Цыганкоў: «Піпл хавае ўладу Пуціна, расейскаму народу нават вайна ва Украіне ўжо пофіг, па вялікім рахунку»
Ці чакаць новых серыяў бунту «Вагнера»?
— Прызнаюся, быў уражаны тым, наколькі завышаныя чаканьні зьявіліся ў нашай беларускай стужцы падчас бунту Прыгожына, — піша Віталь Цыганкоў. — Я быў упэўнены, што ўсё скончыцца даволі хутка — але вядома, ня мог прадбачыць дакладны сцэнар.

Калі стала ясна, што да калонаў Прыгожына не зьбіраюцца далучацца іншыя войскі — бунт быў асуджаны. Мне здавалася, што ўсе скончыцца падчас першага ж сур'ёзнага баявога сутыкненьня арміі «Вагнера» з расейскімі войскамі.
Пасьля гэтага, як я меркаваў, афіцэры з «Вагнера» (там, нагадаю, далёка ня ўсе былыя зэкі, афіцэры — пераважна выхадцы з элітных сілавых структурах) задалі б заканамернае пытаньне «я на гэта не падпісваўся» і альбо склалі б зброю, альбо здалі б уладам самога Прыгожына.
Вось неяк не ўяўлялася, што калоны «Вагнера» без супраціву заходзяць у Маскву і захопліваюць Крэмль — дзе поўна розных спецназаў, КДБ, ГРУ, МУС, АМАП і гэтак далей. З чаго б раптам ім пераходзіць на бок бунтаўшчыкоў — каб што?
На практыцы аказалася, што бунт зьліўся яшчэ раней, на стадыі ўгавораў і маральнага прасьвятленьня ягонага завадатара).
І, дарэчы, ніякіх другіх серыяў не будзе — забудзьце ўсе гэтыя прыгожыя, але бессэнсоўныя метафары пра антракт.
Больш неабходным мне падаецца абмеркаваць распаўсюджаныя выказваньні на тэму, што бунт паказаў слабасьць рэжыму Пуціна, і, маўляў, стаў пачаткам яго канца.
Што, апяць?))).
Ну сапраўды, мне так не падаецца.
Пра тое, што Пуцін страціў усялякі аўтарытэт, у вачах народу альбо сілавікоў альбо кіроўных элітаў, мы чуем у розных варыяцыях апошнія гадоў 20. Фактычна пры кожнай больш-менш заўважнай падзеі.
Шмат казалі, што калі праваліцца бліц-крыг, не захопіць Пуцін Кіеў — гэта будзе такім ударам, ад якога ягоны аўтарытэт альфа-самца не аправіцца. Вось здасьць Расея Херсон — і расейскі народ яму гэтага не даруе.
А яшчэ раней, нават успамінаць ня хочацца, колькі разоў заяўлялася, што вось цяпер-та Пуцін — ніхто. І пасьля раследваньняў Навальнага, пасьля ракіровачкі з Мядзьведзевым, пасьля ўвядзеньня санкцыяў, а яшчэ раней — пасьля чачэнскай вайны ці пасьля разгрому НТВ («ніхто ніколі не выйграваў вайну супраць незалежнай прэсы» і да таго падобныя благоглупости).
Праблема ў тым, што людзі, якія кажуць, што Пуцін страціў усялякі аўтарытэт, сыходзяць са свайго разуменьня паняткаў «аўтарытэт», «гонар», «павага», «легітымнасьць». Пуцін думае па-іншаму. Ды і большасьць расейцаў таксама.
Большасьць расейскага народу даўно максімальна адасобілася ад усяго, што можна назваць «палітыкай». Піпл хавае ўладу Пуціна, расейскаму народу нават вайна ва Ўкраіне ўжо пофіг, па вялікім рахунку. Хто мог — ужо ўцяклі ад мабілізацыі. Хто застаўся — гатовы паслужыць, авось пранясе, выжыве.
Усе гэтыя раззлаваныя патрыёты Стралкова маюць базу тыя самыя некалькі сотняў тысяч чытачоў тэлеграм-каналу Стралкова, максімум некалькі працэнтаў у атамізіраваным і максімальна не пасіянарным расейскім грамадзтве. Крэмль таму і не рэпрэсуе ўмоўнага Стралкова, бо той нават патрэбны для накіраваньня пратэстнай энэргіі у тэлеграм-каналы.
Для сярэднестатыстычнага расейца ўсё нармальна. Прымальна. Грошы выплачваюць, у крамах усё ёсьць, аўтобусы ходзяць, цягнікі езьдяць. Ну так, запыты да жыцьця мінімальныя, але ж — «не жылі ніколі добра — няма чаго і пачынаць».
Для начальства тым больш усё нармальна — нафта пампуецца, газ прадаецца, просты народ «безмолствует», рэйтынг Пуціна пад 80 працэнтаў, заскок Прыгожына купіраваны, і праз некалькі тыдняў пры правільнай інфармацыйнай палітыцы шырокія масы насельніцтва, якія толькі тэлевізар і спажываюць, усё забудуць.
«Бунт Прыгожына запусьціў непазбежны працэс развалу расейскай дзяржаўнасьці» — ну гэта прыблізна тое самае, што «мы ўжо перамаглі» у нас, у Беларусі. Працэс, на жаль, можа зацягнуцца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное