Цыганкоў: «Мели, Емеля», гадасьці пра Польшчу – вялікі брат ацэніць»

Палітычны аналітык – пра заявы кiраўнiка Беларусi ў Сочы.

– Заявы Лукашэнкі, нібыта Польшча хоча захапіць Заходнюю Украіну, (і Заходнюю Беларусь, канешне ж) вядома, можна ігнараваць як ягонае звычайнае балабольства, – але трэба зафіксаваць некалькі важных аспектаў, – пiша Вiталь Цыганкоў. – Па-першае, яўнае жаданьне пасварыць Польшчу з Украінай.

На сёньня менавіта Польшча дэманструе найбольшую салідарнасьць і найбольшую дапамогу Украіне. Гэтыя краіны і народы, адкінуўшы усё свае гістарычныя прэтнзіі, маюць зараз бадай, найлепшыя адносіны ў сваёй двухбаковай гісторыі.

Па-другое, традыцыйная паланафобія Лукашэнкі. Яе нельга схаваць, яна прарываецца і ў словах і ў дзеяньнях, нават тады, калі для гэтага няма непасрэдных палітычных прычынаў. А тут яшчэ была магчымасьць падагрэць традыцыйную паланафобію Пуціна і расейскай палітычнай эліты. «Мели, Емеля», гадасьці пра Польшчу – вялікі брат ацэніць.

Па-трэцяе, вобраз «страшнай і агрэсіўнай» Польшчы патрэбны Лукашэнку, каб даказваць Пуціну, што беларускае войска тут зацята ахоўвае заходнія рубяжы Саюзнай дзяржавы перад тварам страшнага ворага, які марыць захапіць Захаоднюю Украіну і Беларусь.

Ну і апошняя – хацелася, каб гэта было толькі версіяй. Заявы пра намеры Польшчы захапіць Заходнюю Украіну могуць служыць нагодай і падставай для ўступленьня беларускага войска ў вайну на тэрыторыі Украіны. Маўляў, мы ідзем вызваляць украінцаў ад магчымага нападу палякаў.

Менавіта па такой схеме Лукашэнка ўжо тлумачыў, чаму напад на Украіну веўся з беларускай тэрыторыі («я вам покажу…»). Многія ў Расеі даўно заяўляць, што трэба перарэзаць каналы паставак заходняй зброі ва Украіну. А стратэгічна зрабіць гэта магчыма толькі адкрыцьцём другога фронту – нападам з Беларусі у кірунку Львова.

Спадзяемся, гэтага ўсё ж не адбудзецца, і на сёньня гэта малаверагодна. Але факт, што ідэалагічную глебу для гэтага яны ўжо падрыхтавалі – «абараніць украінцаў ад палякаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(21)