Политика
Любоў ЛУНЁВА, «Народная воля»

Да справы пра Плошчу падключылася ваенная контрразведка

Апошняя выбарчая кампанія адзначылася беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсій супраць грамадства. Ператрусы, допыты, арышты дзясяткаў і дзясяткаў чалавек. Толькі за ўдзел у вулічнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў адміністрацыйны арышт адбылі каля сямі сотняў чалавек.

Каля 30 чалавек трымаюць у следчым ізалятары КДБ, яшчэ некалькі чалавек (дакладнай лічбы няма) знаходзяцца ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Працягваюцца допыты ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Як высветлілася, да міліцыі і КДБ падключылася і ваенная контрразведка.

11 студзеня на кватэру Андрэя Мікалаева прыйшлі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. Яму сказалі, што ён з'яўляецца сведкам у крымінальнай справе, пра якую штодня нагадваюць СМІ. Нягледзячы на тое што Андрэй меў статус сведкі, а не падазронага, у яго правялі ператрус. Следчыя ўпакавалі мабільныя тэлефоны, камп'ютар і фотакамеру. З гэтымі рэчамі Андрэя павезлі ў следчы камітэт, што на вуліцы Сапёраў. Там высветлілася, што няма следчага, і Мікалаева перавезлі ў міліцыю Партызанскага раёна.

— Вось там я і даведаўся, што з'яўляюся падазроным па крымінальнай справе, — раcказаў Андрэй Мікалаеў. — Мяне дапыталі і павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Там яшчэ адзін допыт — і ў камеру. Праз два дні, калі трэба было працягваць тэрмін утрымання пад вартай ці адпускаць мяне, следчы сказаў, што я паеду з нейкімі людзьмі, якія мяне ўжо чакалі ў кабінеце. Адзін з іх паведаміў, што ён супрацоўнік КДБ. Мяне павезлі на допыт у іншае месца. Гэта ў раёне Кастрычніцкай плошчы за Палацам Рэспублікі — ваенная контрразведка. Там са мной размаўлялі без складання пратакола. Іх цікавіла відэа. Я здымаў на Плошчы. Шкло я не біў, але я стаяў і здымаў на ганку, і калі за спінай натоўп пайшоў наперад, то, натуральна, я выцягнуў руку, каб не паваліцца. Следчых цікавіла ўвесь час, навошта я здымаў і ці паспеў "зліць" усё ў інтэрнэт. Я патлумачыў, што мяне не было ў Мінску, калі адбываліся падзеі ў 2006 годзе, глядзеў, што паказвала БТ ці АНТ, але потым паглядзеў фільм Юрыя Хашчавацкага "Плошча". Абсалютна супрацьлеглая інфармацыя. А паколькі да Беларускага тэлебачання веры цяпер няма ні ў кога, то я ўзяў відэакамеру і пайшоў на акцыю. Цяпер, калі я паглядзеў тэлевізар і тое, што сам зняў, то пераканаўся, што гэта неба і зямля. Я не адзін такі, каго забралі і дапыталі. Дарэчы, з ІЧУ мяне везлі ў контрразведку разам з яшчэ адным хлопцам. Яго ў іншы кабінет павялі. Той, што са мной размаўляў, патэлефанаваў следчаму і запытаў, што са мной рабіць. З размовы я зразумеў, што мяне назвалі абывацелем, а не апазіцыянерам. Вось мяне і адпусцілі. Я пад падпіскай аб нявыездзе".

Пра тое, што следчыя ваеннай контрразведкі далучыліся да сваіх калег з МУС і КДБ, стала вядома, яшчэ калі яны наведалі ў турме актывіста АГП Міхаіла Пашкевіча. Яны цікавіліся, навошта Міхаіл даў карэспандэнту "Нашай Нівы" факты пра карупцыю ў войску, якія сталі нагодай для адпаведнай публікацыі. Тады многія падумалі, што вайскоўцы таму дапытвалі Міхаіла, што гэта тычылася іх інтарэсаў. Але відавочна, што іх "інтарэсы" ў справе затрыманых значна шырэй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)