Цыганкоў: «Рыбакі, які засоўваюць ў пятлю Сотнікава «дзеля ягонага ж дабра»

Калумнiст – навошта bad guys шукаюць спосабы апраўданьні для сваіх дзеяньняў.

– Мяне заўсёды ўражвае, навошта «кепскія людзі» (bad guys) шукаюць спосабы апраўданьні для сваіх дзеяньняў, – пiша Вiталь Цыганкоў. – Вось нават нацысты, каб пачаць Другую Сусьветную, для чагосьці прыдумлялі глейвіцкі інцыдэнт, пераапраналі сваіх вайскоўцаў у польскую форму. Калі задумацца – нафіга, хто ў гэта паверыць? Ніхто і не паверыў.

Ну напалі б сабе, проста таму, што «нам хочацца, мы можам».  Не, трэба ж прыдумляць нейкую «прычыну» – для самаперакананьня і самаапраўданьня. 

Гэта як людзі ў чорным 12 жніўня білі і пры гэтым пыталіся ва ўсіх затрыманых у РАУСе, «колькі табе заплацілі?» (Але не пыталіся ў мяне, бо, відаць у журналіста Свабоды гэта можна было і не пытацца – і так ясна, што мне заплацілі).

Я спачатку думаў, што яны прыкалваюцца, але з пятага разу зразумеў, што яны ўсур’ёз, бо, па-першае, так ім сказалі начальнікі, ну а па-другое, гэта такі тып людзей, якім сапраўды ў прынцыпе цяжка паверыць, што нехта можа рызыкаваць сваім камфортам без матэрыяльнай зацікаўленасьці. Ну і каб апраўдаць хаця б перад сабой свае зверскія дзеяньні – трэба ж паверыць, што «тым заплацілі».

У гэтым сэнсе мне цалкам зразумелыя і прымальныя рэзоны людзей, якія «не выпендрываюцца», і калі і робяць нешта кепскае, то абгрунтоўваюць гэта жыцьцёвымі, матэрыяльнымі абставінамі – «мы маленькія людзі, мы нічога не вырашаем, што мы можам зрабіць», «не мы такія – жыцьцё такое», «калі не я, дык гэта зробіць нехта іншы» і прочая «тьма низких истин». 

«Понял он, что уши выше лба не растут, что плетью обуха не перешибешь, и живет себе смирнехонько, весь опутанный пословицами, словно у Христа за пазушкой».  Яны ў пэўным сэнсе шчырыя перад сабой, калі тлумачаць уласныя дзеяньні сваёй нікчэмнасьцю і «абставінамі непераадольнай сілы». (Як герой апавяданьня Быкава «Бедныя людзі», які напісаў данос у КДБ на аспіранта, думаючы, што той напіша першым).

А вось іншая парода людзей сваё падзеньне спрабуюць апраўдаць нейкімі «рэлацівісцкімі» прычынамі. Гэтыя разумеюць, што падтрымліваюць і памнажцаюць зло, але ніколі ў гэтым не прызнаюцца. Маўляў, «няма чорнага і белага», «усе ня так адназначна», «гэта падтрымлівае значная частка грамадзтва», «мы не наіўныя рамантыкі, а рэалісты». 

І заўважце, асабліва шчыруюць перабежчыкі зь іншага боку, якія вельмі часта «большыя камуністы чым Карл Маркс». У адрозьненьні ад абмежаванага амонаўца, ці настаўніцы ў камісіі, якая проста бяспраўная і безвольная істота, – гэтыя спрабуюць інтэлектуальна абгрунтаваць забойствы.

Гэта такія Рыбакі, які засоўваюць ў пятлю Сотнікава «дзеля ягонага ж дабра». Не азаронкі, а менавіта гэтыя выклікаюць у мяне найбольшую агіду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)