Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Ці магчымы намэнклятурны пераварот?

Пра такі варыянт у палітызаваным асяродзьдзі размовы ідуць даўно. І ня дзіва. Бо адсутнасьць дэмакратычных мэханізмаў зьмены ўлады натуральна штурхае ход думак у гэты бок. Калі няма правілаў, то адзіным сродкам пераменаў на ўладнай вяршыні становіцца сіла. І сусьветная гісторыя дае процьму прыкладаў, калі праблема ўлады вырашалася менавіта гэтым спосабам.

Калі Расея мінулым годам распачала інфармацыйную вайну супраць Лукашэнкі, шмат хто рабіў выснову, што гэткім чынам Масква штурхала беларускую намэнклятуру да рашучых і рызыкоўных крокаў. Цяжка казаць, ці насамрэч расейскі дуўмвірат ставіў такую мэту, але падобны сцэнар сам Лукашэнка ўлічваў і вельмі яго баяўся. Узгадайце, зь якой ліхаманкавай хуткасьцю ён памяняў урад адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, не чакаючы інаўгурацыі, парушаючы Канстытуцыю.

Тады ўсе задавалі пытаньне: чаму Мясьніковіч? Але нельга атрымаць правільны адказ, калі само пытаньне было сфармулявана няправільна. Сэнс гэтай ліхаманкі быў у тым, каб хутчэй пазбавіцца ад Сідорскага. Бо шмат хадзіла чутак, што на яго як магчымага канкурэнта і пераемніка Лукашэнкі ставіць намэнклятура, Масква і нават апазыцыя.

Але мне падаецца, што ўсё ж сцэнар намэнклятурнага перавароту ў Беларусі малаверагодны зь некалькіх прычын. Па-першае, такая форма зьмены ўлады пазбаўляе новае кіраўніцтва ўсялякай легітымнасьці. Бо пры ўсёй сумніўнасьці беларускіх выбараў Лукашэнка мае рэальную падтрымку каля паловы насельніцтва, якая хоць і дэкаратыўна забясьпечваецца падчас электаральнай кампаніі. І гэта важны чыньнік падпарадкаваньня дзяржаўнага апарату прэзыдэнту. Ці будзе дзяржаўная машына падпарадкоўвацца новаму кіраўніцтву? Ці магчыма гэта забясьпечыць?

Па-другое, Беларусь, у адрозьненьне ад краінаў Лацінскай Амэрыкі, Азіі ці Блізкага Ўсходу, ня мае традыцыі, калі войска ўмешваецца ў палітыку. А пераварот зьдзейсьніць можа толькі сілавая структура, якая абапіраецца на збройную сілу.

Па-трэцяе, Лукашэнка добра разумее гэтую небясьпеку і даўно зрабіў прэвэнтыўныя захады. У Беларусі дзейнічае восем (!) структур і сілавых органаў з правам апэратыўна-вышукавай дзейнасьці, якія сочаць адна за адной і дакладваюць інфармацыю самому прэзыдэнту.

Па-чацьвёртае, і гэта галоўнае, беларуская намэнклятура — не суб’ект палітыкі. Прынцыпова важна зафіксаваць, што беларускі аўтарытарны рэжым — гэта рэжым асабістай улады. У гэтай мадэлі дзяржаўная бюракратыя — гэта ня тая ўсёўладная «новая кляса» (паводле Джыласа) ці «намэнклятура» ў разуменьні Васьленскага, як у апошнія дзесяцігодзьдзі існаваньня савецкага ладу. Бо належнасьць да кіроўнай клясы прадугледжвае калі ўжо не высокую самаацэнку і пэўны ўзровень уласнай годнасьці, то хоць бы элемэнтарную абароненасьць ад самавольства вярхоўнага кіраўніка, карпаратыўную салідарнасьць.

А ў Беларусі чыноўны апарат ператварыўся толькі ў паслухмяны інструмэнт у руках Лукашэнкі. Гэта ня статус найманых працаўнікоў на службе ў гаспадара, бо ў такім выпадку дзейнічаюць пэўныя правілы гульні, заключаецца нейкая юрыдычная дамова, якую выконваюць абодва бакі. Гэта не адносіны васалаў і сюзэрэна, бо сыстэма васалітэту ў сярэднявечнай Эўропе прадугледжвала ўзаемныя абавязкі.

Беларуская мадэль больш нагадвае ўсходнія тыраніі, у якіх чыноўнікі, як і просты народ, знаходзяцца ў рознай ступені прыгоннай залежнасьці ад адзінаўладнага самадзержца; саслоўі адрозьніваюцца не правамі, а павіннасьцямі. Цяперашнія чыноўнікі — гэта падданыя Яго Вялікасьці, іх сацыяльны і службовы статус залежыць ад зьменлівасьці настрояў «бацькі», яго палітычных інтарэсаў. «Чалавек гасудараў» — так характарызаваў сябе міністар унутраных спраў Ю. Сівакоў.

Пасьля лістапада 1996 году чынавенства ня толькі страціла мэханізмы лабіраваньня ўласных інтарэсаў, але і выявілася няздольным выпрацаваць сыстэму карпаратыўнай абароны ад самавольства Лукашэнкі, гарантыю асабістай бясьпекі. Бо кіраўніка любога ўзроўню можна пасадзіць у турму проста на загад прэзыдэнта. Узгадайце, як міністар абароны Мальцаў проста з трыбуны быў адпраўлены ў адстаўку за п’янства, а старшыня КДБ Сухарэнка доўга сядзеў на лецішчы, чакаючы, арыштуюць ці не.

Таму цяжка ўявіць, што такая намэнклятура здольная на пераварот. Яна можа стаць палітычнай сілай толькі ў момант палітычнага крызісу. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)