Цыганкоў: «Дыпламаты будуць яшчэ больш актыўна ненавідзець таго, хто сёньня прамаўляў пра двухпакаёўку»

Калумніст — пра сустрэчу Лукашэнкі з амбасадарамі.

Віталь Цыганкоў цытуе Лукашэнку: «Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпламатаў, калі мы наогул з імі не гандлюем, а палітычныя адносіны, дыпламатыя, яна не проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве…Калі там трэба адзін пасол памочнік, ну пакіньце іх, здыміце ім двухпакаёвую кватэру і хай працуюць. Пойдзе (развіццё супрацоўніцтва) — дадамо. Трэба проста з пункту гледжання жыцця і практыкі да гэтага падысці».

— Ясна, што ў МЗСе і сярод дыпламатаў ідэйных лукашыстаў амаль няма, мяркуе аналітык. — Але людзі працягваюць там працаваць — бо страшна сысці і няма куды, і «лепш я, чым нехта горшы на маім месцы» і ўсе астатнія гнілыя аргументы, якія мы добра ведаем.

Але цяпер тыя, хто застаўся ў ведамстве, будуць яшчэ больш актыўна ненавідзець таго, хто сёньня прамаўляў пра двухпакаёвую кватэру.

Бо ў беларускага дыпламата быў які матэрыяльны стымул? Паехаць працаваць у амбасаду, пажадана эўрапейскую. Ты сядзіш у Менску, працуеш у МЗС, дзе за кожнае спазьненьне на пару хвілінаў будзе пакараньне, дзе ў калектыве поўна стукачоў, дзе за кожную ненаўмысную палітычную памылку можна атрымаць спагнаньне – і за ўсе гэтыя пакуты ты атрымліваеш 400-500 даляраў у месяц (а некаторыя маладыя яшчэ менш).

Але ты ведаеш, што калі будзеш добра сябе паводзіць, дойдзе твая чарга, і праз 2-3 гады паедзеш працаваць у пасольства Беларусі, атрымліваючы там 2000 еўра, плюс усялякія даброты (хаця стукачоў вакол менш не стане). Праз наступныя 2-3 гады ў Менску — зноў за мяжу. Ну хаця б ёсьць за што пакутваць у Беларусі, ведаючы пра такі (па беларускіх мерках) прывабны стымул.

А тут Лукашэнка абвяшчае пра скарачэньне дыпламатаў і пра двухпакаёвую кватэру для тых, каго не скароцяць — на дваіх з паслом). Пытаньне матэрыяльнага стымулу зьнікае як міраж, як зьнікла месца пасла ў Італіі для Анатоля Глаза. І якія пачуцьці павінны цяпер мець беларускія дыпламаты да Лукашэнкі?

Бо гэта раней чыноўнікам дзяржаўнага апарату давалі за адданасьць розныя пернікі, — а цяпер прыйшоў цяжкі час, калі, магчыма, давядзецца ў рамках вернасьці «дзяржаве і прэзыдэнту» папрацаваць за бясплатна. Як камісары ў пыльных шлемах.

Карбалевіч: «Сустрэча Лукашэнкі з амбасадарамі ператварылася ў прапагандысцкую лекцыю»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(67)