История

Андрэй Кныш

Ці быў Наваградак першай сталіцай ВКЛ. 10 фактаў пра старажытны горад, які адзначыў 980 год

«Салідарнасць» прыгадвае цікавосткі – ад першых згадак да нашых дзён.

«Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новогород…»

Сёлета Навагрудак афіцыйна адзначыў 980 год. Гэтая дата грунтуецца на летапісных сведчаннях. Мяркуецца, што ў Першым Сафійскім летапісе горад упершыню згадваецца ў 1044 годзе ў сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Літву: «Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новогород и сделал и».

Гэтай версіі прытрымліваўся і вядомы расійскі гісторык Васіль Тацішчаў: «Сей Новгород по обстоятельству мнится литовский, который Всеслав Полоцкий хотел захватить, но князи Ярославовичи уведав, возмездно в его землю шли и перво Минск взяли, а потом на реке Немане в Литве, которая недалеко от Минска и Новгородка Литовского».

Сучасная панарама гістарычнай часткі Навагрудка

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што звесткі пра заснаванне Навагрудка ў 1044-м не маюць грунтоўнага пацверджання. Больш за тое, больш ранні Першы Наўгародскі летапіс змяшчае якасна іншыя звесткі: «Ходи Ярославъ на Литву; а на весну же Володимиръ заложи Новъгород и сделал его. В лето 6553 [= 1045] заложи Володимиръ святую Софію в Новгороде».

Гэта азначае, што гаворка вядзецца зусім пра іншы «Новогород».

У любым выпадку, 1044-ы ў якасці года заснавання горада замацаваны ў «Беларускай энцыклапедыі» і «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Археалагічныя даследванні сведчаць пра тое, што старажытны горад быў закладзены ў ХІ ст.

Ці быў Навагрудак першай сталіцай ВКЛ

Сярод большасці беларускіх даследчыкаў сталічнасць Навагрудка стала фактычна аксіёмай. Галоўны аргумент — каранацыя тут у 1253 годзе літоўскага князя Міндоўга, запрошанага на княжанне мясцовымі баярамі.

Князь Міндоўг. Малюнак Міколы Рыжага

Звесткі пра сталічнасць Навагрудка можна адшукаць у Хроніцы Быхаўца, іх у свой час папулярызаваў польскі храніст і гісторык Мацей Стрыйкоўскі.

Крытыкі гэтай версіі робяць акцэнт на адсутнасці грунтоўных і надзейных звестак, што Міндоўг увогуле калісьці асабіста наведваў Навагрудак.

Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас звяртае ўвагу на тое, што горадам фактычна кіраваў сын Міндоўга Войшалк, які ад імя бацькі ў 1254 годзе склаў дамову з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў горад у кіраванне князю Раману Данілавічу.

Сталіцамі не кіруюць праз васалаў, і тым больш не перадаюць іх у часовае валоданне чужой дынастыі, перакананы літоўскі даследчык. На яго думку, Навагрудак часоў Міндоўга быў глыбокай перыферыяй.

У Навагрудку была запачаткаваная дынастыя Ягелонаў

У 1422-м у Фарным касцёле, які стаіць ля падножжа Замкавай гары, вянчаліся кароль Ягайла і Соф’я Гальшанская. Гэта быў чацвёрты шлюб для караля, якому на той момант, магчыма, было 74 гады (дакладны ўзрост яго невядомы). Соф’і было 17.

Фарны касцёл у нашы дні

Гэты факт робіць Навагрудак калыскай магутнай еўрапейскай дынастыі Ягелонаў, якая і ўзяла свой пачатак з гэтага шлюбу.

Ад першых трох шлюбаў у Ягайлы не было спадчыннікаў. Сафія ж нарадзіла трох сыноў, адзін з якіх памёр вельмі рана.

З Ягелонаў выйші гаспадары Вялікага Княства Літоўскага, каралі Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны.

Багацейшы горад Панямоння

Яшчэ ў часы Кіўскай Русі Навагрудак быў не толькі аплотам надзейнай абароны Панямоння, але і меў славу заможнага горада з гандлёвымі сувязямі з Візантыяй і мусульманскім Усходам.

Пра гэта сведчаць археалагічныя знаходкі. Вакольны горад меў багатыя кварталы з вялікімі дамамі, аздобленымі прадметамі раскошы.

Так, савецкія археолагі знайшлі на тэрыторыі Малога замка парэшткі фрэсак, якімі аздаблялі дамы багатых гараджанаў. Даследчыкі мяркуюць, што знаходка магла належыць да жытла мясцовага майстра-ювеліра ці баярскай сядзібы.

Планіроўка гарадскога цэнтра з трохкутнай плошчай, знаёмая сучасным беларусам, была закладзеная ў познім сярэднявеччы. Адсюль ішлі шляхі на Вільню, Карэлічы, Нясвіж і Мінск, а таксама ў кірунку Палесся.

Замак, які вытрымаў набегі татараў і асаду крыжакоў

Бясспрэчным сімвалам горада стаў ягоны знакаміты замак. Сёння ад яго засталіся парэшткі дзвюх вежаў, у адной з якіх пасля аднаўлення плануецца адчыніць музей.

Старажытны Навагрудак узнік на высокіх пагорках. Лічыцца, што першыя абарончыя збудаванні з дрэва на Замкавай гады з’явіліся яшчэ ў ХІ ст. Побач месціўся вакольны горад (Малы замак).

Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка

У сярэдзіне ХІІІ ст. была збудаваная магутная вежа з камянёў. Яна стала падмуркам для вежы Шчытоўкі, якая з’явілася напрыканцы ХІV ст. Новую вежу будавалі з цэглы. Гэта стала пачаткам кардынальнай перабудовы, якая завяршылася ў ХVІ ст.

Астатнія вежы, а таксама муры будавалі з цэглы.

Вынікам стала з’яўленне аднаго з самых моцных і непрыступных замкаў Усходняй Еўропы, які вытрымаў не адзін набег татара-манголаў і колькі асадаў тэўтонскіх крыжакоў.

На тэрыторыі замка збудавалі двухпавярховы каменны княжацкі палац і царкву, на месцы якой пазней ўзвялі барочны касцёл.

Замак меў сем вежаў — Мескую, Калодзежную, Малую Браму, Пасадскую, Дазорную, Шчытовую і Касцельную. Зрэшты, ў існаванне Мескай вежы вераць не ўсе гісторыкі, яе няма на большасці вядомых схемаў.

Замак моцна пацярпеў у часе вайны з Масковіяй у 1654-1667 гг. Канчаткова зруйнавалі яго шведы, якія захапілі горад у 1706-м у часе Паўночнай вайны.

Ад удзельнага княства да райцэнтра

У XIII-XIV стст. Навагрудак быў цэнтрам удзельнага княства. У 1507-м горад стаў сталіцай ваяводзтва.

26 ліпеня 1511-га вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое потым тройчы пацвярджалася ў розныя гады.

Навагрудскае замчышча, 1919 год. Фота fotopolska.eu

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай горад стаў цэнтрам павету. У час панавання Расіі напрыканцы ХІХ стагоддзя гэты край называлі мядзвежым кутом Еўропы.

Павятомым горадам Навагрудак быў і ў часе кароткага існавання Беларускай Народнай Рэспублікі.

Статус ваяводскага горада яму быў вернуты ў 1919-м, калі Навагрудак апынуўся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай.

Гістарычны цэнтр Навагрудка прызналі помнікам міжнароднага значэння толькі напрыканцы 2023-га

У часы СССР горад быў раённым цэнтрам Баранавіцкай вобласці (1940), ад 1954-га і да нашых дзён — райцэнтрам Гродзенскай вобласці. У 1963-га Наваградак атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У 1997-м ізноў стаў цэнтрам Навагрудскага раёна.  

Цэнтр праваслаўнай мітраполіі і Трыбунал Вялікага княства

У 1316 годзе Навагрудак стаў Літоўскай праваслаўнай мітраполіяй, незалежнай ад Масквы. Пасля падпісання Берасцейскай уніі ў 1596-м мітраполія стала грэцка-каталіцкай.

У сярэдзіне XVI ст. у горадзе дзейнічала 10 цэркваў. У розныя перыяды гісторыі ў тут было 5 касцёлаў, 6 манастыроў, сінагога і мячэт.

Сёння ў Навагрудку дзейнічаюць Фарны касцёл (касцёл Перамянення Гасподняга), касцёл Святога Міхала Арханёла, Барыса-Глебская царква і Свята-Мікалаеўскі сабор (былы кляштар францысканцаў).

Барыса-Глебская царква. Малюнак Наполеона Орды

Колькі словаў пра навагрудскую царкву Барыса і Глеба. Яна паўстала на падмурках царквы, збудаванай у першай палове ХІІ ст. Тая першая царква меркавана адносіцца да ўзораў тагачаснай полацкай школы дойлідства.

Ад пачатку XVI ст. храм неаднаразова перабудоўваўся. Асабліва моцна ён змяніўся пасля таго, як навагрудскія землі перайшлі пад уладу Расіі. Уплыў РПЦ адчуваецца і ў нашы дні: у 2010-м з парушэннем законаў на царкве ўсталявалі пазалочаныя «цыбуліны».

Знакавай падзеяй для старажытнага Навагрудка стала правядзенне ў горадзе ад 1581-га паседжанняў Галоўнага Трыбуналу — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ.

Кубак святой Ядвігі

Першыя архелагічныя раскопкі навагрудскага замчышча былі зладжаныя польскімі даследчыкамі ў 1920-х. Яны знайшлі некалькі дзясяткаў манетаў, сярод іх грошы часоў Ягайлы і Казіміра Вялікага, гарматныя ядры і некаторыя рэчы розных перыядаў існавання замка.

Палякі закансервавалі рэшткі Шчытоўкі і Касцельнай вежы, склалі прыблізны план размяшчэння іншых вежаў і сценаў замка.

Пасля Другой сусветнай вайны замак даследвалі археолагі з Ленінграда. Экспедыцыя пад кіраўніцтвам Фрыды Гурэвіч працягвалася з 1956-га па 1973-ці.

Вынікам сталі трыццаць тысяч знаходак — ад узораў керамікі, костак жывёлаў, наканечнікаў стрэлаў да каляровага, візантыйскага і аконнага шкла. Апошняе кажа пра ўзровень развіцця горада, бо жыхары далёка не ўсіх тагачасных гарадоў мелі магчымасць шкліць вокны ў сваіх дамах.

Адным з самых каштоўных артэфактаў экспедыцыі Гурэвіч стаў кубак Ядвігі, знойдзены на тэрыторыі Малога замка. Лічыцца, што такіх кубкаў было ўсяго 14. Яны прызначаліся для ўрачыстага піцця падчас каранцыі манархаў.

Падобныя кубкі пад нямецкай назвай Hedwigsglaser захоўваюцца ў саборах і музеях Польшчы, Германіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі. Брытанскі музей гісторыі лічыць кубкі гэтага тыпу аднымі са 100 найважнейшых твораў агульначалавечай матэрыяльнай культуры.

Знойдзены ў Навагрудку кубак уяўляе сабой тоўстасценную пасудзіну з дымчатага шкла, дэкараваную разьбой i шліфоўкай. На сценах кубка выразаныя фігуры льва, грыфона і дрэва жыцця. Кубак Ядвігі, знойдзены на Малым замку, быў пабіты, некаторых фрагментаў не хапала. Ён, а таксама пераважная большасць знаходак, дагэтуль захоўваюцца ў пецярбургскім Эрмітажы. У Беларусь вярнулі нязначную частку атрэфактаў.

Калыска мультыкультурнасці

Навагрудак доўгі час быў шматканфесійным і шматнацыянальным горадам. Тут дзейнічалі праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія храмы, сінагога і мячэць. Да сёння на тэрыторыі горада і ў яго ваколіцах захаваліся старыя хрысціянскія, габрэйскія і татарскія могілкі.

З Наваградчыны паходзіць вялікі польскі паэт беларускага паходжання Адам Міцкевіч, які аказаў моцны ўплыў на станаўленне польскай, беларускай, літоўскай і ўкраінскай літаратуры.

У Навагрудку дзейнічае дом-музей Міцкевіча, у 1998-м у горадзе шырока адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння аўтра «Дзядоў». Да святкавання горад капітальна адрамантавалі. Не абыйшлося без сумнавядомага аўралу.

Уцёкі стагоддзя

У часы Другой сусветнай вайны ў Налібоцкай пушчы дзейнічаў найбуйнейшы ў Еўропе габрэйскі партызанскі лагер пад назвай «Лясны Ерусалім». Яго стварылі браты Бельскія — Тувія, Асаэль і Зусь.

Гэта яны арганізавалі ўцёкі з навагрудскага гета, выратаваўшы тым самым больш за 250 чалавек. Сёння ў Навагрудку дзейнічае Музей габрэйскага супраціву, пяць год таму з удзелам тагачаснага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і нашчадкаў Бельскіх быў акдкрыты мемарыяльны знак.

Да падзей 2020-га ў Навагрудак рэгулярна прыязджалі ўнукі экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Справа ў тым, што муж ягонай дачкі Іванкі медыямагнат Джарэд Кушнер мае беларускія карані.

Джарэд Кушнер з жонкай Івонкай і Дональдам Трампам

Прадзед Джарэда, Ёзэф, родам з Карэлічаў. Ён быў габрэем і ў часе вайны апынуўся ў навагрудскім гета. Дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай — навагрудскай габрэйкай Раісай Кушнер. Яны былі сярод тых, хто па выкапаным у тайне ад аховы тунэлі выратаваўся ад немінучай гібелі.