Cмелыя сэксуальныя сцэны, фатальныя жанчыны, брутальныя мужчыны…
Забыты класік Міхась Зарэцкі: 20 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння першага майстра парадоксу ў беларускай літаратуры.
Яго проза была натхнёная творчасцю Івана Тургенева. Услед за аўтарам «Дыму» ён выпісвае вобразы нервовых, сэксуальна прыцягальных жанчын, якія ўмеюць разбураць, а не ствараць. Толькі яго гераіні — гэта, безумоўна, не арыстакраткі, а камсамолкі, чэкісткі, работніцы заводаў.
Жанчына-вамп — камсамолка! Гучыць выдатна!
Як і Тургенеў, ён любіў надаваць сваім апавяданням меладраматычную афарбоўку, бо адным з першых у нашай літаратуры зразумеў — пісаць трэба не толькі на важныя тэмы, але яшчэ і так, каб цябе хацелі чытаць. І меў рацыю, што не слухаў свайго празмерна строгага крытыка Максіма Гарэцкага:
«Міхась Зарэцкі паганяе за таннымі эфектамі, упадае ў мяшчанства, яго героі падобныя да персанажаў крымінальных раманаў невысокай мастацкай якасці». Падобным «эфектам» у Зарэцкага вучыліся Іван Шамякін і Уладзімір Караткевіч, менавіта таму сталі найбольш папулярнымі пісьменнікамі ў Беларусі.
Міхась Стральцоў, зазвычай абыякавы да вонкавай сюжэтнай займальнасці, натхняўся ў яго іншым. Героям Зарэцкага часта бывае цесна ў той прасторы, дзе яны жывуць. У іх ёсць сіла, энергія, размах і зухаватасць, але разам з тым і надлом (часам невытлумачальны для іх саміх), няўпэўненасць, раптоўныя перапады настрою. Усё гэта было блізка Стральцову. Напрыклад, галоўны герой з апавядання Стральцова «Свет Іванавіч, былы донжуан» — гэта, па-сутнасці, родны брат такога ж непрыкаяна-бязмэтнага Адама Барковіча з апавядання «Ой, ляцелі гусі...».
Міхась Зарэцкі (стаіць у цэнтры) з іншымі пісьменнікамі. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. 1936 г
Кожны герой Зарэцкага мае якую-небудзь страшную тайну.
Асабліва гэта тычыцца жанчын. У апавяданні «Мар’я» чырвонаармеец Ляксандр Мішчанка ў захапленні ад простай сялянкі (яе іменем і названы твор). Для хлопца гэтая кабета не менш загадкавая, прыгожая і таямнічая, чым якая-небудзь Грэта Гарба. Яе муж з’язджае па справах. У нашых герояў ноч кахання, падчас якой Мар’я прызнаецца, што задушыла сваё першае дзіця. Як бы вы паставіліся, каб вашая каханка расказала вам нешта падобнае? Наўрад ці захацелася б далей з ёй мець супольную радасць. Ляксандр жа пакахаў гэтую забойцу з яшчэ большай сілай.
Гераіня апавядання «Кветка пажоўклая», былая чэкістка, і, безумоўна, прыгажуня, працуе ў дзіцячым доме. Яе таксама прыгнятае нейкая тайна.
Яна прызнаецца каханаму, што паходзіла з панскага роду і калі перайшла на бок бальшавікоў ледзьве не ўласнаручна расстраляла сваю сям’ю.
Герой, як таго і патрабуе эстэтыка твораў Зарэцкага, пранікаецца яшчэ большай пяшчотай і хоча, каб гэтая жанчына стала ягонай жонкай.
Зарэцкі любіць выяўляць парадаксальныя ўчынкі і рэакцыі сваіх персанажаў. Можна нават сказаць больш смела — Зарэцкі першы вялікі майстар парадоксу ў нашай літаратуры.
Калі ты зрабіў страшнае злачынства, цябе пачынаюць кахаць яшчэ больш, калі твая жонка цяжка хворая, то каханка ўгаворвае ехаць да хворай, а заканчвае фразай: «Нікуды цябе не адпушчу!»
(«Ой, ляцелі гусі...»), калі ты жанчына і выступаеш за тое, каб дзеці выхоўваліся ў інтэрнатах, то сама тайна прыходзіш наведваць свайго дзіцёнка і пакутуеш з-за таго, што ён не з табой («Дзіўная»), калі ты жартам прапаноўваеш паланёнаму ворагу партыю ў шашкі, то пад канец гульні, праіграўшы, страляеш у яго («Адна партыя ў шашкі»).
У той час, як у герояў Кузьмы Чорнага пануе мройна-нявызначаная гармонія паміж пачуццямі і думкамі, то персанажы Зарэцкага падуладныя перш-наперш эмоцыям, імпульсам.
Са здзіўляльнай лёгкасцю яны кідаюцца пад цягнік («Кветка пажоўклая»), забіваюць («Радасць»), без грошай і дакументаў уцякаюць ад жонак і каханак у невядомы свет («Ой, ляцелі гусі...»).
Зарэцкі не верыць у стваральную моц кахання. Сям’я для яго — гэта сінонім разладу, а нечаканы раман абавязкова прывядзе да смерці.
Зарэцкі верыць у жарсць. Сцэны сэксуальнага плана займаюць у яго творах важнае месца: «З маладосці ў яе было надзвычайна прыгожае цела. Такое цела бывае ў рэдкай жанчыны. Тут, на гэтай лаўцы, я першы раз пры святле месяца ўбачыў яе свежыя дзявочыя грудзі...» («Ой, ляцелі гусі...»); «...Я ж даўно знаю, што падабаюся вам... знаю, што і вы мне падабаецеся... Што, не верыце? Не? Хочаце, я пераканаю вас... Хочаце?
Яна раптам падбегла да яго, ускочыла к яму на калені, абняла горача, моцна стала цалаваць...
— Во! Во! Цяпер верыш? Верыш?..
Даніла... абнімаў яе гарачы стан...» («Бель»);
Расшпіліла тужурку, сарочку парвала, паказала грудзі дзявоцка-крамяныя, белыя.
— Ха-ха-ха! Чаго ж раступіліся?.. Бачылі?.. Глядзеце, дзівуйцеся!... Мужчыны... грабаюць рукамі шурпатымі, лезуць з усіх бакоў.
— Эй, хто мацнейшы... бяры!..
Шкумацяць, ірвуць, вырываюць...» (аповесць «Голы звер»).
Дарэчы, многія эратычныя эпізоды з твораў таго ж Івана Шамякіна — таксама эстэтычны ўплыў героя нашага эсэ.
Калі ж персанаж Зарэцкага і вырываецца з гэтага пякельна-фізіялагічнага палону спапяляльнай жарсці, то яго наканаванне — быць адзінокім, спустошаным. І, па-сутнасці, гэта ўжо не чалавек, а толькі абалонка.
У Зарэцкага няма цалкам адмоўных альбо станоўчых герояў. Часам, перад намі на першых старонках паўстае сапраўдны анёл, які затым ператвараецца ў д’ябла, а затым ізноў у анёла.
Вострая інтрыга, майстэрская гульня з кантрастамі, нечаканыя павароты сюжэту, смелыя сэксуальныя сцэны, фатальныя жанчыны, брутальныя мужчыны, якія могуць альбо зацалаваць альбо задушыць — усё тое, што цэніцца ў па-сапраўднаму ярка расказанай гісторыі, тое, чаму вучаць у найлепшых сцэнарных школах Галівуда — было бліскуча выяўлена ў творах Міхася Зарэцкага.
Гэта пісьменнік у якога трэба вучыцца. Асабліва тым, хто толькі пачынае пісаць.
Можа, калі б яго апавяданні, аповесці, раманы былі ўважліва прачытаны, то не была б наша сённяшняя маладая беларуская літаратура такой энергетычна кволай і эстэтычна нясмелай.
У яго творах хаваецца тая энергія, якая яшчэ можа абудзіць нашых юных, унутрана інэртных і абыякавых літаратраў. Толькі ці захочуць яны самі гэтага абуджэння?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное