Политика
Сымон Каліза, «Еўрарадыё»

Ці былі шанцы ў Меркель стаць прэзідэнтам у Беларусі?

«У жанчыны ў беларускім грамадстве шанцаў нават больш чым у мужчын», — лічаць жанчыны-палітыкі. Мужчыны перасцерагаюць: «Наўрад ці беларусы прагаласуюць за жанчыну на прэзідэнцкіх выбарах». Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці зможа жанчына перамагчы на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Ангела Меркель

27 верасня Нямеччына пераабрала канцлера Ангелу Меркель на другі тэрмін. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах літоўцы таксама абралі жанчыну — Далю Грыбаўскайтэ. Суседняй Латвіяй да сярэдзіны 2007-га таксама кіравала жанчына, а ва Ўкраіне прэзідэнтам можа стаць амбітная Юлія Цімашэнка. Становіцца відавочна: жанчыны ўсё больш уліваюцца ў палітыку, і калі не перацягваюць на свой бок палітычную коўдру, то, прынамсі, выраўноўваюць сваё палажэнне пад ёй. Паводле меркавання вядомага нямецкага палітолага Аляксандра Рара, у Германіі людзі даўно прызвычаіліся да жанчын-лідэраў і ўспрымаюць іх нароўні з мужчынамі.

Аляксандр Рар: «Я думаю, што нямецкае грамадства цалкам прызвычаілася ўжо да таго, што жанчыны займаюць высокія пасады ў палітычных партыях, у палітычных рухах, у грамадскім жыцці. Тут розніцы паміж мужчынам і жанчынай абсалютна ніхто не бачыць. У іншых культурах на гэта будуць глядзець дзіўна. Але ў тым і рэч, што Еўропа па-ранейшаму лічыць, што яна ідзе ў фарватэры прабуксіравання ліберальных ідэй у сусветнай гісторыі, што яна павінна сваім прыкладам ліберальнасці і адкрытасці мяняць свет. І таму такія прыклады, як першая жанчына на чале краіны спадарыня Меркель, лічаць, што яны сапраўды ідуць як піянеры ў фарватэры пэўнай палітыкі».

Прадстаўніцы «слабога» полу сёння як ніколі патрэбныя і ў беларускай палітыцы. Такога меркавання прытрымліваюцца самі палітычна актыўныя жанчыны.

«Грамадства кансерватыўнае, але я лічу, што ў жанчыны у беларускім грамадстве шанцаў нават больш, чым ў мужчын, бо жаночая кандыдатура запатрабаваная ў нашым грамадстве. Я лічу, што вельмі перспектыўны ўдзел жанчыны ў выбарах, і мне здаецца, што яна акурат магла б зламіць сітуацыю. Я лічу, што ў Беларусі ёсць такія кандыдатуры», — разважае сябра палітрады АГП Людміла Пеціна.

Сябра партыі БНФ і актыўная ўдзельніца мінулых парламенцкіх выбараў Валянціна Свяцкая таксама перакананая, што беларусы гатовыя прыняць жанчыну ў якасці лідэра. Аднак пры ўмове, што гэтая жанчына будзе дастаткова пазнавальная.

Валянціна Свяцкая: «Я лічу, што грамадства можа ўжо ўспрыняць жанчыну, і цалкам адэкватна. Але для гэтага існуе цэлы шэраг «але». Каб жанчына сёння разам з мужчынамі раўнапраўна прэтэндавала на пасаду прэзідэнта, то неабходна, каб гэтая жанчына была ўжо дастаткова добра вядомая беларускай грамадскасці».

На думку спадарыні Свяцай, усё ж пра жанчыну-кандыдата ў прэзідэнты размаўляць пакуль рана.

Тым часам меркаванні мужчын падзяліліся. Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін перакананы, што ў Беларусі даўно не хапае жанчын ў палітыцы і прыйшоў час мяняць гэтую сітуацыю.

Аляксандр Казулін: «Гэта добрая прыкмета, калі жанчына выходзіць на пярэдні план. Я лічу, што гэта якраз выклікі часу, і без гэтага мы не зможам рухацца наперад. Роля жанчынаў у грамадстве павінна павялічвацца. Можа быць, якраз тых якасцяў жаночых — вялікай любові, спагады, міласэрнасці — можа гэтага нам вельмі не хапае».

У сваю чаргу палітолаг Дзяніс Мельянцоў кажа, што нашае грамадства пакуль проста не дарасло да такіх зменаў. Прычым не дарасло да гэтага нават дэмакратычнае асяроддзе.

Дзяніс Мельянцоў: «Наўрад ці за жанчыну прагаласуе большасць беларускага насельніцтва. Таму што усё ж такі беларуская ментальнасць досыць патрыярхальная, кансерватыўная, яна лічыць, што палітыка — гэта мужчынская справа. І жанчына, як і ва ўсякім патрыярхальным грамадстве, — ёй аддадзена хутчэй роля захавальніцы сямейнага ачагу, выхавальніцы дзяцей. Калі нават казаць пра нашыя палітычныя партыі, то роля жанчын там не на столькі заўважная, каб можна было казаць, што у дэмакратычным асяроддзі ёсць нейкая моцная палітычная фігура жаночага полу».

Такога ж меркавання прытрымліваецца і сацыёлаг Аляксандр Сасноў. На думку эксперта, у сённяшніх палітычных рэаліях жанчына шанцаў не мае.

Аляксандр Сасноў: «Ну, вось калі б ніякай працы не весці, і калі б, напрыклад, Лукашэнка кудысьці знік і трэба абіраць, то я думаю, што жанчыну не абралі б».

Праўда, кажа спадар Сасноў, пры пэўнай працы з беларускім грамадствам, а таксама з іміджам жанчыны-кандыдата, поспеху ўсё ж дасягнуць можна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)