Аднак пытанне ў прапорцыях і своечасовасці. Мне падаецца, што, чым больш здаровае грамадства (група), тым больш яна адыходзіць ад услаўлення пакутаў і пераходзіць да ўслаўлення «дасягненняў» і «будучыні».
Цыганкоў: «Беларусы зацыкліліся на бедах і ахвярах»
Палітычны аглядальнік — пра культ пакутаў у беларускім Адраджэнні.
— Я нядаўна з некім здзіўленнем — ад таго, што, здаецца, ніхто пра гэта раней не напісаў – узгадаў галоўныя тэмы Адраджэння канца 1980-х, — піша Віталь Цыганкоў. — Калі задумацца, то дзве базавыя ідэі, з якіх яно пачалося і на якіх доўгі час грунтавалася – гэта Курапаты і Чарнобыль.
Ахвяры і пакуты.
Дарэчы, наконт самога панятку «Адраджэнне». У канцы 1980-х выходзіла шмат самвыдавецкіх лісткоў, дзе іх аўтары сцябаліся (ужо тады) і з апазіцыі. Дык, памятаю, у адным з іх Адраджэнне абыгрывалася як «А дражджэй нет». «У ўкраінцаў Рух – значыць, трэба кудысьці рухацца, а ў нас?» – задаваўся пытаннем ананімны аўтар. Запомнілася.
А дарэчы, угадайце, як перакладаецца літоўскі Саюдзіс? Таксама — «рух».
І я разумею, што ў слова «Адраджэнне» можна наўкладаць шмат містычнага і глыбокага, але ягонае слоўнікавае значэнне, якое ўспрымае любы чалавек, наступнае: 1.Аднаўленне, уздым пасля перыяду заняпаду, разбурэння, з’яўленне зноў. 2.Аднаўленне, адбудова чаго-н. знішчанага, разбуранага. То бок – аднаўленне таго добрага, што калісьці было. Вяртанне да чагосьці светлага і чыстага. То бок – рух назад?
Цалкам натуральна, што ў канцы 19-га стагоддзя, часе з’яўлення сучаснай беларускай нацыі, нацыянальнае спалучалася з сацыяльнай барацьбой. Тагачасны нацыянальны рух, як амаль ва ўсёй Усходняй Еўропе, быў рухам нізоў, тых, «кто был нічем». «Песьні Жальбы», «Народ, Беларускі Народ! Ты — цёмны, сляпы, быццам крот» — і гэтак далей, надта шмат класічных цытат. Прыгнечаныя, занядбалыя, бяспраўныя.
Але наўрад ці класікі маглі ўявіць, што іх канцэпцыя, накіраваная ў той час на малаадукаваных сялян, перажывае эпоху і праз дзясяткі гадоў будзе прэзентавацца як арыентыр адукаваным урбанізаваным беларусам канца 20-га стагоддзя.
Я тут не адкрываю Амерыку, бо дыскусіі пра гэта ішлі ў пачатку 90-х, калі, напрыклад, Сяргей Дубавец пісаў тэкст «Ідэя мёртвага дому», дзе усталёўваў, што «беларушчына — гэта творчасць», «сёння сама iдэя вяртання — гэта прафанацыя».
Я не кажу пра Валянціна Акудовіча — якога, разам з Дубаўцом, назвалі рэнегатамі (адступнікамі). Дыскусія пра назву на пэўны момант заглохла, і я бачу, як зараз Адраджэнне зноў з’яўляецца арыенцірам для новага пакалення, праводзіцца канферэнцыі, пішуцца праграмы, ствараюцца камісіі.
Увогуле, трэба сказаць, што ў расчэсванні раны ахвярнасці беларусы зусім не ўнікальныя, асабліва ў сучасным свеце, дзе квітнее культ віктымнасці. Кожная група ці маладая нацыя, якая была (ці адчувала сябе) прыгнечанай большасцю альбо магутнымі суседзямі — так ці іначай у сваёй ідэалогіі спалучае два наратывы — ахвяры і героі.
З аднаго боку, як мы пакутавалі і змагаліся, з іншага — колькі мы дасягнулі і колькі перамог здабылі, колькі герояў далі ў самых розных сферах. Яўрэі, чорнаскурыя, геі, украінцы, прыбалты, палякі (бяру самыя вядомыя альбо блізкія нам прыклады) — усе так ці іначай спалучаюць наратывы «ахвяраў» і «герояў», «пакутаў» і «дасягненняў».
А беларусы, як падаецца, зацыкліліся на бедах і ахвярах, мы расчэсваем гэтую віктымнасць — пры тым, без надзеі на нейкія выгоды (бо ў сучасным свеце культ віктымнасці — гэта інструмент для дасягнення маральнай, сацыяльнай, а часам і матэрыяльнай падтрымкі. Напрыклад, калі афраамерыканцы расчэсваюць пакуты расізму, то яны, сярод іншага, маюць цалкам матэрыяльную мэту атрымаць кампенсацыі ад дзяржавы «за стагоддзі рабства»).
Заўважу, што гістарычныя факты тут, па вялікім рахунку, не пры чым, мы самі выбіраем, «шклянка напалову пустая ці поўная». Факты можна заўсёды знайсці і на ахвярную і на геройскую ідэю, у гісторыі кожнага народу і групы можна знайсці і «пакуты» і «славу». Справа ў свядомым выбары.
Справа ў тым, на што вы робіце націск, што вы ўносіце ў падручнікі, а што ігнаруеце. На чым вы будуеце ідэнтычнасць сваёй нацыі альбо групы.
Французы ў Другой сусветнай ваявалі нашмат меней за беларусаў. Але яны — «пераможцы», праводзяць ваенныя парады 8 траўня, пра калабарацыянізм амаль не ўзгадваюць, пераважна пра герояў Супраціву.
А «мы» — аддалі перамогу лукашыстам, а самі занурыліся ў трагічны дыскурс, што беларусы сталі ахвярамі двух таталітарных сістэм. Тым часам прапаганда тупа, без ніякай неадназначнасці, паўтарае, што беларусы — пераможцы. І гэты тэзіс, як падаецца, знаходзіць падтрымку ў большасці.
Бо людзі любяць пераможцаў. Людзі могуць шкадаваць прайграўшых, але не жадаюць да іх далучацца.
Прайдзіце любыя курсы піяру, рэкламы, псіхалогіі, маркетынгу — вобраз пераможца абавязковы для прасоўвання прадукту. А яшчэ лепей, калі наш герой пераадолеў усе перашкоды, зведаў шмат пакутаў — і дасягнуў поспеху.
І чаму б гэтую простую выйгрышную схему не выкарыстоўваць пры канструяванні нашай «уяўленнай супольнасці», ідэнтычнасці нашай нацыі?
Читайте еще
Избранное