Политика
Ганна Соўсь, Радыё Свабода

«Да мужа не пускаюць доктара»

Госьця «Начной Свабоды» – Вольга Някляева – жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, які знаходзіцца пад хатнім арыштам.

-- Спадар Ўладзімер, пэўна, ня ведае пра рашэньне міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ аднавіць візавыя санкцыі 158 прадстаўнікоў беларускага рэжыму ў адказ на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і арышты ў Беларусі? Ці маеце вы права яму пераказаць пра гэта?

-- Маю права. На мяне гэтыя ўмовы не распаўсюджваюцца. Я магу і выходзіць і глядзець, і зь ім размаўляць на любыя тэмы.

-- Ці інфармаваны Ўладзімер Някляеў пра міжнародную рэакцыю на рэпрэсіі ў Беларусі?

-- Гэта ўсё я яму расказваю кожны дзень, што прыгадваю – адразу расказваю. Вядома ж, ён нічога ня ведаў, бо там немагчыма было такую інфармацыю атрымаць.

-- Адвакатка паведаміла пра тое, што вам муж перанёс 4 гіпэртанічныя крызы з зьняволеньні, і цяпер яшчэ адчувае сябе ня вельмі добраю. Ці рабілі Ўладзімеру Някляеву здымак галавы? Ці можа ён ва ўмовах хатняга арышту зьвярнуцца па паўнавартасную мэдычную дапамогу? Ці магчыма правесьці комплекснае дасьледаваньне, атрымаць адпаведнае лячэньне?

-- Доктар да яго прыйсьці ня можа. Сказалі, што я магу з доктарам перагаварыць, апісаць яго стан, і ён завочна выпіша лекі, як прымаць, і я буду гэта кантраляваць. Але мы будзем пісаць, каб яго паглядзець доктар. Дома яму лепш. Калі ён прыехаў, то скардзіўся, што баліць галава. Сказаў, што ня ўсё помніў. І як раз для галавы лекі выпісаць павінен доктар.

-- Ці ён пісаў у турме? Што пісаў?

-- Я перадавала паперу, спадзявалася, што ён будзе пісаць. Але ён сказаў, што там немагчыма было сканцэнтравацца. Маленькая камэра і пяць чалавек.

-- Ці піша ён нешта дома? Ці праглядаюць супрацоўнікі КДБ тое, што ён піша?

-- Нешта піша. Ва ўмовах няма такога, каб праглядаць. Ён жа гэта не перадае, яму нельга перадаваць.

-- Што дазволена Ўладзімеру Някляеву ў рамках хатняга арышту і што забаронена?

-- Забарона выходзіць, размаўляць па тэлефоне, ніхто ня можа зайсьці ў хату, нельга слухаць радыё, карыстацца кампутарам, можа яшчэ што забылася. Тэлевізар глядзець можна. Дазволена са мной размаўляць, есьці дазволена, адпачываць, усё астатняе дазволена.

-- У вас у доме ўвесь час супрацоўнікі КДБ. Яны мяняюцца? Ці карыстаюцца вашымі рэчамі? Посудам, бялізнай, выбачайце за далікатную падрабязнасьць, ваннай, туалетнай паперай?

-- Мяняюцца. Зараз трэцяя пара ўжо прыйшла. Кожны дзень новыя. Нашымі рэчамі не карыстаюцца. Гарбату я ім сама прапаноўваю.

-- З таго, што вы расказвалі раней, вы ня сталі канфліктаваць з супрацоўнікамі КДБ, якія жывуць у вашай кватэры, нават прапаноўвалі ім павячэраць, гарбату. Чаму вы вырашылі паводзіць сябе менавіта так, чаму не цалкам дыстанцыявацца ад іх?

-- Не хапала мне яшчэ, каб дома ў мяне была канфрантацыя! Мне досыць таго, што я ў такім стане паўтары месяцы была. Я хачу каб у мужа была нармальная атмасфэра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)