Ці перажылі б кіраўнікі краіны турэмны абед?

У лістах нашых слухачоў згадваецца абуральная сытуацыя з харчаваньнем у беларускіх установах пазбаўленьня волі. «Катаваньні ежай» — так называюць гэта самі вязьні.

Праваабаронцы , якія апошнім часам атрымліваюць усё больш скаргаў ад зьняволеных і іх сваякоў , кажуць , аднак , што на турэмную ежу скаргаў ім не падавалі . Магчыма , сапраўды іншыя грубыя парушэньні правоў чалавека ў турмах здаюцца больш важнымі .

У суседняй Літве скаргаў на турэмнае харчаваньне пішуць шмат. Да таго ж лічыцца нармальным, калі турэмную сталоўку незаплянавана наведае хтосьці з кіраўнікоў краіны і разам з арыштантамі пакаштуе іхняй ежы. Так, як гэта нядаўна зрабіла ў Панявескай калёніі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце. Ці перажылі б беларускія кіраўнікі турэмны абед, падрыхтаваны нібыта паводле нормаў, зацьверджаных імі самімі?

«Літоўскія вязьні скардзяцца на турэмную ежу, а беларускія – не»

Зьняволены адной зь беларускіх калёній Сяргей напісаў у перадачу пра ўмовы ў сучасных беларускіх турмах і параўнаў сытуацыю з 1990-мі гадамі. Паводле аўтара ліста, цяпер стала значна горш.

— Маю на руках пастанову Савету міністраў, — піша Сяргей. — Згодна зь ёй на кожнага чалавека ў суткі прыпадае: мяса (ялавічына, сьвініна, бараніна 1-й катэгорыі) — 150 г.

Рэальна мяса маем у выглядзе нейкага перакручанага фаршу (незразумела з чаго), які кідаюць у кашу. Той, хто каштаваў гэта, ніколі не назаве гэта мясам і ня скажа, што паводле вагі гэта больш за 50 г.

Таксама нам павінны выдаваць рыбу па 100 г на чалавека. Наўрад ці падобная норма захоўваецца, бо рыба заўсёды падаецца з галавой.

Гародніна — 350 г. Усе забыліся, што значыць гэтае слова. За выключэньнем рэдкіх дзён, калі выдаюць або суп з буракоў або з капусты.

Бульба — 500 г. Яе апошнім часам ня бачылі ўвогуле.

Шмат хто з асуджаных не атрымлівае ані грашовай дапамогі з дому, ані харчовых пасылак. Атаварыцца ў турэмнай краме няма за што.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» кажуць, што не даводзілася займацца скаргамі на харчаваньне ў месцах зьняволеньня. Магчыма, столькі іншых грубых парушэньняў правоў чалавека ў беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме, што ежа адступае на другі плян. Дый не чакаюць ад турэмнай ежы асаблівай якасьці. Шмат хто, напэўна, зьмірыўся зь цяперашняй сытуацыяй, калі ўлады фактычна парушаюць уласныя ж пастановы.

«Крупінка за крупінкай ганяецца з дубінкай»

Былы зьняволены, які адбываў пакараньне ў Беларусі і Літве, а цяпер займаецца праваабарончай і грамадзкай дзейнасьцю, Валеры Савянкоў, прыгадвае:

— Памятаю, у менскай турме давалі так званую юшку. Там вада і плаваюць вочы мойвы. Самой рыбы няма. Толькі яе вочы. Ёсьць такая зэкаўская прымаўка наконт турэмнай ежы: крупінка за крупінкай ганяецца з дубінкай. Таму што ў тым супе толькі вада. З крупаў і ў Беларусі, і ў Літве даюць толькі пярлоўку ды авёс. У тыя часы кожны беларускі зэк кляўся, што калі выйдзе на волю, прынясе торт курам ды коням — за тое, што ўвесь тэрмін еў іхную ежу. Такая там кармёжка.

Цяпер у літоўскіх турмах паводле нормаў харчаваньня кожны вязень павінен атрымліваць зь ежай 2000 кілякалёрыяў. На гэтых 2000 кілякалёрыях старажытны чалавек даганяў аленя, але ж ЗК ледзь ногі валачэ. Няма там гэтых 2000. Бо ўсё гэта расьцягваецца, раскрадаецца і г.д..

Мясцовая адміністрацыя, якая адчувае сваю беспакаранасьць і над якой няма грамадзкага кантролю, — гэта адзін бок праблемы.

Апрача таго, праз харчаваньне турэмнае кіраўніцтва фактычна катуе зьняволеных. Існуе шмат спосабаў.

Як сьведчыць былы беларускі зьняволены Зьміцер Каляда, у дачыненьні да «палітычных» турэмнікі-міліцыянты ўжываюць тактыку дробных паскудзтваў. Паводле Зьмітра, ён не аднойчы рабіўся сьведкам таго, як адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі абыходзілася зь Мікалаем Аўтуховічам.

— Мікалай мае праблемы са страўнікам. А таму ён ня хоча хадзіць у сталоўку. Бо — прабачце, але там кормяць г…м. Мая бабуля ў вёсцы сьвіней карміла лепш, чым тут людзей. Бываюць выключэньні, калі прыяжджае начальства ці праверка. Тады смачна прыгатуюць. Але такое надзвычай рэдка. Заўгас, які цярпець ня можа Аўтуховіча, пойдзе, нашэпча, і на Мікалая пішуць дакладныя. Вядуць яго на размову да начальства, неяк караюць. У нас, напрыклад, крама турэмная, дзе раз на месяц можна набыць нейкіх харчоў. Строгі рэжым — 140 тысяч. А калі накладзены штраф, дык толькі 35 тысяч. Па-мойму, такое заставалася нават і пасьля інфляцыі. Што можна набыць на гэтую суму? З-за адмовы ад харчаваньня ў сталоўцы могуць паскудзіць жыцьцё, не даючы спатканьняў.

Валеры Савянкоў у часе свайго побыту ў віленскай турме на Лукішках напісаў каля 100 скаргаў на харчаваньне, але інспэктары не знайшлі парушэньняў. Савянкоў пісаў і шмат іншых скаргаў на ўмовы напрыканцы 90-х — на пачатку 2000-х, але толькі ў 2008-м выйграў справу супраць Літвы ў Страсбурскім судзе па правах чалавека, дзе ён спадзяваўся найперш на перагляд свайго, як ён перакананы, несправядлівага прысуду. Страсбурскі суд прыраўняў умовы Лукішак да катаваньняў. Прадстаўніца літоўскага ўраду ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека Эльвіра Балтуціце назвала Савянкова адным з найбольш актыўных аўтараў скаргаў зь Літвы.

Вось прыклад з сольлю, які падае Валеры Савянкоў. Раней у Літве на аднаго зьняволенага ў суткі паводле нормаў прызначалася 20 г солі.

— Тое ж самае ў Беларусі і цяпер — норма 20 г солі на чалавека ў суткі. Ну скажыце, куды столькі чалавеку? Мне паясьняла кіраўніцтва, што гэтая соль ідзе на квашаньне капусты, таму што галоўная ежа зэка — гэта кіслая капуста. Яе кожны дзень падаюць. Яе квасяць, квасяць, і штодня на стале. Я яшчэ пісаў скаргі пра тое, навошта гэтыя кіслыя памідоры зялёныя даюць увесь час. Нават згаладалыя зэкі — ніхто іх ня есьць, яны застаюцца на сталах. Навошта іх даваць? Адна соль, і такія кіслыя, аж Масква відаць. Гэта ж атрута. Кіраўніцтва кажа — так трэба паводле мэню, паложана гародніна. Вось гэта вам гародніна. Што ў Беларусі, што тут — адна і тая ж сыстэма, адны спосабы і падобныя нормы. У віленскай турме гэтую капусту цэлую восень крышаць, рэжуць, квасяць і запасаюць на ўвесь год — калі яе падаюць, яна ўжо такая раскіслая, такая гнілая, так пракісьліваецца — вось тады соль ідзе. І яшчэ соль на селядцы, іх у турме самі соляць. Калі зэкаў адпраўляюць па этапу, ім даюць пайку — чорны хлеб, бохан, і два-тры селядцы. А піць канвой не дае, а ў гэтых вагонах сталыпінскіх зэкі суткамі марнуюцца, бо яны ўдзень стаяць, едуць толькі па начах. Гэта катаваньне ежай, гэта катаваньні.

Што ж, гэта сытуацыя канца 90-х — пачатку 2000-х гадоў. Цяпер нормы зьмененыя: напрыклад, той жа солі на дзень — 2 г. Але трывалы пах кіслай капусты на Лукішках, пра які згадвае Валеры Савянкоў, застаўся — калі прэзыдэнт Літвы наведвала Лукіскую турму, яна назвала яе «адкрытай ранай» у цэнтры Вільні. Умовы ў турмах — паказьнік сытуацыі ў краіне. Магчыма, таму кіраўніцтва Літвы наведвае месцы зьняволеньня, часам нечакана абедае там разам зь вязьнямі.

Даля Грыбаўскайце ў Панявескай жаночай калёніі

Напрыклад, з нагоды 150-гадовага юбілею літоўскай пісьменьніцы і грамадзкай дзяячкі Габрыелі Пяткявічайце-Біце прэзыдэнтка наведала жаночую калёнію ў Панявежысе. Чаму такім дзіўным чынам ушаноўваўся юбілей пісьменьніцы? Таму што яна была вядомай апякункай вязьняў. Дык вось, прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце адзначыла яе юбілей не ў акадэмічнай залі, а ў турме зь вязьнямі папраўчай калёніі. Там і паабедала з агульнага катла разам са зьняволенымі: расольнік і жэмайцкія блінчыкі — гэта бульбяныя аладкі зь мясам, папулярная недарагая страва ў Літве. Зьняволеныя жанчыны ня скардзіліся на ежу, яны скардзіліся на недахоп гарачай вады, расказвалі пра сваіх дзяцей, што чакалі іх на волі, і прасілі разгледзець просьбы аб памілаваньні.

Так, калі ў беларускіх турмах сытуацыя з харчаваньнем пагоршылася, у суседняй Літве тэндэнцыя адваротная — на паляпшэньне, адзначае былы зьняволены Валеры Савянкоў. Але і цяпер, кажа ён, ёсьць на што наракаць.

— Цяпер у Літве іншыя нормы, і солі ўжо нармальныя 2 грамы на суткі, і яйкі, і тварог даюць, — усяго стала меней, але больш разнастайна. А раней жа было ўсяго 10 найменьняў толькі! І гэта разам з сольлю, цукрам, ляўровым лістом — усяго разам 10. Бульба, капуста, чорны хлеб, пярлоўка, масла, якое невядома з чаго створана, да масла і блізка не падобна. Пасылкі і перадачы былі адзіным ратункам. Цяпер іначай, але — адмянілі пасылкі і перадачы, забаронена. Можна атаварыцца ў шапіку турэмным у месяц на 30 літаў, але толькі ізноў жа — калі няма парушэньняў, заўваг, а адміністрацыя заўсёды знойдзе, да чаго прычапіцца. Так што гэта стала катастрофай для немаёмных зэкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)