Цыганкоў: «Мінск падняў стаўкі, ён хоча пэўнага палітычнага прызнання»

Як будзе развівацца далей канфлікт паміж Беларуссю і Літвой і ці заўважная ў ім рука Масквы, разважае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

На пасяджэнні Савбеза, якое склікаў сёння Лукашэнка, абмяркоўвалася ў тым ліку абвастрэнне стасункаў Мінска і Літвы. Правіцель у чарговы раз спрабаваў давесці меседж, што «шарыкі» (метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі — С.) ніякай праблемы не ўяўляюць, але літоўскі бок яе «палітызуе» і раздзімае.

— Мне здаецца, гісторыя з Літвой унікальная ў тым сэнсе, што ў руска- і літоўскамоўных сацыяльных сетках, каментарах да пубілкацый бачна, наколькі гэта выклікае ў людзей непаразуменне і крытыку менавіта дзеяннямі афіцыйнай Вільні, — каментуе бягучы стан адносін Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

— У адрозненне ад міграцыйнага крызісу, дзе ўсе зразумелі, што гэта правакацыі, гібрыдная вайна з боку Лукашэнкі, і былі салідарныя з пазіцыяй Польшчы (хоць яе было цяжка вытрымаць пад ціскам так званых гуманных меркаванняў, маўляў, упусціце вы ўжо няшчасных уцекачоў), тут сітуацыя незвычайная. Мне здаецца, няма вялікай падтрымкі цяперашняй дзіўнай пазіцыі літоўскага боку.

Гэта не значыць, што калі ты не падтрымліваеш пазіцыю Літвы, то павінен падтрымліваць пазіцыю афіцыйнага Мінску. Проста трэба халодна аналізаваць тое, што ёсць.

Як я разумею, няма такога, што гэтыя балоны, шары з кантрабандай сталі лятаць больш, чым раней. Кантрабанда — з’ява, якая ўсё жыццё была на беларуска-літоўскай мяжы. Яе заўважалі, крытыкавалі, але не падымалі сапраўды радыкальнай праблемы.

Што да самалётаў, на думку Віталя Цыганкова, «калі ведаць, што там проста цыгарэты і дапусціць, што нічога больш там няма», то варта рэальна ацаніць сітуацыю і даведацца ў прафесіяналаў, ці балоны з цыгарэтамі ўяўляюць вялікую небяспеку для самалётаў.

— Тым больш, наколькі вядома, на тэрыторыю аэрадрому гэтыя шары не апускаліся, яны былі недзе побач. Таму ў мяне ўзнікаюць пытанні пры аналізе гэтых падзей, нават палітычна-канспіралагічныя тэорыі, што Літва з нейкіх прычын насамрэч ідзе на памежную эскалацыю дастаткова добраахвотна.

Не сцвярджаю, але гэта адна з версій падзей, якія цягнуцца ўжо дастаткова даўно. Скажам, што намеціліся тэндэнцыі ў адносінах афіцыйнага Мінску з Вашынгтонам, з Варшавай, якія не падабаюцца не толькі Літве, але і ў цэлым, калі больш шырока казаць, Бруселю.

Пры тым міграцыйны крызіс зараз фактычна скончыўся, прынамсі з Польшчай, з Літвой таксама стаў меншы, калі не спыніўся. А балоны лятаюць. Аднак яны ляталі і 10, і 20 гадоў, пастаянна — а зараз чамусьці да іх такая ўвага.

Ці можна сказаць, што беларуская ўлада магла цалкам спыніць гэтыя палёты? Мне здаецца, можна. Пры тым узроўні спецслужбаў і памежных органаў, калі б яны ўсе накінуліся на гэтую тэрыторыю і хапалі тых, хто запускае — можна было спыніць, было б жаданне.

Але ў Мінску, здаецца, такога жадання няма. І цяпер бакі нібы ў нейкім клінчы сышліся. Не ведаю, каму ён патрэбны і што ў ім добрага.

Што да версіі, быццам Мінск і асабіста Лукашэнка тут нічога не вырашае, а толькі выконвае загад з Масквы, — палітычны аглядальнік заўважае, што заўсёды знаходзяцца прыхільнікі гэтай тэорыі, схільныя здымаць з Лукашэнкі ўсялякую адказнасць:

— Нібыта Лукашэнка ні пры чым, усё вырашае Масква. А тое, што робіцца ў турмах, што рабілася ў 2020 годзе на вуліцах — таксама загадала Масква? Ці гэта ўнутраныя пытанні, у якіх ён мае суверэнітэт, а на мяжы не мае?

Тады трэба меркаваць, што ёсць нейкая супольная пазіцыя, і думаць, што яна ў дадзеным выпадку можа прынесці Расіі і афіцыйнаму Мінску.

Я бачу, што і Лукашэнка, і прадстаўнікі МЗС запрашаюць Літву сесці за стол перамоў — афіцыйны Мінск хоча, каб адбылося пэўнае яго прызнанне, «тады мы вырашым пытанне».

Літва ў гэтым сэнсе ўпіраецца, паколькі гэта не адпавядае агульнаеўрапейскай палітыцы, рэжым Мінску не прызнаецца за легітымны.

Гэта той самы клінч, пра які я кажу.

Мінск падняў стаўкі, ён хоча нейкага палітычнага прызнання. Тады балончыкі выглядаюць больш як кіраваная ім аперацыя. Але скіраваная яна не на вайну, як Лукашэнка палохае, а на тое, каб Літва яго прызнала. І абодва бакі, думаю, спадзяюцца на нейкую падтрымку з боку Вашынгтона.