Цыганкоў: Ці ёсць ідэалогія ў тых, хто сам сябе красамоўна назваў ябацькі?

Пра спаборніцтва ў жорсткасці, глупстве і адданасці піша Віталь Цыганкоў у Свободных новостях.

Фота Сяргей Гапон, Facebook

Ці ёсць нейкая ідэалогія ў тых, хто сам сябе красамоўна назваў ябацькі? Я, канешне, не бяру «масавага чалавека», для якога і слова «ідэалогія» часам занадта цяжкая для разумення. Я кажу пра тых, каго называюць «бацькіны эксперты» — ідэолагі, прапагандысты.

Самая простае тлумачэньне будзе адначасова і самым кароткім — няма ў іх ніякай ідэалогіі. Падтрымлівай, што гаворыць і робіць улада, — вось і ўся немудрагелістая звышідэя.

Калі ўлада кажа, што за альтэрнатыўнымі кандыдатамі лялькаводы з Газпрому — крычы, што з Газпрому. Калі праз месяц улада кажа, што лялькаводы з Захаду — яшчэ актыўней крычы, што з Захаду. Кажа ўлада пра шматвектарнасць — праслаўляй мудрую шматвектарнасць. Скажуць, ня трэба ніякай шматвектарнасці — заяўляй, што заўсёды так думаў.

Збіваюць і саджаюць людзей — праслаўляй, так і трэба. Калі ж палітвязняў вызваляюць, што было ў беларускай гісторыі, — не забудзь станоўча ацаніць гэта «мудрае і своечасовае рашэньне».

Дзяржава дае грошы з бюджэту прадпрыемствам — правільна. Перастала даваць — яшчэ лепш. Развівае малы бізнэс — праслаўляй. Накідваецца на прадпрымальнікаў з пагрозамі — там ім і трэба.

Няма ніводнага тэзісу, ніводнага прынцыпу, па якім удзельнікі ўмоўнага «Клубу рэдактараў» не маглі б радыкальна развярнуцца на наступны ж дзень.

Пакуль мы, з гэтага боку, спрачаемся наконт сваіх лідэраў, наконт геапалітычных арыентацыяў, наконт прыхільнасьці да розных «ізмаў», там, на тым баку, усё проста – ніводзін афіцыйны журналіст ні разу не паставіў пад сумнеў, ні разу крытычна не выказаўся пра словы і дзеяньні таго, каго яны называюць кіраўніком дзяржавы. І гэта самы просты і пераканаўчы доказ таго, што няма ў іх нічога свайго, яны проста «абслугоўваючы персанал».

Але нельга сказаць, што ў гэтых людзей няма аніякай ідэалогіі. Ёсць у іх адна вечная і нязменная каштоўнасць — Улада. З вялікай літары, нават з трох вялікіх літар. Улада (якую яны любяць замяняць словам «дзяржава») — гэта той абсалют, інтарэсы якога для іх вышэй за інтарэсы людзей, вышэй закона, культуры, традыцыяў.

Увогуле, дзяржава — гэта тая форма арганізацыі, якую людзі прыдумалі, каб палепшыць і упарадкаваць сваё жыццё, зрабіць яго прадказальным і законным. Каб былі нейкія агульна прынятыя правілы, законы, нормы сумеснага прыжывання. Калі дзяржава гэтаму не адпавядае, людзі, якія ў ёй жывуць, вырашаюць, што тут трэба нешта паляпшыць, замяніць кіраўнікоў альбо дзяржаўны лад дзеля агульнага добра і інтарэсаў.

Зусім не так успрымаюць дзяржаву нашы героі. Яна для іх сама — абсалютная каштоўнасць, ідал і бог. Дзяржава, улада, яе інтарэсы стаяць вышэй за інтарэсы канкрэтных людзей, якія ў ёй пражываюць. Улада — гэта абсалют, вышэйшы за свабоду, правы чалавека, перспектыву. Той самы Левіяфан, якому людзі вінны ад нараджэння, якому трэба аддаваць здароўе, правы і нават жыцці.

Пры тым улада ім падабаецца, толькі калі яна «моцная» — рэпрэсіўная і злобная. Няздарма ідэаламі ў сённяшнім свеце для іх з’яўляюцца Расія і Кітай. Пры тым менавіта Расія Пуціна, бо Расію Гарбачова і Ельцына яны ненавідзяць — не менш чым ліберальны Захад.

Гэтыя людзі рэальна баяцца свабоды, ім утульна ў свеце, дзе самому не трэба думаць і прымаць рашэнні, а прасцей і камфортней проста ухваляць тое, што робіць начальства. Сказалі «150 джыпаў» — значыць, буду верыць у «150 джыпаў». Атаясамленне, ураўніванне асобнага лідэра з дзяржавай, культ улады і падпарадкавання — гэта іхні сымбаль веры і ідэал.

Калі нехта скажа, што прапагандысты на самой справе маюць нейкія ўласныя палітычныя прынцыпы, прапаную няхітры экспэрымент — уявім, што заўтра чыноўнік з абсалютна тымі ж самымі падыходамі, што і ў Лукашэнкі кіне выклік ягонай уладзе. Пры гэтым прынцыпова нічым не будзе адрознівацца — за Расію, супраць дэмакратыі, за кіраваную дзяржавай эканоміку. Вядома, будзе адразу арыштаваны. І што будуць казаць пра яго ўсе дзяржаўныя СМІ, якія яшчэ ўчора яго праслаўлялі? Вораг народа, здраднік, прадаўся Захаду.

Адзін журналіст у 2020 годзе незадоўга да выбараў напісаў, што славянам увогуле не патрэбны ніякія выбары. «Я говорю про несменяемость власти, как про что-то хорошее. Ее сменяемость — не для славянского менталитета. Это в индивидуалистической Европе пусть играются, а в нашем коллективном, если хотите, племенном сознании, вождь должен править как можно дольше».

Тут усё прыгожа і паказальна — і пра правадыра, і пра індывідуалізм, і пра племянную сьвядомасьць — як сведчанне, што чалавек мысліць катэгорыямі даіндустрыяльнага грамадзтва і першабытнага ладу.

Дарма мы са сваім гуманным светапоглядам здзіўляемся, як яны могуць не заўважаць тое, што адбываюцца ў краіне. Проста для іх пакуты людзей, беззаконне і несправядлівасць — гэта зусім не тое, што іх непакоіць (да таго моманту, вядома, пакуль гэта беззаконне не адбылося з імі самімі).

А паколькі чалавек для іх, па сутнасці, пустое месца, то і тармазоў няма. Тармазы ў чалавека — гэта ўвогуле тое, што выпрацоўваецца «культурай» і «цывілізацыяй», гэта тое, што гадуецца штодзённай маральнай працай над сабой. І гэта тое, што незнаёма людзям, якія звыклі толькі выконваць загады — якімі б яны не былі.

Таму мы і назіраем зараз, як разгортваецца спаборніцтва у жорсткасці і бязглудзіцы.

А я заяўлю, што 150 пазадарожнікаў гатовы былі ехаць з Літвы, каб захапіць рэзыдэнцыю.

А мы схопім людзей, якія прыйшлі ў лазню.

А мы затрымаем людзей, якія прыйшлі павіншаваць сяброўку з днём нараджэння.

А мы пасадзім на суткі за бел-чырвона-белую каробку ад тэлевізара.

А мы — за «пікетаванні шляхам размяшчэння на акне налепак у выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі».

А мы асудзім людзей, якія ў дзень чарнобыльскай трагедыі прынеслі лампадкі да храму

А мы на фасадзе сталічнага гандлёва-забаўляльнага цэнтру зафарбуем лагатып з белымі і чырвонымі колерамі.

А мы завядзем справу на настаўніцу, якая жартам перарабіла словы гімну.

Спаборніцтва ў глупстве і верападданстве.

Бо «гэта ж не мы такія, гэта час такі», «мы толькі выконваем загады»

Бо як было сказана ў адной дзяржаве, дзе «не ўсё было кепска», — за вас думае ЁН, ваша справа — выконваць загад.

Цыганкоў: Ад фільму адно ў памяці засталося – гэта ідэалагічная дыверсія, адназначна

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(74)