Цыганкоў: «Калі дазвалялі легчы на жывот, мордай уніз, рукі на галаву — гэта было проста сьвята»
Журналіст Радыё Свабода па выхадзе з Акрэсціна распавёў падрабязнасці.
«Мы з Вольгай на свабодзе. Дзякуй вялікі Аляксандру Ластоўскаму, прадстаўніку прэсавай службы МУС, які традыццыйна ратуе журналістаў, — піша Віталь Цыганкоў.
Калі коратка, гэта ГУЛАГ. З першай хвіліны ўсё накіравана на прыніжэньне, зьнявагу і нават катаваньне чалавека, які аказаўся тут у статусе затрыманага (віна яго яшчэ нікім не даказана). І там нават ужо ня так важна, якія людзі працуюць у гэтай сыстэме — яна сама сваімі правіламі спараджае беззаконьне і катаваньні.
Паспрабуйце прыняць такую позу — на каленях, галава ўніз, тварам у падлогу... Нядоўга пратрымаецеся нават на мяккім кіліме. А менавіта ў такой позе мы сёньня з раніцы стаялі на Акрэсьціна каля трох гадзінаў на жорсткай зямлі. Пару разоў дазвалялі па 30 сэкундаў разьмяць ногі. Потым дазволілі зьмяніць позу, проста легчы на жывот, мордай уніз, рукі на галаву -- гэта было сьвята).
І наконт відэа ад МУС наконт нашага здарэньня — гэта проста сьмешна. Яны ўвогуле зрабілі нейкую склейку, гэта ня тыя людзі, якія нападалі на нас — той, з пісталетам, быў у масцы. Плюс абрэзалі кадры, як мяне закатваюць у асфальт, вынікі чаго бачныя зараз у мяне пад вокам. Але натуральна, думаю, гэта не было ніякай правакацыяй супраць нас канкрэтна — на нашым месцы ў гэтыя дні мог апынуцца любы чалавек.
Дарэчы, той доктар, пра якога пішуць СМІ, Багдан Шыльнікоўскі, ляжаў на зямельцы побач са мной. Ён даволі доўга тлумачыў, што яму патрэбны інсулін. Але на гэта не зьвярталі ўвагі, выклікалі дактароў толькі праз некалькі гадзін. Зараз ён у рэанімацыі.
За амаль сутні знаходжаньня там нам ані разу не далі ніякай вады. Толькі ўдалося хлябнуць з крану, калі хадзіў у туалет. Туды я таксама хадзіў толькі адзін раз за сутні — больш не пускалі, «пацерпіш».
Я толькі зайшоў дадому, і шмат яшчэ ня бачыў, але ўжо ведаю, як шмат людзей выказалі нам салідарнасьць. Вялікі дзякуй усім вам ад мяне і Вольгі! Калі я ляжаў носам у зямлю, мне заставалася толькі верыць, што нехта пра нас ведае, нехта хвалюецца. Дзякуй!»
Читайте еще
Избранное