«Цэнтрвыбаркам і Міністэрства аховы здароўя могуць памяняцца месцамі, ніхто не заўважыць»
Гісторыя з каранавірусам разьвеяла ілюзію, што ў XXI стагоддзі, у эпоху гаджэтаў і сацыяльных сетак, «нічога нельга схаваць», лічыць Віталь Цыганкоў.
Фота Reuters
– Гісторыя з каранавірусам разьвеяла адну ілюзію – што ў XXI стагоддзі, у эпоху гаджэтаў і сацыяльных сетак, «нічога нельга схаваць», – напісаў Віталь Цыганкоў. – Аказваецца, што аўтарытарная дзяржава – ня толькі на выбарах, але нават у выпадку са здароўем людзей, пытаньнем настолькі жыццьцёва важным, што, здаецца, вось тут якраз і немагчыма схлусіць – можа пабудаваць сваю паралельную рэальнасьць, і настойваць, што гэта рэальнасьць сапраўдная. У наш век, сапраўды, цяжка схаваць нейкі адзінкавы факт, але можна наўмысна скажаць агульную карціну – і рабіць гэта так, што ніхто нічога ня можа даказаць. Пакуль ня зьменіцца ўлада.
Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) пастанавіла, што калі ў чалавека быў Кавід – ня важна, ад чаго ён памёр, ён трапляе ў статыстыку ад Кавіда. Бо карона ўзмацняе ўсе хваробы, і прыводзіць да сьмерці тых людзей, якія са сваімі хранічнымі хваробамі маглі б яшчэ жыць.
У Беларусі ж гэтыя інструкцыі САЗ проста ігнаруюць. У кожнай менскай бальніцы за месяц дзясяткі памерлых, якім пішуць першы дыягназ нейкі іншы, і толькі другі – Кавід. Адпаведна, яны ў статыстыку ад Кавіду не трапляюць, адсюль такая беларуская статыстычная анамалія. Рэальная лічба памерлых паводле мэтодыкі САЗ (якой карыстаюцца ва ўсім сьвеце) была б блізкая да шведскай, 2-3 тысячы, а не 160.
І як гэта доказна абвергнуць? Дапусьцім, нейкі доктар заявіць, што ў ягонай бальніцы памерла 50 чалавек за месяц, усе з Кавідам. Па-першае, яго пакараюць за ўрачэбную таямніцу ці яшчэ за нейкае парушэньне, а па-другое, Мінздароўя проста ніяк не адрэагуе. Яны ж даўно ўжо не даюць ні брыфінгаў, ні прэс-канфэрэнцыяў. І працягнуць маляваць «сваю» статыстыку, кожны дзень па 3-6 памерлых (маглі б, дарэчы, і наперад даваць, адразу за тыдзень).
Яны ж ніяк не адрэагавалі на расследваньне Радыё Свабода, што ў Беларусі непрапарцыйна шмат памерлых ад Кавіда дактароў. Маўляў, ну памерла 11 дактароў, агульнай лічбе (160) гэта не пярэчыць. Ці той выпадак, пра які ўжо пісалі: раённая бальніца некалькі тыдняў давала аб’ектыўную інфу ў мясцовую раённую газэту наконт колькасьці хворых, але потым абласны камітэт аховы здароўя папросту забараніў даваць усялякія лічбы.
І калі ў эпоху гаджэтаў і сацыяльных сетак можна намаляваць пераможцу на «выбарах» 80 працэнтаў, то чаму б не маляваць 3-5 сьмерцяў штодня ад кароны. ЦВК і Міністэрства аховы здароўя спакойна могуць памяняцца месцамі, ніхто не заўважыць.
Медыкі расказалі, як вядзецца статыстыка смерцяў ад каранавіруса ў іншых краінах
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное