Цыганкоў: «Не лічу цалкам пераканаўчымі эмацыйныя ацэнкі, што замах на Трампа робіць яго пераможцам выбараў»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра замах на Дональда Трампа.

1Трамп (як бы да яго ні ставіцца) чарговы раз пацьвердзіў некаторыя даўно вядомыя рысы свайго характару – у прыватансьці, toughness і ўменьне хутка рэагаваць на сытуацыю, – піша Цыганкоў. – Зразумеўшы, што ён жывы, і пачуўшы, што ахова загадвае сыходзіць з месца падзеі, ён кажа ім «Чакайце, чакайце», каб на секунду зрабіць свой жэст, зьвярнуцца да прысутных — разумеючы, што гэта жывы эфір, і што гэтыя кадры трапяць і гісторыю. «Палітычная жывёла»

І калі я ўжо бачу каменты, што гэта паводзіны псіхапата — то я і не буду спрачацца, ня маю адпаведнай медычнай адукацыі. Скажу толькі, што доктар Шчыгельскі сярод іншага, разьвівае (на прыкладзе не Трампа, але іншага палітыка) сваю старую думку, што псіхапатыя зьяўляецца перавагай у палітычнай барацьбе.

Безумоўна, ужо зьявіліся людзі (божа, як жа іх шмат), якія заяўляюць, што гэта ўсё пастаноўка і спектакль. Пасьля таго, што мы ведаем і бачылі, можна сьмела казаць, што гэта «альтэрнатыўна адораныя людзі», у перакладзе на чалавечую мову — ідыёты.

Уяўляю сабе падрыхтоўку: «Дональд, мы ў жывым эфіры зробім фэйкавы замах, каб павялічыць твае шанцы. Табе трапяць у вуха, але на трапяць у галаву. — Цудоўная ідэя, я згодны! А ў правае вуха ці левае? — Правае. — Выдатна, правае не шкада! Але ж вы, мая ахова, дзяржаўная служба бясьпекі, вы ж кантралюецеся ўрадам ЗША, Дэмакратамі. — Мы ўжо з усімі дамовілся, Байдэн у курсе, усе пра пастаноўку ўжо ведаюць. — А ну тады добра. Давайце, страляйце»

2. Публічная рэакцыя Дэмакрататычных палітыкаў максімальна адэватная і нармальная. Усе яны — ад памяркоўных да самых радыкальных — публічна выступілі супраць палітычнага гвалту, і нават заяўляюць, што градус палітычнага процістаяньне трэба зьніжаць. (я фіксую, я не ацэньваю, наколькі гэта шчыра).

Я думаю, усе яны зараз павінны маліцца, каб у стралка не знайшлі ніякіх сувязяў з нейкімі левымі арганізацыямі, хоць у нечым ідэйна блізкімі да Дэмакратаў.

Зараз будзе шмат фэйкаў на гэты конт (напрыклад, ужо даказана, што відэа ад імя стралка з нянавісьцю да рэспубліканцаў — гэта фейк), таму тут пакуль не буду нічога казаць.

І, прызнаюся, мне ня хочацца верыць у самую горшую версію — што няўдалае забойства Трампа было арганізаванае ягонымі структурнымі палітычнымі апанентамі.

3. У момант стрэлу Трамп аблакаціўся на кафэдру і трохі павярнуў галаву — магчымы, проста таму куля і трапіла ў вуха, а не ў скронь. Як тут не паразважаць пра містыку і лёс.

4. Страшна падумаць, што было б, калі б Трампа забілі. Вэрсія пра грамадзянскую вайну ўжо становіцца не толькі кіношнай.

5. Адно з найбольш магчымых палітычных наступстваў гэтага замаху — будзе нарошчвацца ціск на Байдэна з патрабаваньняў зьняцца і саступіць дарогу іншым.

6. У такой сітуацыі «пасадзіць» Трампа (нагадаю, што яго прызналі вінаватым, і чакаецца рашэньне суду, які павінен вызначыць меру ягонага пакараньня — ці штраф, ці рэальная пасадка за краты) ужо не ўяўляецца магчымым.

7. Я абсалютна не лічу цалкам пераканаўчымі тыя эмацыйныя ацэнкі, што замах на Трампа робіць яго аўтаматычна пераможцам выбараў. З чаго бы? Сёньняшняя Каліфорнія ці Нью-Ёрк ні пры якіх абставінах не прагаласуе за Трампа і рэспубліканцаў увогуле.

Умоўная Юта, сярэдзіна Амэрыкі, працэнтаў 80 яе тэрыторыі, калі паглядзець на мапу выбараў — гэта «чырвоныя» (Рэспубліканскія) штаты, якія (сёньня) ні за што не прагаласуюць за Дэмакрата. Вынік выбараў вырашаецца ў 8-10 swing states — штатах, якія хістаюцца.

Чаму замах на Трампа павінен іх хіснуць да гэтага кандыдата? Гэта адназначна магло б адбыцца толькі ў выпадку, калі б стралок быў неяк зьвязаны з Дэмакратамі ці крайне левымі арганізацыямі. Але стралок мёртвы, і ў судзе ці падчас інтэрвію нічога не раскажа. Ягоныя матывы хутчэй застануцца таямніцай.

Таму — паўтаруся — з чаго бы палітычна не вызначаныя людзі раптам усе пачнуць галасаваць за Трампа пасьля замаху на яго? Не даказана. Да выбараў 5 месяцаў, эмацыйная рэакцыя на замах зьнікне да таго часу.

8. Каб трошкі зьняць напружаньне, дам відэа, як прэзыдэнт Рональд Рэйган падчас свайго выступу праз нейкі час пасьля замаху на яго адрэагаваў на гук, падобны на стрэл. Ён сказаў — missed me (не трапілі ў мяне) .