Ці спрацуе заклік да страйку?
Беларускае аб’яднаньне рабочых абвясьціла агульнанацыянальны страйк ад 1 лістапада. Якімі былі вынікі і наступствы агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага роўна год таму Сьвятланай Ціханоўскай? Якія перадумовы сёлетняга страйку, прызначанага на 1 лістапада?
Гэтыя пытаньні на Свабодзе абмеркавалі дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па палітычных пытаньнях Аляксандар Дабравольскі і палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Акцыя пратэсту ў Менску, 26 кастрычніка 2020
Карбалевіч:
Леташні заклік Ціханоўскай да агульнанацыянальнага страйку прагучаў на трэндзе спаду масавых пратэстаў.
Калі б гэты заклік прагучаў недзе ў сярэдзіне жніўня, магчыма, што плён быў бы большым.
Тады пратэст быў на пад’ёме, а ўлада — разгубленая.
Заклік Ціханоўскай выклікаў пэўны ўсплёск на кароткі тэрмін, але ў той момант ён ня мог кардынальна паўплываць на разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў краіне.
Некаторыя людзі ў адказ на заклік зь Вільні перакрывала дарогі. Яны за гэта атрымалі немалыя тэрміны.
Гэта экзістэнцыйнае пытаньне — якія ахвяры можна прыносіць на карысьць вельмі добрай справы?
Гэта пытаньне ня толькі бягучай беларускай палітыкі, гэта вечная тэма грамадзкага прагрэсу.
Беларускі крызіс яшчэ не завершаны. Таму рана даваць канчатковы адказ на гэтае пытаньне.
Эпоха пралетарскіх рэвалюцыяў — гэта эпоха фармаваньня індустрыяльнага грамадзтва.
А сёньня мы жывём у постіндустрыяльным грамадзтве. Таму рухавікамі сацыяльнага прагрэсу зараз зьяўляюцца зусім іншыя слаі грамадзтва.
Доля прамысловасьці ў разьвітых грамадзтвах цяпер невялікая, у Беларусі ў тым ліку.
Асноўным рухавіком леташніх пратэстаў была сярэдняя кляса.
Рабочыя складалі ня самую вялікую долю гэтага пратэсту.
Беларуская прамысловасьць — гэта пераважна дзяржаўная прамысловасьць.
Працоўныя калектывы на гэтых прадпрыемствах вельмі моцна залежаць ад дзяржавы.
Выжываньне значнай часткі дзяржпрадпрыемстваў у значнай ступені залежыць ад дзяржаўных ільготаў, субсыдыяў, крэдытаваньня.
І гэты чыньнік стрымлівае работнікаў гэтых прадпрыемстваў ад таго, каб актыўна пратэставаць супраць таго рэжыму, які фактычна іх падтрымлівае.
Летась былі ня толькі масавыя пратэсты, але і вельмі высокая палітызацыя грамадзтва.
Зашкальвала колькасьць людзей, якія спажывалі інфармацыю незалежных мэдыя.
Быў відавочны падʼём і цікавасьць грамадзтва да палітыкі.
Сёньня нічога з гэтага мы ня бачым. Сёньня мы бачым спад грамадзкай актыўнасьці, пэўную дэпалітызацыю і дэмабілізацыю, плюс вельмі жорсткія рэпрэсіі.
Дабравольскі:
Палітычныя рашэньні часта выбар паміж кепскім і яшчэ горшым.
Адразу пасьля выбараў летась рабочыя на многіх прадпрыемствах выступілі супраць фальсыфікацыяў.
Гэта было ўпершыню за шмат гадоў.
У жніўні мы высьветлілі, што пратэстныя настроі былі моцныя, але страйкі не былі падрыхтаваныя.
Пасьля пачалася праца з рабочым рухам, з незалежнымі прафсаюзамі паразуменьня не адбылося.
Мы ўпершыню за шмат гадоў мелі справу з сытуацыяй, калі пераважная частка народу выступіла за перамены.
Нават цяпер каля 60% насельніцтва выступае за правядзеньне новых выбараў.
Тады адбываўся спад пратэстаў, але адбывалася і падрыхтоўка да страйку.
Тады ў дзень пачатку страйку шмат чыноўнікаў, у тым ліку і зь сілавых структураў, напісалі заявы аб звальненьні.
Некаторыя зь іх цяпер працуюць у ініцыятыве B*Pol.
Яны казалі нам, што калі б ня заклік Ціханоўскай, магчыма, гэтая ініцыятыва і не ўтварылася б.
Мы тады няправільна падлічылі балянс, мы, каманда Ціханоўскай, спадзяваліся, што людзі будуць дзейнічаць больш рашуча.
Мы бярэм на сябе адказнасьць за тое, што мы прапаноўвалі. Але мы ня маем намеру браць на сябе віну за тое, што рабіў Лукашэнка.
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай кантактуе з рознымі рабочымі арганізацыямі.
У іх ёсьць розныя меркаваньні наконт стратэгіі страйку.
Яны ўсе рыхтуюцца да гэтага, але толькі адна арганізацыя лічыць, што страйк магчымы.
Калі казаць дыпляматычна, то мы падтрымліваем усе патрабаваньні рабочых, аднак даволі крытычна ацэньваем магчымасьці.
Хочацца пажадаць ім посьпеху, але вялікай надзеі ў мяне асабіста няма.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное