Цыганкоў: Беларусы і ўкраінцы — «лёд и пламень…»

Журналіст Віталь Цыганкоў – пра рознае стаўленьне да ўлады ўкраінцаў і беларусаў.

– Пагрузіўся на некалькі гадзінаў у захапляльныя ўкраінскія палітычныя падзеі (даўно гэтага не рабіў), пасьля скандальнай прэс-канфэрэнцыі Зяленскага, – піша Цыганкоў. – Усё ж цікава, як украінцы ніяк ня могуць саскочыць са сваеасаблівай гістарычнай матрыцы – «трыюмфальна абіраем прэзыдэнта, потым для нас высьвятляецца, што ён пусты, мы расчароўваемся, потым яго ськідваем альбо трыумфальна пераабіраем новага». І ўсё спачатку.

Я неяк выказваўся, што хаця мы суседзі і маем максімальна падобныя мовы, можна толькі зьдзіўлена канстатаваць, наколькі гэта непадобныя па менталітэту соцыюмы – беларусы і ўкраінцы. Дарэчы, нешта аналагічнае  можна назіраць у іншай пар – палякі і чэхі.

Ну а пра непазьбежнасьць падзеньня рэйтынгу Зяленскага я пісаў у красавіку 2019, адразу пасьля ягонага абраньня:

«Украінцы любяць свабоду (вольніцу), беларусы любяць парадак. У абодвух нацыяў гэтая любоў, як па-мойму, даходзіць да нейкай крайняй мяжы, да ненармальнага фанатызму. Беларусы – фанаты парадку ажно да маразму, украінцы – фанаты бардаку, вольніцы, пераменаў і нелюбові да ўлады. Паводле Gallup, Украіна займае першае месца ў сьвеце па ўзроўню недаверу грамадзянаў да ўлады — уладзе давяраюць толькі 9 працэнтаў (дадзеныя за сакавік).

Памятаю, калі Парашэнку абралі прэзыдэнтам у першым туры з надзвычай вялікім для дэмакратычных выбараў працэнтам (54 у першым туры – гэта лепш чым цяпер у Зяленскага), то я сказаў — праз год у Парашэнкі будзе мінімальны рэйтынг. І не таму, што я мог прадбачыць нейкія памылкі Парашэнкі на гэтай пасадзе.

Мне проста здаецца, што для ўкраінцаў гэта аксіёма — любы самы папулярны палітык праз год-два губляе свой рэйтынг. Цяпер я магу сьмела прагназаваць, што праз год рэйтынг Зяленскага будзе ня больш за 30 (што б ён ні рабіў).

Гэта вынікае са спэцыфічнага стаўленьня ўкраінцаў да ўлады. Як казаў мне адзін украінскі калега: вы, беларусы, уладу любіце ці прынамсі паважаеце. І не абавязкова канкрэтна Лукашэнку, а ўладу як такую. А мы ёй пагарджаем. Прычым любой».