Да крамы Symbal.by прыехалі аўтазакі, затрымалі пакупнікоў
Сёння крама абвясціла аб спыненні працы з 29 чэрвеня.
Як паведамляе Белсат, да крамы Symbal.by прыехаў аўтазак, пачалі затрымліваць людзей з чаргі. Гэта адбылося а 20-й гадзіне 23 чэрвеня.
Сузаснавальнік Symbal.by Мікіта Броўка ў жывым эфіры паведаміў пра тое, што да крамы падʼехалі два аўтазакі, у іх змясцілі каля 20 чалавек.
Так выглядала чарга каля крамы symbal.by. Фота Еўрарадыё
Прэс-сакратар ГУУС Мінгравыканкама Наталля Ганусевіч патлумачыла Радыё Свабода прычыны затрымання АМАПам пакупнікоў крамы Symbal.by:
— Выязджаў аўтамабіль, а людзі, якая стаялі побач з крамай, не давалі яму праехаць. У мэтах спынення супрацьпраўных дзеянняў, якія выявіліся ў блакаванні аўтамабіля, выехаў нарад міліцыі. Некаторыя асобы дастаўленыя для разбіральніцтва.
Крама Symbal.by у сувязі са спыненнем працы запрасіла пакупнікоў да канца тыдня набыць што-небудзь, «пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі».
Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з павелічэннем колькасці праверак.
«На мінулым тыдні на вытворчасць прыйшла санстанцыя, якая выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці, і міліцыя, якая забрала на праверку 9 бел-чырвона-белых сцягоў, — тлумачаць уладальнікі крамы. — Таксама працягваецца праверка падатковай і АБЭП, да гэтага часу ў нас няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў нашага кур'ера 419 цішотак ПСІХОЗ%.
Ужо тыдзень ЖРЭО, ЖЭУ 2 і ЖКХ Савецкага раёну адмаўляюцца нам падключыць электрычнасць, хоць усе дамовы маем і падставаў не ўключаць яе нам няма.
На гэтым тыдні мы дадаткова атрымалі ліст ад Мінгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёння, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное