Общество

Ці знайшоў супакаенне польскі салдат Эміль Чэчка?

17 сакавіка польскага перабежчыка знайшлі павешаным у кватэры, дзе ён жыў у Мінску. Народная Воля пацікавілася, ці адбылося яго пахаванне, бо ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт не было.

Нагадаем: у снежні 2021 года польскі салдат Эміль Чэчка папрасіў прытулку ў Беларусі. Пазней на спецыяльна арганізаванай прэс-канферэнцыі ён расказаў шакіруючыя факты аб забойствах мігрантаў на польскай мяжы. Пры гэтым быццам ён сам страляў у бежанцаў.

Следчы камітэт Беларусі тут жа распачаў крымінальную справу аб гібелі мігрантаў на беларуска-польскай граніцы, па якой Эміль Чэчка праходзіў сведкам. Неўзабаве яму дапамаглі падаць іск «Аб генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці на тэрыторыі Польшчы» ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, які, дарэчы, прынялі да разгляду.

Тым часам пракуратура Беластока ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Чэчкі за дэзерцірства.

«Народная Воля» запыталася, ці мае нейкія навіны пра справу Эміля Чэчкі намеснік Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі. Можа, цела польскага салдата аддалі на пахаванне сваякам альбо вядомы вынікі экспертызы?

«Нічога не ведаю, – адказаў дыпламат. – Звяртайцеся да беларускіх улад, бо ён памёр у Беларусі. У мяне няма ніякай інфармацыі на гэты конт».

Вядома, што Эмілем Чэчкам апекаваўся дырэктар цэнтра «Сістэмная праваабарона» Дзмітрый Белякоў, які ўзяў яго на працу і нават здымаў яму кватэру. Між іншым, ён першы забіў трывогу, калі Чэчка не з’явіўся ў іхнім офісе на працы. Белякоў пайшоў у кватэру, дзе жыў Чэчка, і знайшоў яго ўжо нежывым. «Я выклікаў міліцыю, – распавядаў Дзмітрый Белякоў журналістам. – Следчыя вызначаюць абставіны смерці».

Дзмітрый Белякоў не выключаў і гвалтоўны характар смерці паляка: «Эміль Чэчка з’яўляецца сведкам па ключавых справах у Польшчы, на яго адрас паступалі пагрозы».

У Следчым камітэце заявілі, што разглядаюцца ўсе магчымыя версіі таго, што адбылося, у тым ліку гвалтоўная смерць.

Магчыма, сёння Дзмітрый Белякоў валодае падрабязнасцямі пра пахаванне польскага салдата?

– Наколькі мне вядома, пахавання не было, следства ідзе, – адказаў «Народнай Волі» Дзмітрый. – Яшчэ вядуцца следчыя мерапрыемствы. Думаю, мяне паставілі б у вядомасць наконт пахавання. Мы вырашалі б пытанні і з амбасадай, і з ягонай маці. Мяркую, што следчыя органы звязваліся з пасольствам і ягонай маці.

– Вы кантактавалі з ягонай маці?

– Не. Ён з ёй не падтрымліваў адносін.

– Калі яго будуць хаваць, то дзе?

– Дакладна не ведаю. Думаю, будзем вырашаць гэтае пытанне з пасольствам. Мяркую, што яго тут крэміруюць і прах перададуць праз амбасаду на радзіму, калі ў нас атрымаецца знайсці агульную мову з польскім пасольствам.

Што тычыцца адносінаў Эміля Чэчкі з маці, то ў польскіх сродках масавай інфармацыі паведамлялася пра тое, што акруговы суд Ольштына (Польшча) асудзіў салдата Эміля Чэчку да шасці месяцаў турэмнага зняволення за здзекі з уласнай маці. Але ён не адбыў пакаранне, бо ўцёк у Беларусь.

«Абвінавачаны злоўжываў алкаголем і ўчыняў дзеянні, якія набылі характар фізічных і псіхалагічных здзекаў з маці», – гаварылася ў паведамленні, якое распаўсюдзіла Польскае агенцтва друку. Згодна з прысудам, Чэчку было забаронена набліжацца да маці менш як на 50 метраў і звязвацца з ёй напрамую на працягу года.

Дагэтуль не вядома, як жанчына адрэагавала на смерць сына: ні польскія, ні беларускія сродкі масавай інфармацыі не пісалі пра гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(7)