Мы хочам вярнуцца дадому. Дадому ў Еўропу.
Ціханоўская: «Еўрапейскі саюз – гэта будучыня, да якой мы імкнёмся і ў якой прагнем застацца назаўсёды»
Што лідэр дэмсіл Беларусі заявіла на пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу.
Святлана Ціханоўская агучыла, што «у адрозненні ад вайны ва Украіне, наша вайна – ціхая»:
– Мэта Крамля ў гэтай вайне такая ж, што і ва Украіне: ператварыць Беларусь у калонію Расіі. Пуціну у гэтай справе дапамагае Лукашэнка – ён па частках прадае незалежнасць нашай краіны. Дапамажыце нам прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Ён не заслуговае анічога, акрамя квітка ў адзін бок у Гаагу.
Палiтык адзначыла, што у гэтай «ціхай вайне паказалі сябе мноства ціхіх герояў»: «Настаўнікі, што адмаўляюцца вучыць дзяцей «дзяржаўнай ідэалогіі». Сумленныя чыноўнікі, якія дзеляцца каштоўнай інфармацыяй. Бізнесмены, што таемна дапамагаюць сем'ям рэпрэсаваных. Пенсіянеры, якія звярнуліся да мяне з просьбай «перадаць еўрапейцам, што мы не здамося».
Яна паведамiла еўрадэпутатам, што беларускія дэмсілы прынялі сумесную дэкларацыю, якая акрэслівае стратэгічную мэту – уваходжанне Беларусі ў ЕС.
– Ведаю, што гэта доўгі працэс і ён не будзе лёгкім. Аднак для нас няма зваротнага шляху. Еўрапейскі саюз – гэта будучыня, да якой мы імкнёмся і ў якой прагнем застацца назаўсёды.
I заклікала падтрымаць рэзалюцыю з прызнаннем еўрапейскіх памкненняў беларусаў, якую ўнёс Пятрас Аўштравічус: «Я прапаную вывесці адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам на новы узровень і інстытуцыяналізаваць нашу супрацу».
Як паведаміў брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзвяк, Еўрапарламент ухваліў даклад аб адносінах з Беларуссю, падтрымаўшы еўрапейскія памкненні беларусаў: «Маленькі, маленькі крок, але звычайна менавіта так пачынаецца дарога да Еўрасаюзу».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное