Беседка

Анастасія Зелянкова, фото с сайта baj.by

Цыганкоў: «Лукашэнка мне кажа: «Віталь, ну чаго вось вы так рэзка пра мяне?»

«Спадзяюся, мы не пра сэкс будзем гаварыць?» Такімі словамі вядомы палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў адрэагаваў на прапанову зрабіць з ім інтэрв’ю з нагоды 50-годдзя. Карэспандэнт «Салідарнасці» Анастасія Зелянкова запэўніла: не будзем. Ці атрымалася, чытайце далей.

Віталь Цыганкоў. Фота: Глеб Лабадзенка, baj.by

— Я нічога пра сэкс не ведаю, я 27 гадоў жанаты, — з непрыхаванай іроніяй кажа Цыганкоў, хаця я нават яшчэ і не пыталася.

І дадаў:

— Харошы загаловак быў бы такі: «Віталь Цыганкоў пра наменклатурнае дзяцінства, заробкі ў 90-я, Лукашэнку і фемінізм». Хаця слоў сэкс і Пазьняк не хапае.

— Я абяцала не кранаць эратычную тэму, таму загаловак будзе такі: «Віталь Цыганкоў катэгарычна адмовіўся гаварыць пра сэкс і Пазьняка».

— Таксама праўда (смяецца).

— Калі вы загаловак прыдумалі, то, можа, і тэкст нашага інтэрв’ю ўжо накідалі?

— Не. Я проста падумаў, пра што б цікавае я мог сапраўды расказаць.

— Ну што ж, значыць, прыйдзецца папрацаваць.

«Бацька называў Брэжнева «сіські-масіські»

— Дык што там з вашым наменклатурным дзяцінствам? Як увогуле сын намесніка міністра вырашыў стаць журналістам?

— У мяне неяк з дзяцінства было крытычнае стаўленне да рэчаіснасці і незалежніцкі характар. Бацька мой хоць і быў наменклатурным работнікам, але мог свабодна і з гумарам гаварыць пра савецкі лад і існую ўладу. Брэжнева, памятаю, ён называў «сіські-масіські» ад таго, як той вымаўляў слова «систематически».

Дарэчы, настаўніца рускай мовы і літаратуры яшчэ ў 6-7 класе сказала маім бацькам, што я буду літаратурным крытыкам, пісьменнікам або журналістам. Яна часта зачытвала мае сачыненні перад класам. Тады, у пачатку 80-х, я мог спакойна напісаць, што твор Горкага «Мать» бяздарны. Аўтар піша непераканаўча, таму што не можа галоўны герой так раптоўна стаць рэвалюцыянерам, бо ніякіх прыкмет і стадыяў такога пераўтварэння ў творы не паказана.

— Дык, можа, вам даравалі такое вольнадумства, таму што бацька быў высокім чыноўнікам?

— Ну слухайце, бацька быў усё ж не першы сакратар ЦК, а толькі намеснік міністра Госснаба, а калі я вучыўся ў школе, ён з’яўляўся старшынёй Маскоўскага райвыканкама сталіцы. Хаця адзін момант я запомніў на ўсё жыццё. Неяк паспрачаўся з настаўнікам, не груба, канешне, я ніколі не хаміў, быў добрым хлопчыкам-выдатнікам, але дазваляў сабе крытычна выказвацца. І вось мяне прывялі да дырэктара, а той кажа: «Ты што думаеш, што можаш так сябе паводзіць, бо ў цябе тата начальнік?» Мяне гэта так збянтэжыла. Я ніколі не задумваўся раней, што факт таго, хто мой тата, неяк павінен уплываць на мае паводзіны.

Старшыня райвыканкама Аляксей Гаўрылавіч Цыганкоў за працай

Ды асабліва і не адчуваў нейкае адрозненне ад іншых дзяцей: гуляў у двары, хадзіў у тыя ж спартыўныя секцыі, у магазіны за хлебам і смятанай, бываў пабітым на вуліцы, летам ездзіў у вёску і ў агульныя піянерскія лагеры.

— Але ўсё ж ваша дзяцінства не было такое, як у звычайных савецкіх дзяцей. Відаць, і машына службовая ў бацькі была?

— Так, белая «Волга». Але я не магу сказаць, што мы жылі неяк асабліва шыкоўна. Ну, ездзілі на «юга» летам, але ў астатнім… Я шмат думаў, чаму ў нашых людзей ёсць настальгія па сацыялізму, і ў тым ліку чаму ў нас Лукашэнка. Бо ў Беларусі сацыялізм быў не такі, як у Маскве ці Сярэдняй Азіі. Ён быў з больш чалавечай пысай. Не было такой дзікай карупцыі, незвычайных прывілеяў. Усе больш сціпла.

З мамай у Сочы, 1976 год

Заробак у бацькі быў 350 рублёў – не думаю, што гэта нейкая фантастычная лічба на той час. Вось мы, напрыклад, з бацькамі жылі спачатку ў аднапакаёвай кватэры ў раёне Бялінскага, а як мне споўнілася чатыры гады, у 1974 годзе наша сям’я з чатырох чалавек пераехала ў трохпакаёўку па вуліцы Сухая. Кватэра была 65 метры, кухня — 5,9 метра, што па сённяшніх мерках зусім сціпла, а тады звычайна. За ўсё маё жыццё да пачатку 90-х мы ні разу не былі за мяжой, хіба маці адзін раз у Балгарыі.

Нават першыя джынсы я купіў сабе сам, з рук, на свае грошы, заробленыя ў будатрадзе. Тыя ж бананы пакаштаваў першы раз недзе гадоў у 16, падчас паездкі ў Маскву, адстаяўшы вялікую чаргу. Ну так, былі «харчовыя заказы», але ж яны былі аднолькавыя як для намесніка міністра, так і для іншых супрацоўнікаў гэтага міністэрства.  Да таго ж сталы заказаў былі ва ўсіх – і ў пісьменнікаў, і на заводах.

— Добра, але ж службовая дача мелася?

— Ведаеце, што яна з сябе уяўляла? Вось такі, як барак, доўгі дом, у якім кожная сям’я мела адзін пакойчык метраў на 8. А з другога боку гэтага пакойчыка некалькі метраў зямлі. Дача была ў Гарадзішчы. Канешне, мы там нічога не саджалі. Пару разоў за жыццё прыехалі – і ўсё на гэтым. На выходныя мы ездзілі не на дачу, а ў паходы ў лес у Крыжоўку – футбол, валейбол, печаная бульба.

Ужо потым, калі я ў дарослым узросце бліжэй пазнаёміўся з беларускамоўным колам, з дзецьмі пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, са здзіўленнем зразумеў, што ў пэўным матэрыяльным сэнсе яны жылі нават лепш за нас, наменклатурную сям’ю. У іх былі і іншыя даходы, і нейкія паездкі за мяжу. Так што з часам мая «сарамлівасць» за тое, што мой тата начальнік, сышла.

З мамай, татам і сястрой Бажэнай у Адэсе, 1979 год

— А ў армію вы трапілі, бо самому захацелася паслужыць для радзімы? Бацька ж, відаць, мог «адмазаць»?

— Я нават не ведаю, ці мог? Ці магчыма гэта было ў той час? Нават пытання не стаяла, каб адкасіць – бо гэта несла вялікія праблемы. Хаця, канешне, і асаблівага жадання служыць не было. Мяне забралі акурат з другога курса журфака, у 1988 годзе. Гэта было апошняе пакаленне студэнтаў, якіх цягнулі ў войска. А праз год выйшаў загад Гарбачова вярнуць усіх студэнтаў з арміі вучыцца, і больш не браць з інстытутаў. У выніку я так і не адслужыў належных 2 гадоў – толькі 15 месяцаў.

Але ж мне дасюль сняцца сны, што мяне зноў забіраюць: кажуць, што ўказ Гарбачова адмяняюць і трэба адслужыць ад пачатку.

— Што, усё было так дрэнна?

— Я служыў у Эстоніі. Хацеў патрапіць у дэсант, бо ўсё жыццё займаўся спортам – каб не ўпустую правесці гэтыя два гады. Але мяне забралі ў роту аховы ў ваенна-паветраныя сілы. У мяне тэарэтычна магла скласціся даволі камфортная служба, але ўсё пайшло кату пад хвост з-за насценгазеты, якую мне як студэнту журфака даручылі падрыхтаваць. А я ўзяў і напісаў, што, аказваецца, мяса салдатам нашай часткі не паложана, што мыцца нам трэба толькі халоднай вадой, бо гарачая дастаецца афіцэрам і стараслужачым, і што ў нашым лесе мы бліжэйшыя два гады не ўбачым жывых жанчын. Такая выйшла вясёлая насценгазета, два дні правісела, салдаты весяліліся.

А потым убачыў палітрук – і мяне выклікалі да камандзіра часткі: «Вось, яшчэ не стаў салдатам, а ўжо напісаў антысавецкую газету...» Потым прыехаў нейкі палкоўнік са спецаддзела: «Ну што, Цыганкоў, ты, напэўна, не хочаш вяртацца ў свой БДУ? Дысідэнцтваваць уздумаў?..»

Салдат Савецкай Арміі Цыганкоў у Тарту. 1988 год

Карацей, пра Мінск можна было забыць. Я апынуўся ў роце аховы, кожны дзень на пост, гэта лічыцца самая цяжкая служба! Дзве гадзіны спіш, дзве гадзіны не спіш, дзве гадзіны дзяжурыш... Такі вось быў мой першы дысідэнцкі акт.

— Гэта быў свядомы акт?

— Не, яны проста не зразумелі майго гумару. Мяне потым спрабавалі неяк вярнуць у Мінск у спартыўную роту. Я ж быў шахматыст, першаразраднік. Прыйшоў запыт, але камандзіры са злосці не адпусцілі.

«Не ўпэўнены, што змог бы стрымаць эмоцыі ў размове з Лукашэнкам»

— Але ж бацькавы сувязі неяк дапамагалі ў жыцці?

— Я нікому не казаў, хто мой тата. І прафесію наўмысна выбраў такую, дзе ад гэтага нічога не залежыць. На журфаку, напрыклад, ніхто не ведаў, што я сын замміністра. Калі я ажаніўся, бацька паспрыяў, каб нам далі маласямейку. Памятаю, мае аднакурснікі дапамагалі нам пераязджаць і запыталіся, як удалося атрымаць месца ў «общаге»? Прыйшлося прызнацца, што тата дапамог. «А кім у цябе тата?» Кажу: «Намеснік міністра Госснаба».— «Не падобны ты да сына намесніка міністра! Асабліва Госснаба».

Я быў звычайны студэнт. Мой сябар Ігар Карней, калі мы нядаўна адзначалі яго дзень народзінаў, падчас застолля кажа, што вось Віталь — адзін з нямногіх мінчан, якія часта прыходзілі да іх у інтэрнат, тусаваліся разам, бо астатнія мінчане грэбавалі. А побач жонка мая сядзіць і скрозь зубы кажа: «Здагадваюся, чаго ты туды хадзіў…» Гэта, канешне, да яе яшчэ было, але ж, так, жыццё ў мяне бурлівае было ў гэтым сэнсе…

— А гэта ўжо на тую тэму, пра якую я абяцала не пытацца… Таму давайце пра заробкі ў 90-я. Хаця што там расказваць, і так вядома, якія капейкі ўсе атрымлівалі.

— Гэта зараз заробкі журналістаў не асабліва высокія, а ў той час было інакш. У газеце «Звязда», дзе я працаваў у пачатку 90-х, заробак быў у два-тры разы вышэйшы за сярэдні беларускі. Але я яго, вядома, лічыў недастатковым і вырашыў выходзіць на нейкія замежныя СМІ.

— І сталі першым беларускім карэспандэнтам, які працаваў на Associated Press.

— Трапіў туды фактычна з вуліцы. Наўпрост пазваніў ім у рэдакцыю, кшталту «Я – Вася Пупкін, хачу на вас працаваць». І яны сказалі: давайце паспрабуем. Спачатку мне плацілі 10 долараў за паведамленне, потым далі стаўку 50 долараў і 20 за нататку. Вялізныя грошы, улічваючы, што сярэдні заробак у краіне быў 30 долараў.

І гэта далёка не адзіная мая праца. Я быў і карэспандэнтам расійскай «Независимой газеты», і на японскую агенцыю «Джы-джы прэс» працаваў. Тады ж, у 1994-м, мяне запрасілі стаць карэспандэнтам Радыё Свабода, дзе я і працую ўжо 25 гадоў. Ну і канешне, легендарная газета «Свабода» з яе поўнай прасторай для творчасці і дзе я стаў, скажам так, прыкметным публіцыстам, за што і атрымаў з рук Васіля Быкава сваю першую журналісцкую прэмію імя Алеся Адамовіча.

У дзень абвяшчэння лаўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча. Алена Лукашэвіч, Галіна Навумчык, Павел Шарамет, Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў (тры апошнія і ёсць лаўрэаты), Васіль Быкаў, Чэслаў Сенюх, Дзмітрый Бугаёў. 4 верасня 1995, Іслач. Здымак з Фэйсбуку Сяргея Навумчыка

Карацей, працаваў адразу на пяці журналісцкіх работах, плюс яшчэ збіраў рэкламу – і неяк на ўсё хапала часу і энергіі. У выніку атрымлівалася, што я журналістыкай зарабляў у 20-30 разоў больш за сярэднебеларускі заробак на той час. Таму я не люблю, калі кажуць пра «ліхія 90-я». Гэта быў час парадаксальных магчымасцяў! Я нават калі ездзіў ў Маскву забіраць свае ганарары ў Associated Press, то закупляў там на Кіеўскім вакзале «Снікерсы» і здаваў іх тут у кіёскі – колькі мог уцягнуць, кілаграмаў 50... І на гэтым адбіваў квіткі і яшчэ нешта зарабляў.

Ужо потым, калі ў 1997-м годзе з’ехаў у Прагу на Радыё Свабода, усе мае іншыя працы спыніліся.

— У 90-я пра журналіста Цыганкова нават Лукашэнка ўзгадваў. Зараз вось не ўзгадвае. Гэта добра ці дрэнна?

— Тут як паглядзець. З аднаго боку лепш, каб не ўзгадваў, бо вядома, чым гэта можа скончыцца. А з другога… Так, я быў першым журналістам, які крытыкаваў Лукашэнку ўжо як прэзідэнта. Памятаю, як у 1994 годзе ў фае Вярхоўнага Савета, выйшаўшы з залы, Лукашэнка заявіў: «Хай на мяне не крыўдзяцца, але ёсць некалькі журналістаў у «Звяздзе»... Я адкрываю газету, чытаю ў канцы артыкула, хто падпісаў – Цыганкоў. І мне становіцца зразумелым, што там будзе напісана».

Зараз не думаю, што ён нешта маё чытае — не настолькі яно важнае для яго. А ў сярэдзіне 90-х я да Лукашэнкі хадзіў на прэс-канферэнцыі — і на агульныя, і ў больш вузкім коле. Памятаю, задаю яму пытанне, а ён: «Віталь, ну чаго вось ты так рэзка, ты мяне ўвесь час абвінавачваеш у агрэсіі, а вось сам…» І пачынае гартаць нейкія свае паперы. Я разумею, што ён гартае нейкую «суправадзілаўку» пра мяне. Канешне, тады ўплывовасць прэсы была большая. Таму, можа, і кепска, што не ўзгадвае зараз.

Святкаванне 25 сакавіка 1998 года ў Празе

— А сёння ўзяць інтэрв’ю ў Лукашэнкі хацелі б? Ці ёсць што спытаць? І ці бачыце ў гэтым сэнс?

— Так, канешне. Як журналісту мне было б цікава. Але я не ўпэўнены, што змог бы застацца бесстароннім. Вельмі ўсё гэта спалучана з асабістым стаўленнем. Вось у размове з Пуціным, відаць, змог бы, а з Лукашэнкам не ўпэўнены.

«Сёння некаторыя феміністкі рэальна змагаюцца з сэксам»

— А калі вы прыйшлі да беларускасці? Наўрад ці ў сям’і мінскага чыноўніка гаварылі па-беларуску?

— Гэта спалучэнне нейкіх аб’ектыўных рэчаў і выпадковасці. Аб’ектыўна – сам подых таго часу і мая актыўная натура, прага да справядлівасці. «Выпадковасць» — тое, што мае сябры-аднакласнікі — хлопец і дзяўчына — сталі беларускамоўнымі, далучыліся да гэтага руху, і ўжо ў армію пісалі мне лісты па-беларуску, а я ім адказваў. Мае армейскія саслужыўцы з Расіі і Каўказа смяяліся: «Віталь, які ты беларус? Вось Паша, Саша,  – яны беларусы, у іх такі выразны акцэнт. А ў цябе ніякага акцэнту». А я сапраўды быў гарадскі хлопчык з сям’і, дзе сачылі за правільным націскам і вымаўленнем, у нас слоўнік Ожагава ляжаў заўсёды на бачным месцы.

Я потым, ужо стаўшы беларускамоўным, вельмі доўга выпраўляў праявы свайго рускага акцэнту ў беларускім маўленні, бо часам у мяне «ў» не вымаўлялася на канцы дзеясловаў («бачыл», «чул»).

А цалкам загаварыў па-беларуску, калі аднойчы мая сяброўка сказала: «Віталь, ты толькі з намі гаворыш па-беларуску, а з усімі астатнімі па-руску». Добра, кажу, буду з заўтрашняга дня з усімі па-беларуску. І з таго часу і гавару.

— А з будучай жонкай як вырашалі «беларускае пытанне»?

— Калі пазнаёміўся з Воляй на дыскатэцы ў доме адпачынку, адразу звярнуўся па-беларуску. Да сустрэчы з ёй у мяне некалькі гадоў не было ніякіх сур’ёзных адносін, месяц – гэта быў максімум, які я сам і ўстанаўліваў. А тут убачыў гэтую дзяўчыну і чамусьці з першай жа секунды падумаў, што гэта можа быць сур’ёзна. Мы патанцавалі, а потым да мяне падыходзіць хлопец, дэсантнік у цельняшцы, і кажа, што яна — яго будучая дзяўчына, што ў яго сур’ёзныя намеры. «Ну-ну, — падумаў я пра сябе, — не на таго нарваўся, паглядзім».  

Там і далей былі «перашкоды» — нумар хатняга тэлефону, які яна мне дала, менавіта ў тыя дні ім замянілі. Але я ўпарта, праз нейкія даведачныя службы знайшоў яе новы нумар. Я ўмею быць настойлівым, калі бачу свой лёс. А мая Волечка – гэта сапраўды мой лёс. І калі мне кажуць «як табе пашанцавала з жонкай», то мне падабаецца адказваць «я гэта заслужыў»).

Што да беларускасці, то Воля на момант нашай сустрэчы была рускамоўнай, але адразу, у дзень знаёмства, сказала, што да беларускай мовы ставіцца вельмі прыязна. Праз 3-5 гадоў без усякага прымусу паступова перайшла на беларускую. Калі мы нарадзілі сына, жонка была ўжо беларускамоўная.

З жонкай Вольгай і сынам Богушам. 2000-ы год

— Але ж менавіта жонцы прыйшлося пайсці за вамі ў моўным пытанні. Гэта я так плаўна пераходжу да тэмы фемінізму. Дык што ў вас там, Віталь, з феміністкамі не склалася?

— Ды гэта хутчэй у іх са мной. Проста ўсе неяк прывыклі, што крытыкаваць феміністак могуць толькі людзі з кансерватыўнымі поглядамі, глыбокія хрысціянскія вернікі. Але ўсё змянілася, зараз феміністкі ўсё часцей не супадаюць з лібераламі. Калі я чую, што ўсе прагрэсіўныя людзі павінны быць феміністамі, для мяне гэта нагадвае савецкі час, калі казалі, што ўсе прагрэсіўныя людзі павінны выступаць за сацыялізм супраць сусветнага капіталізму. Фемінізм – такая ж грамадска-палітычная плынь, як лібералізм, сацыял-дэмакратыя ці кансерватызм, і яе гэтаксама можна і трэба аналізаваць і крытыкаваць. А некаторыя феміністкі часам успрымаюць сябе гэткімі бездакорнымі «носьбітамі абсалютнага дабра». Гэта смешна.

Фемінізм ужо даўно перастаў быць толькі барацьбой за роўнасць правоў. Сёння гэта дакладная маральна-палітычная плыня са сваімі строгімі «сімваламі веры». Калі ты супраць абортаў ці супраць гей-шлюбаў, ці супраць мігрантаў, — ты ўжо не феміністка, калі кажаш пра сваю рэлігійнасць – таксама не пажаданая. Многія сталі антыліберальнымі. Выступаюць супраць свабоды слова, свабоды веры. Памятаеце, як актрыса Эма Уотсан, якая актыўна адстойвае правы жанчын, адзін раз з’явілася на старонках часопіса з глыбокім выразам. Там нават грудзей не было бачна, але на яе адразу накінуліся: як ты смееш, ты толькі прыкідваешся феміністкай, а насамрэч выстаўляеш сваю прыгажосць.

А гэта сапраўды для іх крамола. Сёння некаторыя феміністкі рэальна змагаюцца з сэксам, з сэксуальнасцю. У іх прыгожыя жанчыны – гэта класавыя ворагі. Памятаеце, як пакінулі без працы «грыд-гёрл», дзяўчын, якія махалі сцяжкамі на аўтагонках? Ці вось апранулі беларускія дзяўчаты вышымайкі для фотасесіі – і панеслася: аб’ектывізацыя. Хіба аб’ектывізацыя залежыць ад адзення? Калі жанчына ў зімовай футры, яе таксама нехта можа аб’ектывізаваць і бачыць толькі як сэксуальны аб’ект.

Ну а з іншага боку, я не даляр, каб усім падабацца.

— А вам падабаецца ўздымаць халівар сваімі артыкуламі і пастамі ў Фэйсбуку?

— Абсалютна не. Для мяне ідэальны пост – гэта 400 лайкаў і ніводнага каменту (утрырую, канешне). Мне ўвогуле падабаецца спакойная дыскусія, калі спрачаюцца пра ідэі, а не пра людзей. Я хачу, каб абмяркоўвалі менавіта прынцыпы і паважалі свайго ідэалагічнага апанента. Я калісьці пісаў матэрыял «Мой сябра-лукашыст», і лічу яго нават лепшым за тыя, за якія атрымліваў свае журналісцкія ўзнагароды. У мяне сапраўды ёсць такі сябар, мы з ім часта дыскутуем, і гэта не перашкаджае нашаму сяброўству.

Я ўвогуле заўважыў, што чым больш у людзей узровень логікі, тым больш яны сябе могуць стрымліваць у дыскусіях, няма патрэбы праяўляць эмоцыі. Ды і, дарэчы, логікай можна больш балюча прыбіць апанента.

Карэспандэнт «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў за працай

— 50 гадоў – сур’ёзная дата. Наогул, ці ёсць задаволенасць ад зробленага, ад жыцця ў цэлым?

— Складанае пытанне. Некаторыя кажуць, што вось, ты шмат чаго дасягнуў, а я часам думаю: якія тут дасягненні? Мая шклянка ў 50 гадоў напалову пустая і напалову поўная. Дастаткова задаць пытанне, ці рэалізаваў я ўсе свае здольнасці, каб з’явіўся лёгкі налёт дэпрэсіі. Ёсць рэчы, якія ад мяне не залежаць – напрыклад, палітыка, а ёсць рэчы, дзе я яўна мог зрабіць больш.

У гэтым сэнсе мой юбілей – гэта нейкі «панядзелак», пасля якога я хачу пачаць новае жыццё.

Магу прызнацца, што думаю пра літаратуру. Здаецца, мне ёсць, што сказаць людзям. Раней быў занадта малады, а цяпер самы час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(85)