Царскае сяло Дразды
Чыноўнікі і бізнэсоўцы пабудавалі сабе Еўропу ў асобна ўзятым квартале.
Побач з рэзідэнцыяй «Дразды» Аляксандра Лукашэнкі, на беразе Свіслачы на паўночным захадзе Мінска, за апошнія 10 гадоў вырас утульны катэджавы пасёлак. На некалькіх квадратных кіламетрах тут можна сустрэць цяперашняга і былых прэм’ераў, старшынь палатаў, міністраў, бізнэсмэнаў, хакеістаў ды іншых няпростых беларусаў.
Гісторыя гэтага клубнага пасёлка пачалася ў сярэдзіне 2000-х, калі многім чыноўнікам надышла прапанова пабудаваць на выгадных умовах катэдж непадалёку ад рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Кошт будаўніцтва быў параўнальна невысокім, да таго ж, можна было ўзяць крэдыт. Інфляцыя, дзве дэвальвацыі — усё гэта зменшыла фактычную канчатковую цану.
Як стаць мільянерам
У Расіі вядомасць атрымаў дачны кааператыў «Возера». Ён быў створаны ў 1996 годзе з удзелам Уладзіміра Пуціна, тады чыноўніка ў пецярбургскай мэрыі. З цягам часу ён стаў кіраўніком дзяржавы, а ягоныя «азёрныя» кампаньёны — міністрамі ці бізнэсоўцамі-мільярдэрамі.
Генадзь Навіцкі нядоўга пабыў прэм’ер-міністрам, але паспеў пабудаваць катэдж
Беларусы з Драздоў да мільярдэраў яшчэ не дараслі, але даляравымі мільянерамі іх робяць самі гэтыя дамы.
Катэджы на гэтых вуліцах прадаюцца ад $ 1,5 мільёна з голымі сценамі да $ 2,5 мільёна з поўным аздабленнем. Столькі каштуе шанец стаць суседам Уладзіміра Канаплёва ці Юрыя Чыжа.
Нават пры змене ўлады ці ў выпадку раптоўнай адстаўкі жыхары Драздоў змогуць забяспечыць не толькі сваіх дзяцей, але і ўнукаў, і праўнукаў, проста прадаўшы дом. Не дзіва, што нават адстаўнікі накшталт былога міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава ці былога кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Урала Латыпава не спяшаюцца збываць элітную нерухомасць, хоць даўно перабраліся ў Маскву.
Дом Віктара Шэймана закрыты да дарогі высокім плотам. Падысці можна толькі з боку суседзяў
Месца для выбраных
Уся тэрыторыя Драздоў ужо забудавана, больш разрастацца няма куды. У іх пад 150 катэджаў.
Залатыя кварталы пачынаюцца адразу за Святапакроўскай царквой на праспекце Пераможцаў. У яе гонар галоўная вуліца Драздоў называецца Пакроўскай. Яшчэ нядаўна на картах яна была падпісана як Срэбнае кальцо. Суседнія завулкі маюць адпаведныя назвы — Агатавы, Ізумрудны, Залаты… У дадатак да апошняга ёсць яшчэ і Залатая вуліца.
“Скрозь церніі да зорак” – напісана па-лацінску на катэджы расейцаў Груздзевых
«Месца для выбраных» — так называюць гэты раён у буклетах рыэлтараў.
Наўпрост пасярод вуліцы тут можа стаяць міліцэйскі пост, а на скрыжаваннях адвольна раскіданыя дарожныя знакі «Уезд забаронены», якія не дазваляюць заязджаць сюды нікому, апроч гаспадароў. Выпадковых людзей тут не чакаюць.
Розныя ўзроўні сакрэтнасці?
Інфармацыя пра тое, хто жыве на завулках Агатавым і Ізумрудным, а таксама вуліцы Рачной, ёсць, як аказалася, у адкрытым доступе.
Жыхары суседніх Азёрнага і Пакроўскага завулкаў знаходзяцца — выпадкова ці не — на іншым узроўні сакрэтнасці. Звестак пра тое, каму належыць той ці іншы катэдж у тых завулках, няма. Але вядома, што акурат там месціцца дом, напрыклад, былога старшыні палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва, які цяпер узначальвае Федэрацыю гандбола Беларусі. Непадалёку пражываюць і іншыя ўплывовыя людзі — Лідзія Ярмошына, Уладзімір Макей, Наталля Пяткевіч.
Дом Урала Латыпава даўно стаіць без гаспадара
Каб не парушаць таямніцы прыватнага жыцця, мы не называем канкрэтных адрасоў уласнікаў катэджаў.
Зрэшты, мы самі здзівіліся, што інфармацыя пра тое, каму належыць які будынак, ёсць у адкрытым доступе.
Агатавы завулак
Прынцып, па якім размяркоўваліся ўчасткі для забудовы, зразумець складана. Ці чыноўнікі самі выбіралі, каму дзе жыць, ці кідалі жэрабя.
Анатоль Тозік раней быў старшынёй Дзяржкантролю
Напрыклад, у Агатавым завулку з вядомых людзей збудаваўся цяперашні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, а да таго — віцэ-прэм’ер і пасол у Расіі Андрэй Кабякоў. Падчас будаўніцтва Драздоў ён сядзеў акурат ва ўрадавым крэсле.
Ягоны сусед — былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Папкоў. Цяпер ён сядзіць у палаце прадстаўнікоў ужо другі тэрмін.
Пабудаваны ў класічным стылі дом з асобным гаражом належыць бізнэсмэну Віктару Шаўцову, які нядаўна быў амніставаны Аляксандрам Лукашэнкам. «Трастбанк» і «Белзамежбуд», якія кантраляваў Шаўцоў, — гэта шматмільённы бізнэс.
Сціплы дом па суседстве пабудаваў нязменны старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў. Ён пры пасадзе ўжо дванаццаты год — рэдкае доўгажыхарства для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.
Былы старшыня КДБ Леанід Ерын і былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў у сваіх катэджах з’яўляюцца зрэдку. Сілавікі, якія страцілі пасады, цяпер звязалі сваё жыццё з Расіяй.
Доўга не было дома і кіраўніка пагранічных войскаў Аляксандра Паўлоўскага. Апошнія пяць гадоў ён прабыў паслом у Францыі. Пасля прызначэння на гэтую пасаду Паўла Латушкі Паўлоўскі застаўся без працы.
Пятро Пракаповіч жыве насупраць Шэймана
Ізумрудны завулак
Як і Агатавы, гэты завулак тупіковы. Заезд у яго адкрыты з вуліцы Пакроўскай.
Па кожным з бакоў завулка знаходзяцца па пяць катэджаў, дарога міма якіх заканчваецца колам і стаянкай для аўтамабіляў гасцей. Для машын гаспадароў у дамах прадугледжаныя цёплыя гаражы.
Сярод самых уплывовых жыхароў тут прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Катэдж ён будаваў яшчэ ў статусе старшыні Прэзідыума Акадэміі навук. Побач з ім жывуць былы спікер палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў і галоўны мытнік Аляксандр Шпілеўскі.
У гэтым жа тупіку стаяць катэджы банкіркі Надзеі Ермаковай, якой не трэба дзве пары імпартных туфляў, і адстаўнога старшыні Канстытуцыйнага суда і пракурора Рыгора Васілевіча.
Тут жыве і Валерый Мазоўка. Менавіта ягоны трэст «Прамбуд» узводзіў катэджы ў Драздах.
Амбасадар Уладзімір Дражын жыве паміж Беларуссю і Літвой ужо сёмы год. Дом у Драздах ён займеў у якасці віцэ-прэм’ера.
Уладзімір Сямашка застаецца на месцы першага віцэ-прэм’ера ўжо дзясяты год, куды прыйшоў з пасады міністра энергетыкі. Ягоны былы першы намеснік, энергетык Эдуард Таўпянец, жыве непадалёку. У міністры ён так і не прабіўся.
Апошні дом на Ізумрудным належыць Генадзю Курачкіну. Ён быў міністрам архітэктуры і будаўніцтва ў 1999—2006 гадах, пасля чаго Лукашэнка заявіў, што Курачкіна даўно трэба было пасадзіць.
Вуліца Рачная
Ва ўсходняй частцы вуліцы Рачной можна сустрэць людзей трохі з іншых слаёў грамадства.
Тут у пачатку вуліцы знаходзіцца катэдж уладальніка гіпермаркетаў «Карона» і кампаніі «Тытунь-Інвест» грэка Паўла Тапузідзіса. Цяпер ён аблюбаваў узбярэжжа Заслаўскага вадасховішча пад Ратамкай, дзе мае верталётны клуб, а ў драздоўскім доме ідзе рамонт.
Зусім блізка ад яго жывуць уласнік самай вялікай бізнэс-імперыі Беларусі Юрый Чыж і трэнер хакейнага «Юнацтва» Міхаіл Захараў. На днях маладая жонка трэнера выклала ў сацыяльную сетку свае здымкі на фоне дома і шыкоўнага «Бэнтлі». Пасля таго як фота пераставілі многія сайты, Марына Ермаловіч-Захарава палічыла за лепшае зусім выдаліцца з сеткі.
Рыгор Кісель мае і асабняк...
... і асобна пабудаваны гараж
На тэрыторыі ўчастка кіраўніка АНТ Рыгора Кісяля адразу два вялікія збудаванні — сам дом і гараж. Побач з ім жыве адзін з першых паплечнікаў Лукашэнкі, новы кіраўнік справаў прэзідэнта Віктар Шэйман. Цікава, што карэспандэнтаў «НН» аббрахалі сабакі толькі каля яго дома.
Каля Шэймана абаснаваліся даўні віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, новапрызначаны віцэ-прэм’ер (а ў часе пабудовы — кіраўнік Нацыянальнага банка) Пятро Пракаповіч і былы прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.
Вуліца Рачная багатая на прэм’ераў. Свой дом тут мае і Генадзь Навіцкі, які пасля нядоўгага кіравання ўрадам перасеў у бесклапотнае крэсла ў савеце рэспублікі.
І айцец Фёдар
Двое мясцовых сілавікоў, якія адышлі ад справаў, — Генадзь Нявыглас і Урал Латыпаў. Апошні ўжо даўно асеў у Маскве.
Генадзь Невыглас сышоў з пасады кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола пасля таго як трапіў у спісы неўязных у Еўрасаюз
Катэдж пабудаваў і непублічны Мікалай Корбут, які нядаўна саступіў пасаду кіраўніка справаў прэзідэнта Шэйману.
З малазнаёмых людзей варта ўзгадаць сям’ю расійскага мільярдэра Уладзіміра Груздзева. Ён з’яўляецца акцыянерам расійскай сеткі крамаў «Сёмы кантынент», а раней кантраляваў буйны пакет акцый крамаў «Прастор», пасля прададзены Юрыю Чыжу. Цяпер Груздзеў з’яўляецца губернатарам Тульскай вобласці. Домам валодае ягоная маці Нэлі.
Велічны катэдж Юрыя Чыжа
А катэдж айца Фёдара Поўнага — настаяцеля Усіхсвяцкага прыхода і апекуна мінскага Дома міласэрнасці — складана пераблытаць з суседнімі. Фасад ягонага дома ўпрыгожвае круглая ікона.
У гэтым доме жыве Міхаіл Захараў з маладой жонкай
Марына Зарахава-Ермаловіч пазіруе на фоне дома і "Бэнтлі".
Фасад дома айца Фёдара Поўнага упрыгожвае сціплы лік святога. Дарэчы, камуналка за такі дом узімку складае каля 1,1 мільёна рублёў
Еўропа па-савецку
У савецкія часы наменклатура атрымлівала без чаргі трохі большыя кватэры. Цяпер гэта вялікія дамы.
У савецкія часы чыноўнікі жылі ўперамежку з дзеячамі культуры і навукі. Цяпер — амаль выключна з бізнэсоўцамі і спартоўцамі.
Калі параўнаць з ладам жыцця топ-чыноўнікаў і бізнэсоўцаў Расіі ці Украіны, беларускія чыноўнікі і гаспадарнікі жывуць нашмат сціплей. І памеры дамоў меншыя, і не афішуюць яны сваёй заможнасці. Таго патрабуюць нормы этыкі, якія не раз публічна агучваў Лукашэнка: «не выстаўляць багацця напаказ». Але ж дамы ў Драздах дарагія: з нятанных матэрыялаў, з немалымі па гарадскіх мерках участкамі. І галоўнае — у супердарагім месцы, каля праспекта Пераможцаў.
Але ў параўнанні са Швецыяй, Чэхіяй ці Літвой выглядае такое Царскае сяло дзіўнавата.
Па-першае, там не прынята, каб улада належала нейкай касце, якая нават жыве ў асобных пасёлках. Па-другое, сам працэс адначасовага будаўніцтва чыноўнікамі і бізнэсмэнамі катэджаў у адным пасёлку стаў бы аб’ектам грамадскай увагі.
Пасёлак Дразды можна з поўным правам назваць Царскім сялом. І па багацці, і па спосабе яго стварэння. Фактычна, яго жыхары атрымалі свае дамы ад «цара». Аляксандр Лукашэнка стварыў, зляпіў гэтую эліту, злучыўшы разам чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. І пасяліў побач з сабой.
***
Жыхары трох вуліц, сацыялагічны зрэз (улічаны толькі тыя прозвішчы, што на слыху)
Цывільныя чыноўнікі — 15
Сілавікі — 9
Бізнэсоўцы — 4
Тэлевізійшчык — 1
Спартсмен — 1
Святар — 1
Дзеячаў культуры — 0
***
Трапіць у госці да Юрыя Чыжа ці Паўла Тапузідзіса складана, але можна даведацца, як выглядаюць сціплыя дамы на суседніх вуліцах.
На фота адзін з іх, на Пакроўскім завулку, які выстаўлены на продаж на сайце realt.by за $ 2,5 мільёна, з участкам на 11,75 соткі. Фармальна катэдж двухпавярховы, але ў рэальнасці мае чатыры ўзроўні. Пройдземся па іх.
На цокальным паверсе знаходзіцца зона рэлаксацыі: фітнэс-зала (33,5 м2), камінная зала (37 м2), фінская саўна, пакой для адпачынку, а таксама санвузел, кацельня, дзве кладоўкі, гардэроб і хол на 18,6 м2.
Павел Тапузідзіс цяпер жыве ў Ратамцы
Уздымаемся вышэй. Тут ёсць гасціная (70 м2), якая ўтварае адзіную прастору з кухняй-сталовай (яшчэ 13,6 м2). Свежую прэсу можна пачытаць на тэрасе (29 м2). З хола ёсць уваход і ў вялікі гараж на дзве машыны. Адзін жылы пакой займае 33,1 м2.
Другі паверх заняты спальнямі, іх тры, прычым кожная з уласнай гардэробнай. Паміж імі хол (30 м2) і кабінет (14,7 м2). Нарэшце, ёсць і два санвузлы (агулам — 23,8 м2).
На мансардзе можна знайсці хол (32,6 м2), кладоўку і хатні кінатэатр (23 м2).
Эдуард Таўпянец з пасады намесніка міністра энергетыкі так і не ўзняўся
І пару словаў пра ўнутранае аздабленне. Падлога на першым паверсе і ва ўсіх санвузлах з падагрэвам, лесвіца зробленая з натуральнага дрэва з прыступкамі з нямецкай пліткі. На сценах — бельгійскія і нямецкія шпалеры.
Ці такія ж дамы ў беларускай эліты? Часам нават лепшыя. У апісанай вышэй хатцы, напрыклад, няма басейна. А вось некаторыя высокія чыноўнікі ад такога бонуса не адмаўляюцца.
Белы дом з зялёнымі вокнамі стаіць на водшыбе. Ягоны гаспадар – былы генпракурор Рыгор Васілевіч
***
Не Драздамі адзінымі
Адкуль чыноўнікі пераехалі ў Дразды?
Сям’я Віктара Шэймана раней жыла ў новым доме на вуліцы Азгура, цяпер там гаспадарыць сын Сяргей.
Кіраўнік АНТ Рыгор Кісель раней жыў у Зялёным Лузе.
А Лідзія Ярмошына дагэтуль мае сціплую кватэру на ўскрайку мінскага спальнага раёна Масюкоўшчына.
Сямейства праваслаўных святароў Поўных аблюбавала дом на Старажоўскай з маляўнічым відам на Свіслач. У адной з кватэр жыве протаіерэй Генадзь (брат айца Фёдара), а ў суседняй — Ганна Фёдараўна Поўная.
Цікава, што яшчэ некалькі гадоў таму ў протаіерэя Фёдара Поўнага была яшчэ адна кватэра ў доме на Старажоўцы. Цяпер яе перакупілі іншыя людзі. Новая ўласніца — Ганна Уладзіміраўна Пефціева. Уладзімір Пефціеў, нагадаем, быў уласнікам кампаніі «Белтэхэкспарт» ды іншых сумежных бізнэсаў.
Валерый Мазоўка - галоўны будаўнік "Драздоў"
Аляксандр Шпілеўскі няспынна працуе кіраўніком мытні.
Дамы стаяць шчыльна адзін аднаго. Хто тут жыве? Аляксандр Шпілеўскі (злева), Уладзімір Дражын (у цэнтры), Рыгор Васілевіч (справа)
***
Колькі зарабляе абслуга ў Драздах?
Мінскія агенцтвы занятасці часам вывешваюць аб’явы аб пошуку нянькі ў нейкі з катэджаў ў Драздах. Што ўваходзіць у абавязкі найманага работніка і колькі за гэта плацяць?
Вось адна з аб’яваў: «Сям’я запрашае на працу ў Дразды няньку для дзяўчынкі 7,5 года. Графік працы — панядзелак-субота, працоўны дзень з 11.00 да 19.00. У абавязкі ўваходзіць прыгатаванне ежы для дзіцяці (абед і вячэра) і кармленне, выгул сабак, догляд за дзіцячым гардэробам. Часам трэба дапамагаць домработніцы па гаспадарцы і набываць прадукты разам з кіроўцам».
Выстаўленая аплата складае $ 5 за гадзіну. За месяц такой працы нянька можна зарабіць каля $ 1000.
Як вынікае з аб’явы, у доме працуюць хатняя работніца, кіроўца, нянька і рэпетытар. Гэта стандарт жыцця нават не сярэднестатыстычнага еўрапейца, а самых заможных сем’яў.
У Міхаіла Мясніковіча катэдж вылучаецца акуратнымі аркадамі на фасадзе
Асабняк, пабудаваны ў класічным стылі, належыць бізнэсмэну Віктару Шаўцову
Адстаўнікі-суседзі: Уладзімір Навумаў (злева) і Леанід Ерын (справа)
Андрэй Кабякоў год пажыў у Маскве, але вярнуўся ў Беларусь, а значыцца, і ў Дразды
Читайте еще
Избранное