«Цынізм улады зашкальвае». Рэжысёр парадаў на 3 Ліпеня вяртае ўзнагароды і званні ў знак пратэсту

Вячаслаў Панін — мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады. Таксама ён ажыццяўляў пастаноўку масавых дзяржаўных святаў, напрыклад, парадаў на 3 Ліпеня, адкрыцця Чэмпіяната свету па хакеі ў Мінску.

Вячаслаў Панін, фота з акаўнта ў Фэйсбуку

У сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі Вячаслаў Панін апублікаваў рэзкі ліст. Нагодай для яго стала масавае ганараванне ўрадавымі ўзнагародамі сілавікоў.

«Цынізм улады зашкальвае. Прызнаюся, гэта абразліва для мяне. Я не хачу стаяць у адным шэрагу з людзьмі, якія ўчора знішчалі і калечылі мой народ. Я выходжу з гэтага шэрагу, — піша Панін.

Я раблю крок наперад і станаўлюся ў адзін шэраг з Латушкам і ўсімі купалаўцамі, людзьмі сумленнымі, прынцыповымі і сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.

Я вяртаю ўлады гэтую купку, як іх іранічна называла Фаіна Ранеўская, «пахавальных прыладаў». У кантэксце сённяшняга дня гэтая іронія набывае падвойны злавесны сэнс.

Я вяртаю званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў», медаль Францыска Скарыны і іншыя менш значныя медалі і знакі адрознення. Гэта мой грамадзянскі ўчынак і іначай у дадзеным выпадку я паступіць не магу.

І яшчэ таму, што патрыятызм для мяне не пусты грукат ідэалагічнай бразготкі, а адказнасць і павага да свайго народа.

Я ні ў якім разе не заклікаю пераймаць мой прыклад, але разам з катамі я не магу і не хачу знаходзіцца ў адным шэрагу. Знакі адрознення і дакументы на ўзнагароды я вярну ў Міністэрства культуры ў найбліжэйшы час.

Грамадзянін сваёй краіны Вячаслаў Панін».

Спиваков отказался от ордена, которым его наградил Лукашенко

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(45)