Общество
Алесь Гізун, intex-press.by

Ці заменяць жалуды беларусам каву? (фота)

Выпрабаваць на сабе напаўзабыты народны рэцэпт жалудовага напою карэспандэнта «IP» падштурхнулі сённяшнія шалёныя кошты на каву, якая закупляецца за валюту.

Пра жалудовую каву, бадай, хаця раз у жыцці чуў кожны з нас. Чуў кожны, але каштавалі, напэўна, нямногія. А чаму б не пакаштаваць! На жалуды валюта не трэба – штовосень іх лёгка і, галоўнае, абсалютна бясплатна можна назбіраць у любой дуброве.

Увосень дубровы не сціхаюць ад проста ашалелых соек, якія нарыхтоўваюць жалуды сабе на зіму. А яшчэ жалудамі харчуюцца дзікі, мышы, вавёркі, арэшнікавыя соні… Хіба пацярпелыя матэрыяльна беларусы горшыя за грызуноў і кабаноў, каб ігнараваць дармавы прадукт пад нагамі?

Тым больш, касмічны палёт цэнаў сам падштурховае да эксперыменту над сабою ды ўласным арганізмам!

Такім чынам, эксперыментальнай базай была абрана дуброва графоў Пуслоўскіх у Альбярціне, што пад Слонімам. Балазе жалудоў сёлета там урадзіла багата, нават з лішкам. Ды і на выгляд яны буйныя і выцягнутыя (па форме нагадваюць фінікі) – акурат такі гатунак, калі верыць аматарам жалудовай кавы, найлепш падыходзіць для прагатавання жалудовага напою. Час для збірання жалудоў цяпер таксама ідэальны – пасля першых замаразкаў.

У Інтэрнэце часта рэкамендуюць перад сушкаю спачатку вымачыць альбо паварыць жалуды 30 – 40 хвілін, каб пазбавіць іх характэрнай горычы. Аднак вядомы расійскі папулярызатар батанікі Мікалай Вярзілін для вырабу кавы з жалудоў рэкамендуе гэтага не рабіць.

Ідзем па шляху найменшага супраціву: прамываем жалуды, раскладаем на бляху і – адразу ў духоўку.

Падсушаныя і палушчаныя жалуды выкладаем на бляху і – у печ

Абабраць дубовыя плады ад шалупіння лепш пасля першае прасушкі: так яны лягчэй палушчацца і падзеляцца на дзве палоўкі. Лепей таксама сушыць жалуды ашчадна, не за адзін раз, а за некалькі падыходаў: 5 – 7 разоў па 30 – 40 хвілін пры тэмпературы 150 – 200 градусаў.

Перад кожнай прасушкай жалудовыя палоўкі трэба перасыпаць, каб яны падсмажваліся роўна. Пасля другой ці трэцяй прасушкі палоўкі можна пакалоць на драбнейшыя часткі памерам з кававыя зярняты. Так жалуды хутчэй падсмажацца, і пасля іх будзе лягчэй змалоць. Вы будзеце назіраць, як вашы жалуды ўсё больш і больш набываюць колер смажанай кавы, а з духоўкі па кватэры разыходзіцца прыемны пах смажаных арэхаў.

Знаўцы жалудовай кавы раяць надта не перасмажваць жалуды, а толькі дачакацца, калі яны добра пабурэюць і набудуць хрумсткую кансістэнцыю.

Паколатыя і падсмажаныя жалуды выглядаюць, амаль як натуральная кава

Працэсы прыгатавання кавы з жалудоў і звычайнае кавы выглядаюць аднолькава. Жалуды трэба змалоць у кавамолцы на парашок і пасля варыць у турцы, як натуральную каву. На сярэдні кубачак рэкамендуюць сыпаць 1 – 2 маленькія лыжкі такога парашку.

Меленыя жалуды маюць прыемны карамельны водар

Напой, што ў выніку атрымліваецца, на выгляд мала чым адрозніваецца ад звычайнай кавы – мае чорны колер і нават невялікі шумок зверху.

Кава з жалудоў мае цьмяны карамельна-арэхавы смак і яскрава выражаную нотку горычы.

Праўда, розніца ў смаку паміж напоямі з пладоў беларускага дубу і афрыканскага кававага дрэва – прыкладна такая ж, як… паміж Беларуссю і Афрыкай.

Але трэба ўсё ж прызнаць, што жалудовая кава – напой для аматараў.

Варта засцерагчы таксама запарваць яе вельмі моцна. Нават пры самых пазітыўных настройках і неверагоднай пашане да батанікі п’ецца такі напой цяжкавата. Кардынальна палепшыць смак жалудовай кавы дапамагае лыжка мёду. Некаторыя аматары для паляпшэння смаку рэкамендуюць таксама змешваць дубовы парашок з роўнымі часткамі парашку з падсмажанага зерня ячмяню, жыта, аўсу ці карэння цыкорыі. На ўласны густ дадаюць таксама малако і цукар.

Як сцвярджаюць навукоўцы, жалудовы напой вельмі карысны: ён падымае тонус, дапамагае пры расстройствах страўніка, а таксама пры шматлікіх захворваннях сэрца і моча-полавай сістэмы.

Па сцверджаннях гісторыкаў, менавіта такую эрзац-каву піла насельніцтва Германіі падчас II-й Сусветнай вайны.

Тры высновы эксперыменту...

Для сапраўдных кававых гурманаў: не варта спадзявацца на жалуды, паколькі яны наўрад ці заменяць каву. А таму запасайцеся натуральнаю каваю, пакуль кошты на яе зноў не ўзляцелі.

Для аматараў вострых пачуццяў і забытай нацыянальнай экзотыкі: усё ж паспрабуйце – не пашкадуеце.

Для кабаноў і грызуноў: цешцеся новым ураджаем жалудоў, бо пакуль што беларусы вам не канкурэнты. Пакуль што...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)