Общество

Ціханоўскі: «Думаў, што пакараньне будзе разоў у шэсьць менш суровым»

14 сьнежня Сяргей Ціханоўскі быў пакараны пазбаўленьнем волі на 18 гадоў. У лісьце з гомельскай турмы палітзьняволены напісаў, што не чакаў настолькі суровага прысуду, паведамляе Радыё Свабода.

Сяргей Ціханоўскі ў судзе перад абвяшчэньнем прысуду

«Вось і надышло лягічнае завяршэньне майго влогу. Калі я пачынаў яго, то разумеў, што, хутчэй за ўсё, так і скончыцца. Вядома, я думаў, што пакараньне будзе разоў у шэсьць менш суровым. Але гэта такая ацэнка маёй дзейнасьці. Аказваецца, выкрываць беззаконьні — гэта асабліва небясьпечнае злачынства», — напісаў Сяргей Ціханоўскі.

Ён зазначае, што ня думаў, што затрыманьне адбудзецца ў траўні 2020-га.

Фрагмэнт ліста Сяргея Ціханоўскага

«Ці зьмяніў бы я нешта? Не. А што можна было б зьмяніць? Нават калі б я запісаў нейкі відэазварот, ня факт, што гэта б нешта зьмяніла. Як грамадзянін я выканаў свой грамадзянскі абавязак. Маім дзецям ня будзе сорамна за мяне. І цяпер мяч не на маім баку», — выказаўся палітзьняволены.

«Веру ў перамены да лепшага ў Беларусі», — такімі радкамі скончыў ліст Ціханоўскі.

14 сьнежня блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калёніі. Гэта максымальнае пакараньне, якое атрымаў апанэнт Лукашэнкі за 27 гадоў. Ціханоўскага абвінавацілі па ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы), ч. 2 арт. 191 (перашкоды працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Падсудныя палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)