Политика

Цыганкоў: «Лукашэнка і быў, і застаецца самым галоўным гарантам залежнасьці ад Расеі»

Палітычны аглядальнік — пра ўмову працягу існаваньня рэжыму.

— У гэтыя трагічныя дні хочацца перадаць гарачае прывітаньне тым экспэртам, якія гадамі даказвалі, што Лукашэнка ня здасьць сувэрэнітэт, бо хоча адчуваць сябе кіраўніком незалежнай дзяржавы, бо дбае пра сваё месца ў гісторыі і гэтак далей, — піша Віталь Цыганкоў.

Тым, якія казалі «ды лепш ужо Лукашэнка з ягонай дыктатурай, чым прамаскоўскі дэмакрат. Лукашэнка абароніць сувэрэнітэт, хаця б у сваіх інтарэсах». Частка зь іх, вядома, на заробку, а частка проста карысныя для рэжыму ідыёты.

Мелі рацыю тыя, хто нястомна пераконваў (як, напрыклад, мой калега Сяргей Навумчык), што ў рэальна крытычнай сытуацыі, у выпадку пагрозы сваёй уладзе Лукашэнка выразна расставіць прыярытэты. І тым галоўным, чаму будзе падпарадкавана ўсё астатняе, застанецца захаваньне асабістай улады. Дзеля гэтай мэты ён будзе адкрыта прадаваць незалежнасьць — кавалкамі альбо разам (вядома, лепш кавалкамі, бо так выгадней і можна ў выніку больш атрымаць).

Важна разумець, што тое, да чаго мы прыйшлі зараз, да поўнай вайскова-палітычнай залежнасьці рэжыму Лукашэнкі ад Крамля, — ня вынік жніўня 2020 году, а вынік 27 гадоў разьвіцьця і эвалюцыі гэтай улады.

Не магло здарыцца «па-іншаму», бо ніколі Лукашэнка не імкнуўся па-сапраўднаму «разьвярнуцца на Захад» ці зьвярнуцца да нацыянальных беларускіх каштоўнасьцяў. Бо галоўная ўмова працягу існаваньня гэтага рэжыму нязьменная — рэпрэсіі, антылібэральная, антызаходняя, прасавецкая ідэалёгія, змаганьне зь беларускімі праэўрапейскімі каштоўнасьцямі, дзяржаўная эканоміка, якая патрабуе замежнай падтрымкі.

Лукашэнка і быў, і застаецца самым галоўным гарантам залежнасьці ад Расеі. І Масква гэта цудоўна разумее, нібыта «змагаючыся» зь ім у спакойныя часы («милые бранятся — только тешатся»), але адназначна падтрымлівае яго ў крытычную хвіліну, робячы ўсё, каб ён застаўся пры ўладзе. Бо разумее — прыйдзе час, і ён будзе карысным, ён прадаставіць тэрыторыю кантраляванай ім краіны для ўдару па Украіне, і акажа Маскве любыя іншыя паслугі, якіх ад яго запатрабуюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(37)