Цыганкоў: «Галоўная задача рэжыму зараз – барацьба за гісторыю жніўня 2020-га»

Палітычны аглядальнік – пра ўражанні ад прэсавай канферэнцыі Лукашэнкі.

– Мне падаецца, галоўная задача рэжыму зараз – барацьба за гісторыю жніўня 2020-га, – піша Віталь Цыганкоў. – Улада хоча стварыць паралельную рэальнасьць, у якой усё было не так, як у сапраўднасьці.

«Пратэстоўцы пачалі страляць, дзясяткі траўміраваных сілавікоў, ніякіх катаваньняў не было, невінаватых не затрымлівалі, у пратэстах удзельнічалі 40 тысяч, Лукашэнка набраў 80 працэнтаў». Усё як у сталінскіх падручніках па гісторыі.

Другое. Курс на таталітарызацыю ўсяго грамадзтва зьверху да нізу, як выглядае, узяты ўсур’ёз і надоўга. Акрамя таго, што працытуюць іншыя, я б зьвярнуў увагу на выказваньне пра школу («усе да аднаго былі піянерамі і камсамольцамі, і гэта было правільна») і намёкі на хуткае прыняцьцё пэўных рашэньняў у сфэры адукацыі.

Трэцяе. Што тычыцца Захаду, то абразьлівая рыторыка на ягоны бок даўно пераўзыйшла савецкія ўзоры. Мы нават у самы разгар халоднай вайны, у 70-80-я, такога не чулі.

Што да палітычных куміраў, то і тут было сказана з усёй шчырасьцю – «Для мяне Фідэль Кастро быў настаўнікам. Як і Муамар Кадафі, як і Садам Хусэйн. Гэты мысьляры былі».

У цэлым уся палітыка з Захадам зводзіцца да ягонай дэгуманізацыі (ён прычына ўсіх бедаў у сьвеце), абразаў і спробаў шантажу. Поўнае ўражаньне, што сам Лу ўжо не разьлічвае ні на якую форму «нармалізацыі» адносінаў з Эўропай і ЗША, таму спальвае ўсе масты.

Акрамя шматразовага ўзгадваньня мігранцкай тэмы («з 5 тысячамі ня можаце справіцца, мы можам зрабіць, што іх 10 тысяч будзе»), прагучаў і намёк на тое, што Беларусь дагэтуль змагалася з трафікам ядзерных матэрыялаў, аднак можа і зьмяніць свае паводзіны ў гэтай сфэры.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(46)