Комментарии
Віктар Марціновіч, «Радыё Свабода»

«Цярпеньне канчаецца ў беларусаў на трыццатай хвіліне»

Журналісты болей ня гойсаюць па палёх, шукаючы сюжэтаў. Фрылянсэры не тэлефануюць ліхаманкава па крыніцах, прабіваючы, што здарылася за тры дні. Рэдактары з адсутным відам сядзяць у Інтэрнэце, маркотна клікаючы па адных і тых жа навінах адных і тых жа сайтаў… А жыцьцё, дзіўнае, дзівоснае беларускае жыцьцё — не спыняецца.

Яно віруе навокал, нараджаючы ўсё новыя кафкіянскія гісторыі, усё новы побытавы сюр. Дык замест таго, каб камэнтаваць чарговую сеткавую дурату, распавяду лепей пра прыгоды, што здарыліся са мной на мінулым тыдні.

Правы кіроўцы даюцца ў Беларусі на 10 гадоў. Бо раптам нешта зьменіцца ў чалавеку, і ён болей ня будзе варты правоў кіроўцы.

Мае 10 гадоў сканчаюцца, і трэба ісьці мяняць правы. Каб іх памяняць, трэба мець на руках мэдычную даведку. Якую дае адмысловая ДАІшная ўстанова. А каб цябе дапусьцілі да мэдагляду, трэба мець на руках «выпіску з амбуляторнай карты». Выпіску робяць у раённай паліклініцы. Мая, 21-я, знаходзіцца ў самым цэнтры Заводзкога раёну сталіцы і выглядае модна, сучасна, амаль як IKEA.

Туды ва ўзьнёслым настроі я і прычапаў. На дварэ стаяла пякельная сьпёка, і я, наглядзеўшыся амэрыканскіх сэрыялаў, быў рады таму, што правяду некалькі хвілінаў у добра кандыцыяванай атмасфэры.

Унутры высьветлілася адразу дзьве непрыемныя рэчы. Па-першае, кандыцыянэраў у гэтым прыгожым, сучасным будынку ці то няма, ці то яны не працуюць. Па-другое, тут быў такі натоўп, як быццам бы караткевічавы цыганы прыйшлі ды сталі табарам пад дахам установы аховы здароўя. Трохі зьбянтэжаны такой неадпаведнасьцю экстэр’еру ды інтэр’еру, я папрасіў у рэгістратуры выдаць мне выпіску.

«Не», — сказалі мне. Выпіскі яны ня зробяць. Трэба ісьці у 117-ты кабінэт. Ужо тады гэтае «117-ты кабінэт» прагучала злавесна.

Як наіўны падлетак з фільму «Ноч жывых мерцьвякоў», я зь лёгкім сэрцам рушыў да 117-га кабінэту. Мне, нагадаю, патрэбна была толькі даведка-выпіска аб тым, што я ня быў хворы на шызафрэнію і астатнія трасцы, якія несумяшчальныя з кіраваньнем транспартным сродкам.

Нічога больш.

Чаму б мне мець змрочныя прадчуваньні?

Каля 117-га кабінэту я затармазіў, паралізаваны. Высьветлілася, што калі ў паліклініцы стаяў табар, дык каля 117-га кабінэту быў ягоны цэнтар (калі ў табара ў прынцыпе ёсьць цэнтар).

«Усе туды»? — запытаўся я. «Усе туды», — адказала мне змрочная істота з маленькім дзіцем у руках.

«Мне толькі даведку», — паспрабаваў я ўключыць дурня і ламануцца без чаргі. Але я трапіў у жалезныя далоні пралетара з тварам састарэлага К. Заслонава.

«Усім толькі даведку. — Сказаў ён мне тым голасам, якім звычайна старэйшыя таварышы раяць маладзейшым кідаць крымінальны лад жыцьця ды ісьці працаваць на МАЗ. — Не сьпяшайся, сынок. Сядзь, пасядзі». Так я аказаўся заціснутым паміж некалькімі іншымі хворымі.

У прынцыпе, усё было ня страшна. У мяне быў тэлефон, а ў ім — увесь Караткевіч, у фармаце Fb2. Было чым заняцца. Аднак празь дзесяць хвілінаў стала зразумела, што чытаць тут немагчыма. Бо вельмі сьпякотна. +35 на дварэ. Тут — горача, як на поле, падчас жніва. І яшчэ высьветлілася, што правяду я тут лепшыя гады свайго жыцьця, бо за 10 хвілінаў з кабінэту 117 ніхто ня выйшаў.

Я запытаўся: «Доўга стаім»? Мне адказала адразу ўся грамада: «14 чалавек перад табой. Гэта толькі па чарзе. А яшчэ пазарчаргавікі. Нарматыў у доктара — 15 хвілін на хворага. Вось і лічы». Я падлічыў. Атрымалася тры з паловай гадзіны.

Прайшло трыццаць хвілін. Пазнаёміліся. Побач сядзеў стальны дзед, па выгляду — былы ўдарнік сацыялістычнай працы. «Мне толькі ціск памераць», — тлумачыў ён, але наперад ня лез. Была тут мама з дачкой, прычым дачка знаходзілася ва ўзросьце, калі звычайна мама ўжо ня толькі непатрэбная, але нават і замінае самастойнаму полавому жыцьцю. Было некалькі падлеткаў, што адразу паглыбіліся ў гульню на тэлефонах і перасталі існаваць у гэтым вымярэньні. Паветра павольна электрызавалася.

«Бязладзьдзе нейкае» — сказала няўпэўнена бабуля гадоў шасьцідзесяці: яна мела выгляд сталай наведніцы, што жыла ў паліклініках. Табар падтрымаў яе згодным гулам.

Усе чакалі апошняй кроплі.

Наогул, гэта вельмі цікава: калі, пасьля якой мяжы, ў беларусаў сканчаецца цярпеньне. Дык вось, па назіраньні за пацыентамі паліклінікі № 21 магу сьведчыць: канчаецца яно на трыццатай хвіліне. Трыццаць хвілінаў беларусы трымаюць, пасьля — пачынаюць шукаць праўды ды цапаць калідорных сясьцёр за падолы. Апошняй кропляй сталася 70-гадовая бабуся-сялянка, што хуценька праціснулася між Заслонава ў дзьверы і зьнікла там. «Чаму не спыніў»? — строга запытаў стальны дзед. «Дык вельмі спрытная. Да таго ж старая», — паціснуў плячыма Заслонаў. «Я таксама старая!» — рыкнула сталая наведніца паліклінікі.

«Жанчына, да што ж гэта такое, вы бачыце, колькі народу»? — зьвярнулася яна да сястры, што хуценька бегла па калідоры. Тая — вельмі мілавідная кабетка, — толькі паскорылася. Было бачна, што яна не жадае псаваць сабе карму скандалам.

Ўсе пачалі абціраць бягучы палітычны момант, узгадалі і пра тое, што пэнсіі не падвышаныя, і колькі мяса каштуе, і што за саветамі было лепей. Тон падвышаўся. Запахла мітынгам ды АМАПам, гэта я кажу, як дасьведчаны ў тэме чалавек.

Раптам, жанчына з дарослай дачкой узьнялася. «Усё. Немагчыма болей трываць. Пойдзем!» — Крыкнула яна. «Куды, мам»? — Запыталася дачка.

«Жаліцца! Знойдзем загадчыцу, ці галоўную па паверсе, ці ня ведаю, каго!»

«Можа, ня трэба? — паспрабаваў спыніць іх Заслонаў. — Усё роўна нічога ня зьменіш».

«Трэба!» — Крыкнула матуля, на твары якой імкліва праступалі рысы Кастуся Каліноўскага, заступніка ўсіх беларусаў.

Яны пайшлі, і цемра апусьцілася за імі. Кожны з нас, седзячы ў пякельнай гарачыні калідору, спадзяваўся, што зараз — дзякуючы двум пасыянарным жанчынам, нешта зьменіцца. Што прыляціць Х’ю Лёры на блакітным вэрталёце і ў абліччы Доктара Хаўза, усім дапаможа. Але адбылося нешта зусім неспадзяванае. Жанчыны зьніклі. Зусім. Пра іх запыталіся ў калідорнай сястры, аднак тая пра іх лёс нічога ня ведала. Можа быць, яны пайшлі дамоў. Пагаварылі з загадчыцай, пакачалі правы ды пайшлі дадому, каб вярнуцца сюды іншым разам, калі людзей будзе меней. Бывае ж такое.

У галаве бухала. Перад вачыма плылі чырвоныя плямы. Было сьпякотна, бліжэйшы аўтамат зь ледзяной газіроўкай быў хіба што ў Вільні. І тут, абавязковым беларускім цудам, што ідзе за ахвярай, на калідоры зьявілася жанчына ў белым і забрала за сабой ў 119-ты частку чаргі. Праз яшчэ якіх дваццаць хвілінаў я патрапіў у 117-ы пакой. Я ня ўбачыў тут дыбы, ваўкалакаў і ўсяго таго, што варта б было чакаць пасьля такога чаканьня. Тут сядзела сталая жанчына-доктар, добрыя зморшчынкі пад яе вачыма нагадвалі твар маці. Я павітаўся ды запрасіў выпіску. Жанчына — тым голасам, якім Брус Уілліс паведамляе дачцэ ў фільме «Армагеддон», што ён павінны застацца побач з бомбай і ўзарваць яе, патлумачыла, што даведку-выпіску мне ня дасьць.

Бо ў мяне няма флюараграфіі.

Калі я пачаў крычаць, яна спакойна дадала, што мне таксама трэба здаць аналіз крыві, мачы, кардыяграму і г. д.

І толькі пасьля гэтага зноў ісьці да яе.

Па агульнай чарзе.

Гэтая размова зьмяніла мяне. Жанчына патлумачыла, што ні яна асабіста, ні кіраўніцтва паліклінікі ў тым пекле, што разгортваецца ў глямурных кафэльных калідорах не вінаватыя, і я паверыў ёй. Я бачыў, якая яна стомленая, гэтая добрая жанчына. Я здагадваўся, што яна працуе за мізэрны заробак.

Так 21-я паліклініка зрабілася маім другім домам. Я хадзіў сюды здаваць аналізы і забіраць іх. Мяне калолі, прасьвечвалі, замяралі і праслухоўвалі. У жбанках ды каробачках я нёс сюды эманацыі свайго цела і назіраў за тым, як дзяржава корпаецца ўва мне. Я адчуваў, што патрапіў у мухалоўку. Такую шкляную мухалоўку, што паказваюць у музэі сялянскага побыту ў Гудзевічах: муха ляціць на цукар, трапляе ў шкляначку ды не можа выляцець зь яе, бо ляціць на сьвятло, а не на выхад.

Мне патрэбна была выпіска з амбуляторнай карты. Гэта было цукрам. Усё астатняе абумовіла канструкцыя мухалоўкі.

Урэшце, мы сустрэліся з 21-й паліклінікай апошні раз. Я чакаў у чарзе меней за гадзіну, бо налаўчыўся разумець аптымальны для візыту час. Я пажадаў жанчыне-доктару найлепшага. Я атрымаў сваю паперку.

Ува мне не засталося зла, ярасьці, страху і іншых пачуцьцяў.

21-я паліклініка і 117-ы пакой цалкам выпусташылі мяне.

А слоўца «сыстэма», ўжытае жанчынай з дачкой, перад тым, як яна пайшла шукаць праўду ды зьнікла, прымусіла прыгадаць стары савецкі анэкдот.

Чалавек сядзіць у такой жа паліклініцы ці цырульні ці іншай падобнай установе. Бясконцы натоўп, нехта ідзе па-за чаргой. Нарэшце чалавек ўзрываецца: «Да што ж гэта такое, што ж гэта за сыстэма такая?». І чуе разважлівы адказ таварыша па няшчасьці з чаргі: «Калі вам не падабаецца сыстэма, чаму вы пачынаеце з цырульні?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)