Ціханоўскі: Мяне вызвалілі, бо былі вялікія пратэсты па ўсёй краіне

Вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, якога сёньня раптоўна адпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня, на прэсавай канфэрэнцыі расказаў пра пляны на выбарчую кампанію, піша Радыё Свабода.

Сёньня ж Цэнтравыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня жонкі блогера Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

Супрацоўнікі АМАП, якія мяне затрымлівалі і перавозілі, называлі мяне «вораг нумар адзін дзяржавы». Я бачыў у іх вачах разгубленасьць. Я адчуваю, што сытуацыя можа пераламіцца — гэта наша краіна, нас 9 мільёнаў, і мы баімся аднаго чалавека, дыктатара? Я думаю, калі будуць масавыя пратэсты, то яны пяройдуць на бок народу. Яны мне самі казалі, што 2 тысячы ці 20 тысяч мы разгонім, але калі будзе 100 тысяч — мы пяройдзем на бок людзей.

Наш лёзунг «Стоп таракан, но пасаран» нарадзіўся пасьля размовы з жанчынай з Глыбокага, якая на сустрэчы расказала казку пра таракана. Напэўна, у нас выбарчая кампанія і пройдзе з гэтым лёзунгам.

Я хачу сказаць усім беларусам, што ня варта баяцца. Неўзабаве ўлада зьменіцца — калі ня ў час прэзыдэнцкіх выбараў, то ў найбліжэйшым годзе. Усе, хто атрымаў суткі і штрафы — атрымае кампэнсацыю. Верце ў перамены, ня бойцеся, трэба паказваць свой пратэст і перад выбарамі, і ў час выбараў. Хто цяпер ня можа сплаціць штрафы — зьвяртайцеся да нас, мы дапаможам.​

Я не прарасейскі кандыдат. У нас толькі адзін прарасейскі кандыдат, і гэта Лукашэнка. Гэта ён цалаваўся зь Ельцыным, ён сябруе з Пуціным. У нас частка людзей сумуе па Савецкім Саюзе, пэнсіянэры ў асноўным. Ня варта па СССР сумаваць. Ён ня вернецца.

Мяне вызвалілі, бо былі вялікія пратэсты па ўсёй краіне. Гэта не засталося па-за ўвагай грамадзкасьці, у тым ліку эўрапейскай. А Захад асуджае такія мэтады — забараняць мірныя сходы, выказваньне сваёй думкі.

30 сутак вісіць на мне, калі пачнуцца хваляваньні — мяне зноў закрыюць. Мяне закрылі, каб ня даць мне магчымасьці стаць кандыдатам. І надта я актыўна з камандай езьдзіў па Беларусі, сустракаўся з процьмай людзей. Я быў бы моцным кандыдатам — таму мне не далі зарэгістравацца.

Для мяне быў шок сёньня, калі я выйшаў, што маю жонку зарэгістравалі. Я ня ведаў, што яна зьбіраецца балятавацца. Але, відаць, праваабаронцы і сябры нашай каманды параілі, каб яна як кандыдат падала дакумэнты, і такім чынам наша ініцыятыўная група змагла прыняць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі.

ЦВК незаконна мяне не зарэгістравала. Я з ІЧУ заяву ў ЦВК, з подпісам, як мае быць, у час даслаў. ЦВК не сказала, што атрымала маю пісьмовую заяву. ЦВК бачыць вялікую падтрымку мяне людзьмі, і таму мяне проста не дапусьцілі да выбараў.

Мы выкарыстаем усе законныя магчымасьці выбарчай кампаніі, каб ладзіць сустрэчы з выбарцамі па ўсёй краіне, даносіць да іх праўду.

На само галасаваньне мы людзей ня будзем клікаць — толькі байкот.

З чым Лукашэнка пойдзе на гэтыя выбары? З тым, што няма вайны? Мне здаецца, ён сам створыць цяпер вайну — грамадзянскую. Я думаю, што 90% беларусаў не падтрымліваюць Лукашэнку. Якая б ні была моцная ўлада, але без падтрымкі народу нічога не атрымаецца. Калі ён зноў сфальсыфікуе выбары — пачнецца партызанская вайна. Мне так здаецца.

Маёй жонцы тэлефанавалі сацыяльныя службы і намякалі, што ваш муж сядзіць у турме, можа, у вас ня ўсё добра ў сямʼі.

Пасьля выбараў я пагляджу — можа, мне зьехаць з краіны? Можа, беларусы заслугоўваюць такую ўладу? Калі мы, іншыя актывісты, хай некалькі тысяч, нешта робяць, а астатнія будуць абыякавыя да ўсяго, калі я пераканаюся на сваім досьведзе, што так і ёсьць — я зьеду. Але мне здаецца, што на гэтых выбарах беларусы скажуць сваё слова.

Бабарико побил рекорд единых кандидатов от оппозиции. Кто еще имеет шансы на выход в финал?

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.5 (оценок:48)