Цыганкоў: «Маральны ціск, пра які, аднак, нельга сказаць, што ён нічым не скончыцца»

Палітычны аглядальнік — пра эскалацыю на беларуска-польскай мяжы і разлік Варшавы.

Напружанне на беларуска-польскай мяжы ў чарговы раз падвысілася — а таму ўрад Польшчы разглядае магчымасць поўнага закрыцця двух апошніх пунктаў пропуску. Таксама ў чарговы раз, але сёння такі крок выглядае рэалістычным як ніколі.

Зрэшты, робяцца захады і з іншага боку: прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, не разлічваючы на кампраміс з Лукашэнкам, абмяркоўвае сітуацыю ў Кітаі. Магчыма, «жалезная заслона» на мяжы не такая ўжо непазбежная?

— Ёсць добра знаёмы мем з украінска-савецкага мульціка пра ваўка: «Што, апяць?!» — каментуе гэтыя падзеі палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у эфіры Обычного утра. — З улікам усіх абставінаў, мне падаецца, на бягучы момант размовы пра закрыццё мяжы — гэта ўсё ж такі маральны ціск. Пра які, аднак, нельга сказаць, што ён нічым не скончыцца — хай не банальныя 50/50, але дзесьці 30-40 адсоткаў, што гэта можа адбыцца. Але большыя 60 адсоткаў я аддаю на тое, што гэта ўсё ж палітычны і маральны ціск.

Віталь Цыганкоў

Агульная абстановачка, безумоўна, неспрыяльная — але я б згадаў яшчэ адзін факт: некалькі тыдняў таму польскія афіцыйныя асобы казалі, што, наадварот, могуць адкрыць яшчэ адзін пункт на мяжы, паколькі разумелі, што насельніцтву гэта трэба. Размова ішла пра Баброўнікі, але ж потым здарылася смерць польскага памежніка ад рук мігранта, і гэтыя размовы, зразумела, былі згорнутыя.

Наогул, канстатуе Віталь Цыганкоў, больш ліберальная кааліцыя, якая змяніла кансерватыўную партыю ў польскай уладзе, у дачыненні да беларусаў дзейнічае нічога сабе не ліберальна: так, адмянілі візы PBH (Poland Business Harbour), у прынцыпе зменшылі колькасць віз для беларусаў, пачаліся размовы пра «шпіёнаў» пад выглядам беларускіх IT-шнікаў, а таксама зрэзалі фінансавую падтрымку тэлеканала «Белсат».

— Вось цяпер кушайце, калі ласка, усе тыя, хто за іх галасаваў, заўзеў і чакаў, калі нарэшце «страшных, нехарошых» кансерватараў зменяць, — зазначае палітычны аглядальнік. — Але, калі вярнуцца менавіта да памежнай тэмы — безумоўна, пасля смерці польскага памежніка ад рук мігранта палітыкі вымушаныя рэагаваць, і яны гэта робяць.

У мінулы раз, прыгадаем, вострая сітуацыя была звязаная з «вагнераўцамі» ў Беларусі, — тады збіраліся міністры ўнутраных спраў усіх трох памежных з Беларуссю краін і, на мой погляд, былі сапраўды гатовыя да прыняцця рашэння пра поўнае закрыццё. Застаецца загадкай, ці гэта абставіны вымусілі Лукашэнку хутка рэагаваць і дзейнічаць так, што ПВК Вагнера з Беларусі з’ехаў, растварыўся, ці менавіта пагрозы заходніх суседзяў.

У прынцыпе, ён <Лукашэнка> увесь час, асабліва з Польшчай, так гуляецца: то нейкае нагнятанне, то, калі бачыць, што занадта ўзмацніў напружанне, пачынае нешта спускаць на тармазах. І магчыма, Варшава цяперашнімі рэзкімі заявамі спадзяецца на такі ж самы эфект: што Лукашэнка адумаецца і правядзе нейкія крокі па дээскалацыі.