Да 1986 году на ЧАЭС было 5 аварый, якія ўлады СССР засакрэцілі
Украіна перадала UNESCO рассакрэчаныя савецкія дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, як КДБ блякаваў савецкіх грамадзян і ўвесь сьвет ад праўды пра аварыі і стан бясьпекі на Чарнобыльскай АЭС.
Адзін зь першых здымкаў Чарнобыльскай АЭС пасьля выбуху
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый уключыла ў міжнародны рэестар UNESCO «Памяць сьвету» 32 рассакрэчаныя ва Ўкраіне дакумэнты, якія адлюстроўваюць прычыны і наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама рэакцыю Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР на высілкі міжнароднай супольнасьці, якая намагалася даведацца пра сапраўдныя маштабы катастрофы.
Свабода знаёміць зь некаторымі дакумэнтамі.
Будоўля ішла з парушэньнямі
Будоўля Чарнобыльскай АЭС адбывалася ў некалькі этапаў, пачынаючы з 1970 году. Трэці і чацьвёрты энэргаблёкі былі ўведзеныя ў эксплюатацыю ў 1983 годзе.
Праз тры гады, 26 красавіка 1986 году, на апошнім адбылася катастрофа, якая ўзрушыла ўвесь сьвет.
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі адсочваў будоўлю АЭС ад самага пачатку. Ужо ў 1973 годзе кіраўнік упраўленьня КДБ пры Радзе Міністраў УССР па Кіеўскай вобласьці Ўладзімер Фясенка папярэджваў абласны камітэт партыі пра парушэньне тэхнічных будаўнічых нормаў.
Дакладная запіска ад 2 ліпеня 1973 году ў Кіеўскі абласны камітэт Кампартыі Ўкраіны
Найперш гаворка ішла пра парушэньне тэхналягічных працэсаў — у будаўніцтве выкарыстоўвалася сталь нізкіх гатункаў, а самі каркасы зварваліся няякасна. Фіксаваліся таксама парушэньні пры будаўніцтве фундамэнту.
«Асабліва кепская сытуацыя склалася з уладкаваньнем гідраізаляцыі зь бітумнай мастыкі і бітуму па бэтоннай падрыхтоўцы пад узьвядзеньне галоўнага корпусу ЧАЭС», — празь месяц удакладняе опэрупаўнаважаны раённага аддзяленьня КДБ. Паводле яго, у ходзе выпрабаваньняў бітум разьмякчаўся пры тэмпэратурах значна ніжэйшых, чым патрабавалася праектам.
Дакладная запіска раённага КДБ ад 24 ліпеня 1973 году
Першая аварыя здарылася ў 1982 годзе
Першая аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася 9 верасьня 1982 году падчас пробнага пуску рэактара першага энэргаблёку — у выніку разрыву графітавага падмурку ў рэактарную прастору было выкінута багата радыеактыўных рэчываў. Тады ўпершыню не спрацавала аварыйная абарона.
Справаздача КДБ ад 15 верасьня 1982 году
Як вынікае са справаздач КДБ, нават на пяты дзень пасьля аварыі ў памяшканьнях рэактарнага аддзяленьня, якія не абслугоўваюцца, назіралася перавышэньне ўзроўню гама-выпраменьваньня ў 100 разоў. У засакрэчаных дакумэнтах сьцьвярджалася, што радыяцыйны фон нармалізаваўся на 20-ю гадзіну 14 верасьня.
«УКДБ зьдзяйсьняе захады па недапушчэньні распаўсюджаньня панічных, правакацыйных чутак і іншых нэгатыўных праяваў у сувязі з гэтым здарэньнем», — гаворыцца ў справаздачы ад 15 верасьня 1982 году. Што праўда, тады пра гэтую аварыю ведалі хіба што КДБ ды партыйнае кіраўніцтва.
Паводле архіўных дакумэнтаў, за пэрыяд эксплюатацыі з 1977 па 1981 год на ЧАЭС адбылося 29 аварыйных прыпыненьняў, зь іх 8 — па віне абслуговага пэрсаналу. У 1983–1985 гадах — 5 аварый і 63 адмовы асноўнага абсталяваньня.
Дасьледчыкі сьцьвярджаюць: нягледзячы на тое, што Камітэт дзяржбясьпекі вёў сталы нагляд за працай станцыі, часам справаздачы апэратыўнікаў пра небясьпеку або губляліся ўнутры самой спэцслужбы, або занадта пільныя супрацоўнікі атрымлівалі спагнаньне за «дэзынфармаваньне партыі».
«Узмацніць контравыведку»
Праз чатыры месяцы пасьля катастрофы ў 1986 годзе старшыня КДБ СССР Віктар Чэбрыкаў выдае загад, зь якога вынікае, што адной з галоўных прычын аварыі стала недастатковая праца агентурнай выведкі на атамных станцыях.
Каб выправіць становішча, прапаноўвалася ўвесьці на ўсіх атамных станцыях адмысловую пасаду для куратара ад КДБ — намесьніка дырэктара па рэжыму.
Апроч таго, загадвалася вэрбаваць «высокакваліфікаваных спэцыялістаў і навукоўцаў, здольных ня толькі своечасова выкрываць і кампэтэнтна ацэньваць парушэньні, але і ўносіць абгрунтаваныя прапановы па іх ліквідацыі і недапушчэньні перарастаньня іх у надзвычайныя здарэньні».
Асобна зьвярталася ўвага на «актывізацыю дзейнасьці варожых элемэнтаў зь ліку савецкіх грамадзян па зьбіраньні і перадачы замежнікам інфармацыі нэгатыўнага характару» аб прычынах, маштабах і наступствах чарнобыльскай аварыі.
Хоць у той час ужо быў зацьверджаны пералік засакрэчаных зьвестак, у тым ліку аб сапраўдных прычынах аварыі, маштабах разбурэньняў, радыяцыйнай забруджанасьці і захворвальнасьці людзей у выніку апраменьваньня.
Недасканалыя тэхналёгіі і арганізацыя працы
Тым часам агентура ўкраінскага КДБ перадала дэталёвы аналіз аварыі, падрыхтаваны ў Францыі:
— Чарнобыль прадэманстраваў няздатнасьць тэхналёгіі, якая выкарыстоўваецца ў СССР, і асабліва арганізацыю эксплюатацыі АЭС, пры якой не бярэцца да ўвагі чалавечы фактар. Адсутнасьць інжынэра-адмыслоўца па бясьпецы, патройнае парушэньне інструкцыі па эксплюатацыі брыгадай апэратараў, магчымасьць «гуляцца» зь бясьпекай рэактара наглядна паказваюць нізкую якасьць эксплюатацыі і недастатковую падрыхтаванасьць апэратараў.
Але хоць агент «Гарсія», па сутнасьці, пацьвердзіў, што заходнія экспэрты пагадзіліся з вызначэньнем «чалавечага фактару» як галоўнай прычыны аварыі, усё ж ён дадаў, што сярод іншых прычын адзначаюцца няўстойлівы рэактар, недастатковая сыстэма аховы і адсутнасьць ахоўнага каўпака ў рэактары.
Маючы шчыльную сетку агентуры КДБ, кіраўніцтва Савецкага Саюзу дакладна ведала рэальную сытуацыю на Чарнобыльскай АЭС ад пачатку яе будаўніцтва, да катастрофы і пасьля яе.
Але відаць, што высілкі скіроўваліся не на ліквідацыю парушэньняў і вырашэньне праблемаў, а на іх засакрэчваньне.
Читайте еще
Избранное