Цыганкоў: «Калі ты не бяжыш за сваёй мэтай, а бяжыш за кімсьці, за чужой мэтай – то ніколі гэтага «кагосьці» не дагоніш»

Журналіст нагадвае гiсторыю пра Ахілеса і чарапаху.

– У Такешы Кітана ёсьць даволі незвычайны для яго фільм «Ахілес і чарапаха», – пiша Віталь Цыганкоў. – Незвычайны – бо часьцей ён здымаў стыльныя баявікі пра японскую мафію, а тут ўдарыўся ў філасофію і мастацтва.

Мяркую, што не ўсе могуць ведаць, таму распавяду. «Ахілес і чарапаха» – гэта такая старажытнагрэцкая апорыя (парадаксальная развага) пра тое, што самы хуткі чалавек ніколі не дагоніць чарапаху. Бо, напрыклад, калі Ахілес прабяжыць сто метраў – яна прапаўзе адзін метр, калі ён прабяжыць гэты метр – яна 10 сантыметраў. І так да бясконцасьці – ён яе ніколі не дагоніць.

Можа нават гэта варта назваць сафізмам – інтэлектуальнай ўлоўкай, сьцвярджэньнем, у якім закладзена наўмыснае парушэньне правілаў логікі.

Дык вось, у фільме Такешы распавядаеца пра аднаго здольнага мастака, які ўсё жыцьцё хацеў злавіць посьпех, і дзеля гэтага гнаўся за самымі перадавымі трэндамі ў мастацтве. Ён даволі таленавіта імітуе стылі вялікіх – ад Пікаса да Уорхала, але славутым і багатым не становіцца. Бо гэта ўсё ўжо было.

Усе ягонае мастацкае ды і рэальнае жыцьцё праходзіць у гонцы за іншымі – бо штосьці ўласнае, сваё ён прыдумаць не ў стане. Больш за тое, у радыкалізме сваіх мастацкіх перфомансаў ён ужо пераўзыходзіў усіх вядомых акцыяністаў – але посьпеху не было.

Дарэчы, наконт радыкалізму. Вы заўважылі, што самыя радыкальныя праціўнікі улады (ня толькі зараз, але цягам усёй беларускай гісторыі апошніх 25 гадоў) – нярэдка з «былых», з тых, хто калісьці даволі доўга працаваў у гэтай уладзе.

Я, дарэчы, ні ў якім разе не хачу ставіць пад сумнеў шчырасьць гэтых людзей, і паважаю іх выбар і дзейнасьць – але не магу пазбавіцца адчуваньня, што іхні радыкалізм безумоўна зьвязаны з жаданьнем кардынальна адракчыся ад свайго праўладнага мінулага, так бы мовіць, «замаліць гэты грэх». У іх няма раскошы быць «неадназначнымі» і «памяркоўнымі».

Вяртаючыся ж да нашага Ахілеса, можна назіраць, колькі людзей праводзяць сваё жыцьцё ў гонцы за палітычнымі і сацыяльнымі «трэндамі», часам не заўважаючы, што гоняцца за міфічнай чарапахай.

Людзі мяняюць свае густы, прыхільнасьці і погляды ў залежнасьці ад сітуацыі – тлумачачы гэта тым, што яны «разьвіваюцца», «адукаваліся», «паглядзелі зь іншага боку».

Я на пра тое, каб «не мяняцца» – я пра тое, каб быць сабой. Каб «мяняцца» было тваім ўнутраным перакананьнем, а не сьледствам апошняга «правільнага» трэнду.

Бо калі ты не бяжыш за сваёй мэтай, а бяжыш за кімсьці, за чужой мэтай – то ніколі гэтага «кагосьці» не дагоніш, і заўсёды будзеш другасным. Даказана чарапахай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)