Политика

Цыганкоў: «Пуцін з задавальненьнем назірае, як Лукашэнка барахтаецца»

Выступ Пуціна на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме на Радыё Свабода абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі.

Фота Пул№3

Чаму Пуцін заявіў, што Расея ставіцца «нэўтральна» да падзеяў у Беларусі? Што азначае яго іронія наконт «дэмакратычных гумовых куляў»? Як прэзыдэнт Расеі апісаў у сваім выступе інцыдэнт з пасадкай у Менску самалёту Ryanair і арыштам Пратасевіча і Сапегі?

Юры Дракахруст: Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, выступаючы нам Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме, заявіў: «У той жа Беларусі шмат праблемаў унутраных, мы хочам займаць нэўтральную пазыцыю. Гэта справа беларускага народу».

Віталь Цыганкоў: Магчыма, Уладзімір Пуцін адчуў, што занадта мякка абышоўся з Аляксандрам Лукашэнкам падчас апошняй сустрэчы. Гэта актыўна крытыкавалася ня толькі многімі беларусамі, але і расейскімі ўра-патрыётамі.

Яны лічаць, што зараз Лукашэнка ў такой адчайнай сытуацыі, калі ад яго можна дамагчыся большага, а Пуцін гэта не выкарыстоўвае.

Многія ўспрымуць (і я ўжо бачыў такія камэнтары) гэтую рэпліку Пуціна — наконт «нэўтральнай пазыцыі» — як сыгнал таго, што дапамагаць Лукашэнку Масква больш ня будзе. Сыгнал відавочны, але я б не сьпяшаўся з высновамі пра радыкальны паварот Крамля.

Нарэшце гэтую заяву Пуціна пры жаданьні можна інтэрпрэтаваць і як перасьцярогу ад заходняга ўмяшаньня. Пуцін наўмысна гаворыць абстрактна, неканкрэтна, каб заставалася неадназначнасьць.

Расейская прапаганда грунтуецца на адным галоўным тэзісе — «у нас усё кепска, але ва ўсім сьвеце так». То бок не імкнуцца ўзьняцца да лепшага, да дэмакратыі і справядлівасьці, а наадварот, апусьціць усіх астатніх да свайго ўзроўню, даказваць, што «усе аднолькавыя».

Пуціну патрэбны Лукашэнка як тло, на якім расейскі прэзыдэнт выглядае больш-менш рэспэктабэльным палітыкам, які сустракаецца з заходнімі палітыкамі.

Дракахруст: Пуцін у сваім выступе скарыстаўся ўлюбёным прыёмам расейскай прапаганды — маўляў, а хіба на Захадзе лепш? «У эўрапейскіх краінах расстрэльваюць гумовымі кулямі, вочы выбіваюць людзям, гінуць людзі на вуліцы, вадамёты ўжываюць, слёзацечны газ — гэта нармальна?» — задаў рытарычнае пытаньне.

Вельмі дакладнае, дарэчы, апісаньне таго, што адбывалася ў Беларусі летась. Але сказана — «хіба гэта нармальна»? А калі не, то што?

Цыганкоў: Гэта і сапраўды стандартны аргумэнт расейскай прапаганды: мы — лайно, але ж і вы — лайно, давайце будзем лайном. Гэта і «вечны» аргумэнт міністра замежных справаў Беларусі Уладзімера Макея: «Мы пакуль вучымся, мы ідзем да дэмакратыі, проста не так хутка».

Але гэта заўсёды было няпраўда — рэжым у той бок ніколі не ішоў. А з 2019 году ён пачаў актыўна дрэйфаваць у бок паліцэйскай дзяржавы. Пуцін, як былы кдбіст, умее на публіцы хаваць свае эмоцыі, гаварыць тое, што трэба ў дадзенай сытуацыі, хлусіць так, каб ніхто не заўважыў.

Лукашэнка гэтага не ўмее. Па выніку, заява Пуціна — гэта празрысты намёк Лукашэнку: разьбірайся сам, барахтайся сам, я пагляджу на гэта збоку.

Дракахруст: Пуцін таксама распавёў пра гутарку з адным з заходнім лідэрам. Паводле Пуціна той ці тая сказалі яму — дык мы ж дэмакратычная краіна. Пуцін зьвёў гэта да карыкатуры, маўляў, чым дэмакратычная гумавая куля лепш за дыктатарскую.

Але калі б у Беларусі ў парлямэнце засядалі Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, дык напэўна ніякіх пратэстаў і не было б.

На Захадзе да вулічнага, часам гвалтоўнага, пратэсту зьвяртаюцца тыя, хто ня хоча скарыстацца тымі магчымасьцямі выказаць сваё меркаваньне і нават уплываць на палітыку, якія дае тамтэйшае грамадзтва. Але ў Беларусі гэтых магчымасьцяў наагул няма.

Пуцін таксама сказаў наконт Пратасевіча — «Я яго ня ведаю і ведаць не хачу, хай ён робіць, што хоча». Так выглядае, што зараз Пратасевіч робіць тое, што яму загадваюць.

Цыганкоў: Гэта псыхалягічна выгадная для Пуціна пазыцыя — мы тут ні пры чым, хай Лукашэнкам з гэтым разьбіраецца. Хаця гэта спрэчна, з улікам інфармацыі грэцкіх спэцслужбаў, што за Пратасевічам у Грэцыі сачылі. Гэта пытаньне, ці ёсьць у беларускіх спэцслужбаў такія магчымасьці.

Але было спрыяньне расейскіх спэцслужбаў ці не — відавочна, што Пуцін з задавальненьнем назірае, як Лукашэнка барахтаецца. Цікавы, дарэчы, адказ Пуціна на гіпатэтычнае пытаньне вядучага, як бы Расея рабіла, калі б над ёй ляцеў самалёт з асобай, якую Расеі хацелася б атрымаць у свае рукі. Пуцін сказаў — Не адкажу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(19)