Ціханоўская: «Мы вельмі моцная нацыя, мы гэта ўжо даказалі і працягваем даказваць»

Палітык — пра тое, якім быў 2022 год, скандалы і раздрай у дэмсілах і працу, якую трэба працягваць.

Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв’ю «Е*рарадыё», у якім распавяла пра тое, што атрымалася і не атрымалася зрабіць за гэты год, якім бачыць магчымае вызваленне палітвязняў, пра стаўленне да санкцый і незалежных СМІ, ці ёсць адзінства ў дэмакратычных сілах і многае іншае.

Выбралі некаторыя важныя фрагменты з гэтай гутаркі.

***

— Год быў не проста цяжкім, як мы прывыклі казаць — ён быў жудасным. Напрыканцы 2021-га, сустракаючы святы Калядаў, многія без сваіх родных, хто зазнаў рэпрэсіі, быў у турмах, мы думалі, што горш ужо і быць не можа. Але ў 2022 годзе пачалася вайна…

Беларусь стала суагрэсарам у гэтай вайне, і трэба вельмі шмат часу, каб упэўніць свет у тым, што беларусы і рэжым Лукашэнкі — гэта розныя людзі.

Нават калі хочаш знайсці нейкія пазітыўныя навіны, нешта добрае — няма такога. Але я бачу кожны дзень, што беларусы не здаліся. І вельмі многія, хто выступіў за перамены, працягваюць працаваць на тое, каб быў шанец перамены атрымаць. Гэта надае і мне энергію.

***

— Галоўныя мэты — вызваленне палітвязняў і новыя выбары — на жаль, не дасягнутыя. Але мы трымаемся.

Я казала аб тым, што буду рабіць усё, што магу. Але ж гэта пытанне да кожнага: што кожны з нас робіць, які ўнёсак у агульную справу. Там, дзе я магу прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі, да гуманітарнага крызісу, да адказнасці рэжыму за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць беларусаў — я гэта раблю.

Мы прапануем розным арганізацыям, людзям, краінам, каб яны сталі медыятарамі ў пытанні вызвалення палітвязняў. Але зараз бачым, што няма такой магчымасці, і з боку рэжыму няма ахвоты. Мне здаецца, там думаюць, што вызваленне нават некаторых палітвязняў будзе паказваць іх слабасць, таму трымаюць людзей у закладніках, каб потым, мабыць, «прадаць» іх па большай цане.

Калі ёсць людзі, якія могуць паўплываць на рэжым (не хачу называць гэта «гандлем», бо гэта абражае нашых палітзняволеных), то такія спробы мы віталі б. Але няма ніякага інтарэсу сёння са стараны рэжыму — і думаю, прычына ў тым, што ціск недастатковы, ёсць, значыць, прастора для манёўру.

***

— Беларускі рэжым ужо ў руках Крамля, і новыя ці не новыя санкцыі не штурхаюць яго больш у гэтыя адбымкі.

Еўразвязу трэба выпрацаваць механізм супраць абыходу санкцый — вось гэтага не хапае зараз.

***

— Я ніколі не казала, што ў кейсе Зарэцкай вінаватыя СМІ. Таццяна сышла з прычыны вялікага прыватнага ціску на яе.

Задача СМІ — канешне, крытыкаваць і дэмакратычных прадстаўнікоў, і прадстаўнікоў рэжыму. Вы — так бы мовіць, нашае сіта. Трэба толькі (але гэта не да СМІ), каб крытыка кампетэнцый не пераходзіла ў крытыку асобы, у абразы.

…Не разумею, што такога дрэннага ў NDA. У нас гэта з'явілася па патрабаванні тых людзей, якія працуюць з ініцыятывамі і актывістамі, хто ў Беларусі — каб дадзеныя, з якімі яны працуюць, не выйшлі вонкі. Таксама ёсць непублічныя супрацоўнікі, і тыя, хто падпісвае NDA, не павінны пералічваць у пабліку, хто працуе ў Офісе. То-бок, гэта перш за ўсё клопат пра тых, хто можа патрапіць пад рэпрэсіі.

Людзі могуць не падпісваць NDA — ну, тады будуць працаваць на ўдалёнцы ці яшчэ неяк, не будуць мець дачынення да нейкай сенсітыўнай інфармацыі.

***

— У сітуацыі з Ч*Б было вельмі балюча ад таго, колькі людзей пацярпелі ўжо ад гэтых «зліваў» і колькі яшчэ можа пацярпець. Але гэта ўрок для нас усіх, што да бяспекі трэба ставіцца сур’ёзна. Большасць тых, хто прыйшоў у палітыку ў 2020 годзе, не чысцілі чаты, не ўтойвалі нумар тэлефона — не было выпрацавана методыкі і не было данесена да людзей, як трэба камунікаваць у новых умовах.

Таму гэта ўрок для ўсіх, хто працуе з людзьмі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Бяспека людзей там — першачарговая задача.

***

— Калі вы прыходзіце ў публічную прастору з крытыкай — то вы і прапаноўвайце, а не толькі кажыце, маўляў, тыя так і так дрэнна робяць. А як трэба рабіць? Можа, у вас добрыя ініцыятывы ёсць — так мы далучымся да іх.

Калі апускаюцца рукі, дык менавіта з гэтых прычын — здаецца, мы ўсе павінны ісці ў адным напрамку, а часта бачыш, як кідаюць смецце адно ў аднаго.

Крытыка Офісу чуецца ад адных і тых жа людзей, хоць ужо ў 2020 годзе можна было працаваць разам дзеля перамен у Беларусі. Але некаторыя людзі, не хачу ўдавацца ў падрабязнасці і называць прозвішчы, вырашылі працаваць супраць Офіса ці супраць Ціханоўскай.

Аднойчы, калі ўсё гэта скончыцца, у мяне будзе магчымасць распавесці, як гэта развівалася на самай справе.

Чаму не зараз? Я сыходжу з меркавання, што такія гісторыі зараз нам не дапамогуць і ўнёску ў дэмакратычны рух не прыўнясуць, толькі могуць пасварыць каго яшчэ больш. І людзі будуць думаць зусім не над тым, што можна зрабіць для Беларусі, запусціць яшчэ адзін збор для дапамогі нашым зняволеным ці добраахвотнікам, а над тым, што сказала Ціханоўская, ці праўда гэта — навошта, каб энергія прападала ў гэтым балоце.

***

— Помню той момант, калі апынулася ў Вільні і была ўпэўненая, што кожны беларус будзе казаць: маўляў, здрадзіла, з’ехала. А пачула столькі слоў падтрымкі,— «Святлана, як добра, што вы ў бяспецы, што вы можаце быць нашым голасам». Хоць я разумею, што галасавалі не за мяне, галасавалі за перамены.

Тая падтрымка людзей дала мне штуршок, каб рухацца.

***

— Мы сустракаемся з усімі, хто падтрымлівае незалежную Беларусь. Не магу сказаць, што дзверы адміністрацыі Зяленскага зачыненыя — пару тыдняў таму мы сустракаліся з людзьмі, якія ў вельмі блізкім атачэнні да прэзідэнта Украіны. Калі гэтыя дзверы будуць адчыненыя ім самім, калі ўкраінскія ўлады прыйдуць да думкі, што нам патрэбная сустрэча — то мы адкрытыя заўжды.

Але незалежна ад таго, будзем мы камунікаваць з прэзідэнтам напрасткі ці не будзем камунікаваць увогуле, нельга спыняць падтрымку Украіны. Яе перамога — у нацыянальных інтарэсах Беларусі, у інтарэсах іншых краін, і наша задача — падтрымліваць, як толькі можам: у медыя, добраахвотнікамі, антываеннымі акцыямі.

Мы разумеем украінскі бок і не спыняем падтрымку.

***

— Я веру ў беларускую армію, што яны таксама не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне, не хочуць паміраць і забіваць за амбіцыі двух узурпатараў. Але ж такая сітуацыя можа і адбыцца, і мы павінны быць падрыхтаванымі да таго моманту. Таму думаем, што можна зрабіць у новых умовах.

Шмат залежыць ад таго, якія гэта будуць войскі, якая колькасць, ці лаяльныя рэжыму 2-3 тысячы людзей, ці ўся армія… Зараз выпрацоўваюцца рэкамендацыі, што можна будзе зрабіць у Беларусі і па-за межамі, каб у пэўны момант мы былі гатовыя.

Вельмі шмат намаганняў спатрэбіцца на міжнароднай арэне, бо, канешне, гэта будзе «чорная метка» для Беларусі. І калі нам удалося адбіць рэакцыю на тое, што Беларусь стала суагрэсарам, то тут праца будзе нашмат цяжэйшая.

***

— Ёсць такія заходнія палітыкі, асабліва жанчыны, якім не трэба расказваць, што ў нас адбываецца — яны і так ведаюць, і калі мы сустракаемся, то адразу пераходзім да справы. Напрыклад, гэта датычыцца Раберты Мецола, старшыні Еўрапарламенту, з якой мы вельмі добра пасябравалі, Аналены Бербок, з якой склаліся вельмі добрыя стасункі.

Вельмі ўразіла мяне сустрэча з Мадлен Олбрайт, хоць мы бачыліся толькі адзін раз, і яе з намі няма больш, але гэта ўражанне на ўсё жыццё.

***

— Украінцы дазваляюць сабе і ўсміхацца, і жартаваць, і спяваць — бо яны разам, улады і народ. Гэта тое, што надае ім сілы.

А ў нашым выпадку ловіш сябе на думцы, што ты не маеш права нават усміхацца, не маеш права адпачываць і гэтак далей, калі ў тваёй краіне адбываецца такое. Яшчэ да некаторага часу таму я не дазваляла скарыстоўваць у медыя здымкі, дзе я ўсміхаюся, бо ўжо ўяўляю, якая будзе рэакцыя ад рэжыму: людзі ў турмах, вайна, — а яна ўсміхаецца.

***

— Зараз што ні скажы, будзе гучаць банальна. Але насамрэч хачу сказаць беларусам, каб яны сябе не недаацэньвалі.

Пакуль мы будзем сябе лічыць маленькімі людзьмі, не здатнымі ні да чаго, то нічога і не будзе. Усвядомьце, што кожны з вас — вялікі чалавек. Мы вельмі моцная нацыя, мы гэта ўжо даказалі і працягваем даказваць.

Не сварыцеся з тымі, хто на тым баку, спакойна даносьце сваё меркаванне,  хоць зараз гэта вельмі цяжка, не прыпадабняйцеся да тых, хто гвалтам і дубінкамі спрабуе данесці свой пункт гледжання.

Ганарыцеся тым, што вы — беларусы. І помніце, што толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(40)