Политика

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута ўжо 20 журналістаў

Невядомае месцазнаходжанне яшчэ двух сябраў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў": Алены Лукашэвіч і яе сына Антона Тараса, паведамляе сайт baj.ru. Вядома, што раніцай 23 сакавіка яны скіроўваліся з Кастрычніцкай плошчы да офіснага комплексу "Журавінка", дзе была прыпаркаваная прыватная машына Лукашэвіч. У 10.20 яна размаўляла па тэлефоне з мужам, журналістам Віталем Тарасам. Пасля гэтага сувязі з Аленай і Антонам няма. Машына так і засталася прыпаркаванай каля "Журавінкі". У ГУУС Мінгарвыканкама інфармацыі пра Лукашэвіч і Тараса не маюць; у спецпрымальніку на Акрэсціна — таксама.

Тым часам Радыё Свабода паведаміла, што Пінскі гарадзкі суд сёньня арыштаваў на 6 сутак Вiктара Ярашука — галоўнага рэдактара пінскай рэгіянальнай газэты “Мясцовы час”. Журналіста абвінавацілі ў брыдкаслоўі й супраціве міліцыянтам. Пра тое, што адбылося напраўду, распавяла супрацоўніца незалежнага выданьня Надзея Андрэйкавец:

— Ён патэлефанаваў нам, калегам, раніцай і сказаў, што за ім ёсьць “хвост”. Запэўніў, што гатовы да ўсяго, бо яго забяруць. У міліцыю мы зьвярталіся шмат разоў, але спачатку казалі, што няма, няма... Пасьля: “Пакуль няма, але па рацыі паведамілі, што хутка даставяць”. Дзе міліцыянты так доўга вазілі Ярашука, мы пакуль ня ведаем. Лічым, што чарговае затрыманьне зьвязана менавіта з газэтай.

Віктар Ярашук у панядзелак быў выпушчаны на волю пасьля арышту на 5 сутак. Сёньня ён ізноў арыштаваны.

Паводле інфармацыі “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, з 14 па 23 сакавіка прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 20 журналістаў. Абсалютная большасць з іх пакараныя адміністратыўным арыштам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)