“Да сумленьня Вашага ніхто апрача Вас самых ня мае доступу”

Адкрыты ліст старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да настаўнікаў Беларусі з нагоды пачатку новага школьнага году.

“Нічога так моцна мяне не задавальняе, як быць настаўнікам ды выхоўваць дзетак, якія будуць уважаць сваім абавязкам прычыніцца да дабрабыту нашага сьвету...” Так аднойчы гаварыў усім ведамы ў Канадзе настаўнік Юстын Трудо, сын найбольш ведамага канадзкага прэм'ер-міністра П'ера Трудо.

Дарагія настаўнікі Беларусі, як прыемна было б пачуць, што Вы таксама выбралі гэтую прафэсію, каб зрабіць з нашых беларускіх дзетак лепшых Беларусаў, з пачуцьцём адказнасьці за будучыню свае Бацькаўшчыны, за зьберажэньне свае культуры і свае мовы.

Вельмі ж прыкра чуць юнакоў, якія прыяжджаюць зь Беларусі на летні адпачынак у Канаду ды дзівяцца, што нехта ў Канадзе гаворыць па-беларуску...

Мы тут гэтую мову шануем і ўважаем нашым агульнабеларускім скарбам. Пачуцьцё гэтае стараемся перадаць нашым дзецям. Уявеце сабе іхнае расчараваньне, калі прыехаўшы ўпершыню ў Беларусь яны чуюць мову чужую, не беларускую. А ад Вас залежыць у вялікай меры павага ў Беларусі да свае мовы, да ўсяго беларускага, бо Вы зьяўляецеся найбольшым аўтарытэтам для сваіх вучняў.

У жыцьці кожнага з нас былі настаўнікі, якія зрабілі на нас вялізарны уплыў. Некаторыя з нас выбралі прафэсію дзеля свайго захапленьня настаўнікам ці настаўніцай. Уплыў настаўнікаў на наш сьветапогляд, на людзкія вартасьці, якіх мы будзем прытрымоўвацца да канца жыцьця, бясспрэчны. У нашым сьвеце, дзе бацькі праводзяць штораз менш часу з сваімі дзецьмі, таму што змушаныя абое працаваць, ад Вас залежыць будучыня нашага народу і нашага краю.

Што рэжым у Беларусі антыбеларускі, гэта усім ведама Але ж да сумленьня Вашага ніхто апрача Вас самых ня мае доступу. Сваім прыкладам настаўнік можа зрабіць болей як усе ўказы дыктатара.

Зьвяртаюся да Вас сёньня з просьбай: выхоўвайце ў беларускім духу нашых дзетак, каб яны не цураліся свайго. Каб яны былі гордыя, сьмелыя, прынцыповыя. Каб разумелі, што Беларусь іхная Бацькаўшчына і што іхным сьвятым абавязкам ёсьць яе бараніць ад чужых імпэрыялістычных намераў.

Вы, дарагія настаўнікі Беларусі, можаце як ніхто іншы адрадзіць беларускую Беларусь! Сілаў і мужнасьці Вам у Вашай ахвярнай працы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)