«Да аўтазака прыцягнулі ў такім стане, што забіраўся па прыступках на каленях». Студэнт зь міліцыі трапіў у шпіталь

Ягор Фатыхоў — адзін з больш як тысячы затрыманых удзельнікаў «Маршу народаўладзьдзя», які прайшоў у нядзелю ў Менску, піша Радыё Свабода.

Ягора сілавікі ня проста пабілі. Ударам дручка гэтак зламалі яму нагу, што, каб скласьці яе, дактары лякарні хуткай дапамогі мусілі праводзіць тэрміновую апэрацыю.

Але Ягор аптыміст. Кажа, горшага ўдалося пазьбегнуць.

«Нага загоіцца, галоўнае, што зрок ня страціў, бо такая рызыка была». У хлопца дыстрафія сятчаткі вока, і ад у наркозу, безь якога немагчыма было рабіць апэрацыю, ён мог страціць зрок. Але абышлося.

Ягор Фатыхаў

«За мной тут добра прыглядаюць, дактары выдатныя. Даюць тры тыдні на рэабілітацыю, але, баюся, гэтых трох тыдняў у мяне можа ня быць».

«Могуць адправіць куды ў іншае месца, чым на Акрэсьціна»

Ягору Фатыхову ў сьнежні споўніцца 21 год. Ён не хавае сваёй грамадзянскай пазыцыі і кажа, што пэўныя дзяржаўныя службы добра пра яго ведаюць.

«Да мяне сёньня ў шпіталь ужо прыходзіў міліцыянт, распытваў, што было пры затрыманьні, задаваў розныя пытаньні. Практыка затрыманых на мінулым маршы паказвае, што могуць і на мяне завесьці крымінальную справу аб падрыхтоўцы да беспарадкаў. Тады адправяць ужо не на Акрэсьціна, а куды ў іншае месца», — кажа Ягор.

Ягор Фатыхоў ужо фігураваў у рэпартажах зь менскіх маршаў. З0 жніўня, калі пратэстоўцы наблізіліся да Палацу Незалежнасьці, ён перад відэакамэрамі спрачаўся з памочнікам Лукашэнкі Аляксандрам Латышонкам на тэму фальсыфікацыі выбараў і пратэстаў. Ягор прыгадвае, як паводзіў сябе памочнік Лукашэнкі і чаму ён ужо тады мог вырашыць, што дыялёг з ўладай у пратэстоўцаў пакуль не складзецца.

«Той Латышонак скажа некалькі слоў — і робіць крок наперад, зноў скажа — і зноў наблізіцца. Гэта праява агрэсіі, а не гатовасьці слухаць другі бок. Праўда, калі амапавец да нас падскочыў і прапанаваў усё там зачысьціць, памочнік адказаў, што ня трэба. Але ўсё роўна было відаць, што на дыялёг яны ісьці ня хочуць. Ну вось, у мінулую нядзелю зноў гэта пацьвердзілі», — згадвае Ягор.

«Мне таксама страшна, але на ўсіх шэсьцях быў у першых шэрагах»

8 лістапада Ягор Фатыхоў накіраваўся да гатэля «Плянэта», дзе паступова зьбіраліся на чарговы марш пратэстоўцы. Лічыць, што і тады ішло нямала людзей, магло разам набрацца да 50 тысяч, але сілавікі не далі сабрацца ў калёну.

«Выхоплівалі найперш маладых, высокіх, дужых», — кажа Ягор. Яму ўдалося дайсьці да месца збору.

Марш у Менску, 8 лістапада

«Ведаеце, мне, як усім, цяпер заўсёды страшна. Асабліва апошнія маршы. Заўсёды вагаюся, але вырашаю, што «калі ня я, дык хто». Ну так, ёсьць досьвед. І на Арлоўцы мяне глушылі гранатамі, і ў Драздах па нас стралялі. Але збор ля стэлы — гэта ўжо прадказальны разгон. Там усё пралічана, у міліцыі складзеныя пляны, як дзейнічаць. Як убачылі, што на Заслаўскую паехалі аўтобусы з АМАПам, было зразумела — бяруць у аблогу, будзе хапун. Але і ўцякаць няёмка», — кажа Ягор.

Спачатку калёна ў некалькі тысяч дэманстрантаў, што сабралася каля гатэля «Плянэта», рушыла па Машэрава ў бок вуліцы Ціміразева, але там, каля павароту на Заслаўскую, ужо чакаў ланцуг сілавікоў з вадамётамі. Людзі разьвярнуліся, каб ісьці ў адваротны бок, да Сьвіслачы, але і там за мостам стаяў ланцуг са шчытамі. А празь яшчэ некалькі хвілін па схіле ад праспэкту Пераможцаў да «Плянэты» пабеглі на пратэстоўцаў хлопцы ў зялёных камізэльках. Гэта «касманаўтам» з АМАПу вырашыў дапамагчы ГУБАЗіК, мяркуе Ягор.

«Да мяне адзін падбег з крыкам «Стой, сука!» Біў мэтанакіравана на нагах. Тым ударам, хутчэй за ўсё, і зламаў мне нагу, але гэта я потым зразумеў, бо яшчэ спрабаваў ісьці, кульгаючы. Зноў білі — па нагах, па галаве, нават проста ў твар кулаком. Памятаю, як жанчына побач крычала, каб мяне адпусьцілі, але замест гэтага да мяне ўжылі ўдушлівы прыём», — згадвае Ягор. Зь яго словаў, да аўтазака яго прыцягнулі ў такім стане, што забіраўся па прыступках на каленях. Але пра паездку ў аўтазаку ў Ягора ёсьць і добры ўспамін.

«Праўда, як у Савецкім райаддзеле выбіраўся з аўтазака, дык сілавік дапамог. І па дарозе зь імі можна было нармальна пагаварыць».

У двары Савецкага райаддзелу міліцыі Ягор правёў амаль палову дня да таго, як яго забрала «хуткая».

«Трымалі ля агароджы, як усіх, але на нагах стаяць ня мог, дык дазволілі прысесьці на лаўку. Але потым прыбег нейкі начальнік і зноў паставіў да сьцяны. Потым я папрасіўся стаць на калені, інакш бы паваліўся. Пасьля зноў пасадзілі на лаву. Ну і мацюкі вакол, як звычайна. Больш за 90 чалавек стаіць з паднятымі рукамі. Стаўленьне, як да ворагаў», — мяркуе Ягор.

Фото БЕЛСАТ

Хлопец кажа, што ў Савецкім райадзеле міліцыі яму ніхто не аказаў першай мэдычнай дапамогі і нават забаранілі гэта зрабіць аднаму з затрыманых, які прапанаваў свае паслугі.

«Сярод праваахоўнікаў — татальны прававы нігілізм»

Ягор Фатыхоў вучыцца на 4 курсе Беларускага інстытуту правазнаўства (БІП). На просьбу ацаніць дзеяньні праваахоўнікаў, якія ён назіраў 8 лістапада, як будучы юрыст, Ягор гаворыць пра відавочнае перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

«Затрымліваць з ужываньнем адмысловых прыёмаў пры пэўных абставінах дазваляецца, хоць я не супраціўляўся, але ўцякаў, так. Але біць затрыманага, не аказваць яму неабходную дапамогу — гэта службовае злачынства, яно мусіць строга карацца. Але хто гэта будзе рабіць? Толькі іншая ўлада», — перакананы студэнт Ягор Фатыхоў.

Паводле яго, у цяперашняй Беларусі законы, якія мусяць забясьпечваць правы людзей, ня дзейнічаюць таму, што сярод праваахоўнікаў і судзьдзяў пануе прававы нігілізм, заснаваны на сьветапоглядзе даўно мінулых часоў.

«Ну што можна казаць, калі намесьнік пракурора сустракаецца са студэнтамі і на пытаньне пра гарантаваныя Канстытуцыяй правы кажа, што ня мае з сабой тэксту Канстытуцыі, таму ня можа пракамэнтаваць парушэньне. Яму студэнты прапаноўваюць праз мабільны тэлефон знайсьці гэты артыкул, але ён так і не адказвае. Права ў нас даўно пастаўлена ў пазыцыю абслугі ўлады», — мяркуе Ягор Фатыхоў. Ён кажа, што цяперашняя Беларусь шмат у чым падобная да Нямеччыны часоў Гітлера.

Пры гэтым ён ня лічыць сытуацыю безнадзейнай і па заканчэньні інстытуту зьбіраецца працаваць менавіта юрыстам.

«Тое, што сярод нас, маладых юрыстаў, шмат рамантыкаў, ня мінус, а наадварот, вельмі добра. Ёсьць маса прававых пытаньняў, якія пры новай дэмакратычнай уладзе трэба будзе тэрмінова выпраўляць, і гэта па сілах толькі юрыстам новай генэрацыі», — лічыць студэнт БІП.

Што да далейшых пратэстаў, то Ягор Фатыхоў дзеліцца такой думкай: яны не спыняцца, але набудуць іншыя формы. Таксама, паводле ягоных назіраньняў, сярод сілавікоў назапашвацца стомленасьць і разуменьне таго, што волю народу да свабоды і перамен не спыніць.

«У сілавікоў, у войску таксама дастаткова незадаволеных. Пытаньне толькі ў тым, што ім не ўдаецца скаардынавацца. Але фінансавы рэсурс улады заканчваецца. Усе разумеюць, што на карнікаў яшчэ хапае грошай, але на іншых сілавікоў — ужо цяпер праблема», — мяркуе Ягор Фатыхоў.

Доктарка Маркелава пра дзень катаваньняў: «Потым здарыўся эпізод, які перавярнуў уяўленьне пра маё жыцьцё»

«Сначала ломали ноги, потом добивали по голове»: Врачи сравнили воскресные задержания с августом

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(11)