Ціханоўская: «Калі рэжым адчуе сваю перамогу, то будзе яшчэ больш рэпрэсій, будзе яшчэ больш людзей у турмах»

Лідарка дэмсілаў у перадачы Ток адказала на няпростыя пытанні чытачоў пра палітвязняў, Лукашэнку і Расію. Прапануем абраныя моманты інтэрв’ю.

Ці трэба прызнаць паразу дзеля змяншэння рэпрэсій

— Я думаю, што гэтае пытанне задаў чалавек, які думае, што дзеянні рэжыму лагічныя. Што калі мы нешта зробім, то і рэжым са свайго боку зробіць тое, што мы ад яго хочам. Але гэта не так.

Нават калі будзе такі сцэнар, то не факт, што рэпрэсіі зменшацца, што вызваляць палітзняволеных. Я думаю, больш за тое, калі рэжым адчуе сваю перамогу, то будзе яшчэ больш рэпрэсій, будзе яшчэ больш людзей у турмах.  

Калі прыйдуць перамены?

— На пытанне «калі?» не адкажу. Не прыйдзе чараўнік і не зменіць усё ў Беларусі. Кожны чалавек павінен узяць на сябе адказнасць. Тую толіку адказансці, на якую ён мае магчымасць.

Што рабіць, калі план «Перамога» не спрацаваў, а Украіна не перамагла?

— Калі казаць, што ўсё прапала, план «Перамога» прапаў, перамога Украіны прапала, то я такімі крытэрыямі не мыслю. І мы не павінны думаць, што Украіна пераможа і вось усё стане добра. Ці план «Перамога» будзе запушчаны і ўсё тут стане добра.

А я пасяджу, пасачу, як гэта будзе адбывацца, і буду потым жыць у нармальнай дэмакратычнай краіне. Так не будзе. Той, хто задаў такое пытанне, і ў каго такія думкі ёсць, кожны павен быць уключаны ў нашы супольныя дзеянні па дэмантаванні гэтага рэжыму.

Як змянілася стаўленне да Расіі

— Канечне, Беларусь у эканамічным сэнсе вельмі залежыць ад Расіі. І мы павінны памятаць, хто ўмацаваў гэтую залежнасць. Гэта была адмысловая палітыка Лукашэнкі, каб гэтую залежнасць паглыбляць. Ужо зараз нашымі эканамістамі распрацоўваюцца захады, як можна гэтую залежнасць зменшыць. Ці ўвогуле ад яе адысці.

Я разумею, што калі гэта будзе зроблена, жыццё не зробіцца эканамічна адразу добрым. Нам выпадзе яшчэ вельмі шмат цяжкасцяў. Бо газ і нафта — гэта вельмі важныя рэсурсы, якія мы атрымліваем ад Расіі.

Але ёсць спосабы, каб перайсці на іншыя крыніцы. І гэта магчыма, калі ёсць такая мэта. І я думаю, што Еўропа, якая зараз таксама адмяжоўваецца ад расійскіх рэсурсаў, нам у гэтым дапаможа.

Ці прабачыць калісьці Лукашэнку

— Я проста зараз гляджу ў сябе і проста думаю, што я ўвогуле адчуваю да гэтага чалавека. Дзеянні гэтай улады, можа асабіста гэтага чалавека — тое, што не ўпісваецца ўвогуле ні ў якія рамкі.

І так шмат негатыву да таго, што дазваляе рабіць сабе гэтая ўлада, што ты ўжо губляеш шырыню гэтых адчуванняў. Гэта і злосць, гэта і нянавісць, гэта неразуменне, як так можна, бо ты параўноўваеш, ці мог бы ты так зрабіць, ці не.

У цябе ў галаве не ўкладваецца, як гэта ўвогуле можна зрабіць. Хай Бог прабачае

Пра паблік «Советская Белоруссия»

— Ведаеце, не хапае нам пазітыўных эмоцый зараз. І я час ад часу чытаю гэты тэлеграм-канал. І мне вельмі падабаецца, што яны робяць. Мне вельмі падабаецца, калі ўжо ўвечары перад сном чытаеш і там: «Ціханоўская, спіш?» А я не сплю, чытаю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(29)