«Цмокі-Мінск» саступілі «Хімкам»

Мінскія баскетбалісты прайгралі на апошніх секундах.

У суботу, 26 лістапада, «Цмокі-Мінск» правялі матч чэмпіянату Адзінай Лігі ВТБ. У госці на Мінск-Арэну прыехалі падмаскоўныя «Хімкі».

Нягледзячы на тое, што «Цмокі» саступілі ў першай чвэрці, не было адчування, што каманда Ігара Грышчука сур'ёзна адстае па ўзроўні ад свайго суперніка. Трэнерскі штаб праводзіў актыўную ратацыю і шукаў ключы да абароны «Хімак». Не адразу, але «Цмокі» наладзілі камандныя ўзаемадзеянні ў атацы і да канца першай чвэрці падцягнуліся да гасцей – 18:26.

А ў другой чвэрці «Цмокі» літаральна за хвіліну скарацілі адставанне да мінімальнага і прымусілі трэнера «Хімак» Душку Іванавіча ўзяць тайм-аўт.

Госці, якія з’яўляюцца аднымі з лепшых у Адзінай Лізе ВТБ па трохачковых кідках, і ў гэты раз пацвердзілі свой статус снайпераў, закінуўшы запар 5 далёкіх мячоў. Да вялікага перапынку «Цмокі» падыходзілі з адставаннем у 7 ачкоў.

Дагнаць суперніка ў трэцяй чвэрці не атрымалася. У «Хімак» зноў «паляцела» з перыметра, дзякуючы чаму каманда з Падмаскоўя выйшла наперад на 14 ачкоў.

«Цмокі» задзейнічалі ў нападзе Мешчаракова і Лашкевіча, актыўна рухалі мяч, але да канца чвэрці саступалі «-13». У канцы 10-хвілінкі на пляцоўцы з’явіўся Яўген Белянкоў. Такім чынам, ужо за 3 чвэрці трэнерскі штаб скарыстаў усіх гульцоў, якія былі ў ратацыі.

Але калі ў першыя 30 хвілін «Хімкі» закідвалі шмат, то ў апошняй чвэрці «Цмокі» істотна дадалі ў абароне. Апроч таго, выдатна праявіў сябе Павел Ульянка, здзейсніўшы некалькі ключавых падбораў і перахоп. Менавіта дзякуючы гэтаму рэзультат гульні вырашаўся літаральна на апошніх секундах.

Джасцін Грэй закінуў трохачковы і практычна зраўняў лік – 73:74. Аднак потым «Хімкі» захавалі перавагу і здабылі перамогу.

Цмокі-Мінск – Хімкі – 73:77 (18-26, 21-20, 13-19, 21-12)

Цмокі-Мінск: Джойс (11 + 7 перадач + 5 падбораў), Кудраўцаў (10), Мілошавіч (6 + 5 падбораў), Кіселюс (6 + 6 перадач), Гагіч (2); Грэй (20), Ульянка (8), Мешчаракоў (5), Лашкевіч (3), Семянюк (2), Белянкоў, Трасцінецкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)