Общество
Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

Ці ўратуе санаторый «Азёрны» палац ХVІІІ стагодзьдзя?

Палац Валовічаў у Сьвяцку Гарадзенскага раёну перадаюць санаторыю “Азёрны”. Улады нарэшце наважыліся зрабіць гэта бясплатна з увагі на тое, што вельмі дорага абыдзецца рэстаўрацыя палацу. Канчаткова пытаньне мае вырашыцца ў лістападзе. Санаторый быў створаны Нацбанкам, а цяпер існуе як адкрытае акцыянэрнае таварыства.

У палацы ў Сьвяцку быў санаторый для сухотнікаў, але ўжо некалькі гадоў гмах стаіць пустым і разбураецца. Улады хацелі прадаць помнік архітэктуры новаму гаспадару і абавязаць яго зрабіць рэстаўрацыю, але з гэтага нічога не атрымалася: сума пакупкі была вельмі вялікай, аднаўленьне вымагае яшчэ большых грошай. Чатыры гарадзенскія гісторыкі выказалі занепакоенасьць станам палацу Валовічаў, але адказ з Міністэрства культуры наконт яго перадачы санаторыю “Азёрны” іх не задаволіў. Чаму? Меркаваньне аднаго з падпісантаў — Андрэя Чарнякевіча:

“Відавочна, што дзяржава і чыноўнікі бачаць праблему, бо інакш не атрымоўваецца і час насьпеў штосьці вырашаць з гэтым палацам. Але відавочна і іншае: гэтыя крокі, яны абмежаваныя. Патрабуецца дзяржаўная плянавая дапамога і вырашэньне глябальных пытаньняў: перадаць толькі на балянс чарговай установы, якая, хутчэй за усё, не зацікаўленая ў такім “падарунку данайцаў” і будзе рабіць бадай усё магчымае, каб скінуць з сябе цяжар адказнасьці, гэтага замала. І трэцяе: непразрыстасьць працэсу. Мне здаецца, гэта хутчэй зацягваньне праблемы, чым станоўчыя канкрэтныя крокі”.

Я пацікавіўся ў спадара Чарнякевіча: што трэба рабіць, каб уратаваць палац?

Чарнякевіч: “Гаворка ідзе пра помнік гісторыка-культурны, таму гэтае “бясплатна” вымагае цэлы шэраг абавязацельстваў. Як вырашыць гэтую праблему? Перш за усё дзяржава павінна узяць на сябе абавязкі, не перакладаць на кагосьці, знайсьці гэтыя сродкі, гэта можна было б зрабіць у рэчышчы транспамежнага супрацоўніцтва. Напэўна, каб мяжа была адкрыта, то інвэстары з Друскенік ці з Польшчы зацікавіліся б магчымасьцю супольнага выкарыстаньня помніка пры наяўнасьці пэўных гарантый”.

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў не падпісваў ліста да міністра культуры, але яго таксама турбуе лёс палаца ў Сьвяцку.

Трусаў: “Я вось аб чым хацеў сказаць: капіталаўкладаньні неверагодна вялікія. А стан палацу страшэнны, ня проста аварыйны, а — яшчэ горшы. Тое, што перадалі бясплатна, на гэта указ ёсьць прэзыдэнта ўжо чатыры гады, але чаму гэтай магчымасьцю не скарысталіся дагэтуль — вось пытаньне”.

Ігар Трусаў мяркуе, што ў Беларусі няма рэальных заказчыкаў, у якіх ёсьць грошы на сапраўды навуковую рэстаўрацыю палаца ў Сьвяцку, нават у Нацбанка.

Палац у Сьвяцку знаходзіцца за 20 кілямэтраў ад Горадні непадалёк ад мяжы з Польшчай. Пабудаваны ў 1779 годзе (архітэктар Джузэпэ Сака). Гэта двухпавярховая камяніца з высокім мансардавым дахам. Палацава-паркавы ансамбаль — помнік пераходнай архітэктуры ад барока да клясыцызму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)