годзе, дзе вывучала расейскую літаратуру. Яе бацькі эмігравалі зь Беларусі ў канцы 1980-х.
На Алімпійскіх гульнях – 2020 у Токіё, што праводзілі ў 2021 годзе праз эпідэмію каранавірусу, яна таксама выступала за зборную ЗША. Тады ў індывідуальным заліку яна заняла 21-е месца пасьля паразы ў першым бою з розьніцай у адзін пункт. У камандным заліку ЗША прагулялі Францыі ў матчы за бронзу і апынуліся па-за п’едэсталам.
«Без адвагі, упартасьці і ахвярнасьці маіх бацькоў нічога гэтага не было б магчыма», — напісала Жаклін на сваёй старонцы ў Instagram, калі прайшла кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў Токіё.
У 2020 годзе яна апублікавала фота з сваёй маці.
«Мае бацькі эмігравалі ў гэтую краіну з Савецкага Саюзу, каб атрымаць лепшы шанец на жыцьцё для сваіх дзяцей, і я ведаю, што яны нават у самых сьмелых марах не маглі сабе ўявіць, што іх дзіця будзе прадстаўляць Злучаныя Штаты Амэрыкі на Алімпійскіх гульнях», — напісала Жаклін.
Читайте еще
Избранное