Дабравольскі: «Народны ўздым абавязкова будзе, таму што ніякай перспектывы для Беларусі пры гэтым рэжыме няма»

Дарадца Святланы Ціханоўскай расказаў у інтэрв’ю Е*рарадыё пра полк Каліноўскага, стаўленне да Расіі і сілавы варыянт супраціву.

Напярэдадні прадстаўніца палка Каліноўскага Крысціна «Чабор» паведаміла, што полк не далучаўся да канферэнцыі «Новая Беларусь» і ўсяго астатняга, бо нама канкрэтнага плана вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі.

— Па-першае, полк не мусіць далучацца да палітычных дзеянняў, таму што гэта людзі, якія звязаны кантрактам з украінскай дзяржавай, — лічыць Аляксандр Дабравольскі.

Мы запрашалі іх прадстаўніка на канферэнцыю, але няма чалавека, які ваюе зараз не на кантракце. Мы зацікаўлены ў супрацы і лічым, што яны бароняць гонар Беларусі, таму што Беларусь фактычна выкарыстоўваецца ў гэтай вайне, і падтрымліваем іх, як можам, рознымі магчымасцямі.

Што тычыцца плану, то адкажу так: калі такая вялікая ступень нявызначанасці сітуацыі, канкрэтны план можа быць толькі варыятыўным. І ёсць сцэнары, па якіх можа пайсці хваля падзей, ёсць разуменне, што рабіць пры кожным сцэнары. Але ёсць агульная стратэгія, якая прывяла да таго, што быў створаны кабінет, зараз будзе рэфармавана каардынацыйная рада, гэта стратэгія інстытуцыяналізацыі нашага дэмакратычнага руху, ператварэнне яго ў нацыянальна-вызваленчы рух.

Таксама дарадца Ціханоўскай выказаў сваё меркаванне наконт фразы «Расія нам не вораг», якая прагучала ад аднаго са спікераў канферэнцыі.

 — За кожным словам трэба сачыць, трэба думаць. Ёсць людзі, якія лёгка кідаюцца лозунгамі, ёсць людзі, словы якіх уплываюць на сітуацыю. Я ўпэўнены, што гэта не Пуцін прыехаў на танку — гэта расійская армія, гэта людзі пускаюць ракеты з тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на тое, што гэта загад Пуціна.

Я ўпэўнены, што вельмі шмат грамадзян Расіі пад уплывам ці то прапаганды, ці то ўласных перакананняў, што «цябе паважаюць толькі тады, калі цябе баяцца», падтрымліваюць гэтую агрэсію. Таму я думаю, што ўсе гэтыя людзі зараз з’яўляюцца ворагамі і Украіны, і Беларусі, бо яны ўцягнулі Беларусь у гэтую злачынную вайну. Вось мая пазіцыя, і я лічу, што трэба вельмі дакладна вызначаць, што мы маем на ўвазе.

Пра тое, ці варта рабіць сілавы варыянт супраціву адзіным, Дабравольскі адказвае так:

— Спрацуе не штосьці адно. І не вядома, што паўплывае больш, а што — менш. Спрацуе ўсё ў комплексе і галоўнае — гэта грамадзянская актыўнасць і народны ўздым, які абавязкова будзе, таму што ніякай перспектывы для Беларусі пры гэтым рэжыме няма, і сам рэжым не мае ніякага плана на будучыню.

Два гады таму не хапіла таго, што зараз ствараецца. Таму я б не перабольшваў і не рабіў галоўным сілавы блок, аднак, калі будзе трэба самаабарона і абарона ад рэпрэсій, то ён можа адыграць сваю ролю. І можа стаць важнай складовай часткай, але не галоўнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(20)