Ці будзе ў мінчукоў яшчэ адно Траецкае прадмесце?

У гістарычным цэнтры Мінска кіпяць будаўнічыя работы. У раёне вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай), каля ракі Свіслач аднаўляюць гістарычны квартал. Праўда, паводле спецыялістаў, афіцыйны праект — штучны навабуд. Група маладых архітэктараў, папрацаваўшы ў архівах, куды да іх ніхто не зазіраў, стварыла альтэрнатыву — гістарычна дакладны праект забудовы Зыбіцкай, знішчанай саветамі ўжо пасля вайны. Аб яго сутнасці піша намеснік старшыні Беларускага камітэта ІКАМОС, сябра Рады Беларускага фонду культуры Павел КАРАЛЁЎ.

Дамкі "под старину"

Яшчэ вясной адбылося паседжанне Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Нагадаем, што ў гэтую камісію ўваходзяць прадстаўнікі вядучых грамадскіх арганізацый, творчых саюзаў, якія ў сваёй дзейнасці займаюцца вывучэннем гісторыка-культурнай спадчыны, вырашаюць пытанні, звязаныя з яе аховай (сярод іншых у складзе камісіі трэба адзначыць Беларускі фонд культуры, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускі саюз архітэктараў, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах "ІКАМОС", МГА "Гісторыка" і інш.).

Найбольшая ўвага камісіі была нададзеная сітуацыі, што склалася вакол рэгенерацыі вуліцы Гандлёвай у Мінску. Сёння практычна завершаная рэканструкцыя і рэстаўрацыя-аднаўленне забудовы аднаго боку вуліцы. Што з гэтага атрымалася, можна ўбачыць на ўласныя вочы: намаганнямі архітэктараў і будаўнікоў гістарычны цэнтр Мінска атрымаў дамкі "под старину" – муляжы старажытнай забудовы з сучасным дызайнам. Такое аднаўленне становіцца ўсё больш тыповым, калі мы кажам пра рэканструкцыю і рэстаўрацыю помнікаў Беларусі.

Альтэрнатыўная думка

Каб не дапусціць падобнай сітуацыі з забудовай супрацьлеглай часткі вуліцы Гандлёвай, і сабралася Грамадская назіральная камісія. Але яшчэ і таму, што з’арганізавалася ініцыятыўная група маладых архітэктараў і мастакоў, якія на працягу некалькіх месяцаў вывучалі сітуацыю з запланаваным аднаўленнем. Праведзеныя імі даследаванні дазволілі зазірнуць у мінулае і пабачыць, як насамрэч выглядала старажытная забудова, што некалі існавала на гэтым месцы. Удзельнікі ініцыятыўнай групы Андрэй Ларры і Антон Вантух зрабілі 3D камп’ютарнаю мадэль помнікаў гэтага гістарычнага раёна. На аснове архіўных дадзеных была вызначаная і адлюстраваная ўся драўляная і каменная забудова, што некалі існавала. Тым самым, у працэс аднаўлення гістарычнай забудовы Гандлёвай была ўнесеная альтэрнатыўная думка.

3D-мадэль альтэрнатыўнага праекта рэканструкцыі набярэжнай Свіслачы ў раёне былой вуліцы Гандлёвай.

Не драўляныя хлявы, а адметная архітэктура

Высветлілася, што раён вызначаўся цэлым кварталам адметнай архітэктуры. Гэта былі замкнёныя двары з 1-2-павярховымі каменнымі дамамі. Асобную катэгорыю стваралі драўляныя гаспадарчыя пабудовы, аднак з большага гэты раён быў забудаваны даволі якаснымі мураванымі будынкамі. Адзначым, што да гэтага распрацоўшчыкі афіцыйнага праекта аднаўлення сцвярджалі, што забудова Гандлёвай мела хаатычны характар і ўяўляла малакаштоўную драўляную архітэктуру — ледзь не звычайныя хлявы, якія пастаянна затоплівала сваімі паводкамі рака Свіслач, і таму аднаўленне дадзенага раёна ў першапачатковым выглядзе немэтазгоднае.

Наконт паводак Свіслачы — сапраўды так. Аднак на падставе гэтага ўносіць змены і вольнасці ў працэс аднаўлення помнікаў непрымальна. Тым больш, калі высвятляецца што гэты раён валодаў сваёй адметнай драўлянай і каменнай архітэктурай, якая сфармавалася на працягу стагоддзяў, ацплела ў войны і практычна ў тым жа выглядзе праіснавала да 1950-х гадоў.

Пра ўсё гэта сведчыць зробленая на грамадскіх пачатках праца добраахвотных даследчыкаў. Калі імі быў адноўлены выгляд усёй забудовы (адзначым, што гэта тытанічная праца), і ўдзельнікі камісіі ўбачылі створаную 3D мадэль дадзенага раёна, то адразу стала ясна, наколькі якасна быў забудаваны гэты квартал.

Вуліца Гандлёвая. Уверсе — на фота ў 1950-я гг. Унізе — альтэрнатыўны праект.

Нават сам узровень вышыні дамоў вуліцы Гандлёвай быў спраектаваны і забудаваны такім чынам, каб не захінаць, а наадварот, "прыадкрыць" панараму на кафедральны сабор і на іншыя помнікі архітэктуры, на тагачасны цэнтр горада, якім тады была Саборная плошча (сённяшняя пл. Свабоды).

Такім чынам, дзякуючы працы ініцыятыўнай групы быў віртуальна адноўлены выгляд будынкаў, змены на працягу часу, прасочаныя перабудовы помнікаў. Пры гэтым дзякуючы зробленай працы паўстаў першасны выгляд раней не вывучанага кутка Мінска.

Архівамі ніхто не карыстаўся

Што ж можна сказаць пра той праект, які на сённяшні дзень плануюць ажыццявіць у цэнтры горада?

Навукова-праектная дакументацыя па аднаўленні гістарычнай забудовы, што распрацоўваецца па замове КУП "Мінская спадчына" і плануецца ў хуткім часе ажыццявіцца, мае мала агульнага са справай належнага аднаўлення гістарычнай спадчыны.

Гэта можна аднесці да планіроўкі (практычна ўсе будынкі мяркуецца ўзвесці на іншым месцы), выгляду будынкаў, іх памераў (у праекце пераважаюць 3-павярховыя дамы, не ўласцівыя традыцыі старажытнага дойлідства Мінска). Усё гэта, безумоўна, сапсуе не толькі від на былую Саборную царкву, але і сам раён Гандлёвай будзе зменены да непазнавальнасці.

Чаму так адбываецца, што помнікі архітэктуры аднаўляюцца без уліку іх сапраўднага аблічча і гісторыі бытавання? Адзначым толькі, што падчас збору матэрыялаў пра выгляд забудовы набярэжнай вуліцы Гандлёвай ініцыятыўная група высветліла, што некаторымі архіўнымі матэрыяламі да іх фактычна ніхто не карыстаўся.

Пра гэта выразна сведчыць журнал карыстання, напрыклад, Беларускага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, які знаходзіцца ў будынку былога касцёла Святога Язэпа ў Старым горадзе. Там былі адшуканыя дакладныя памеры і планы будынкаў, зробленыя яшчэ за савецкім часам, незадоўга перад зносам. Ідзецца пра перыяд з 1949 па 1953 гады, калі планавалася пасляваенная перабудова Мінска. Адметна, што будынкі практычна не пацярпелі ў апошнюю вайну, і зносілі іх з сімвалічнай фармулёўкай: "З прычыны рэканструкцыі", "Знос па кап. рамонце" і г.д.

Знос дома №52 на Гандлёвай "в связи с кап. ремонтом", зацверджаны Міністэрствам камунальнай гаспдаркі БССР 15.10.1948.

Цяпер, праз колькі дзесяткаў гадоў, ёсць магчымасць цалкам і ў комплексе зберагчы гэты квартал помнікаў. Дакладней, не зберагчы, а рэканструяваць, рэстаўраваць, аднавіць.

Не згубіць шанец

Вядома, сітуацыя з тым, што забудова ў гэтым раёне не захавалася, ускладняе справу яе цэласнага аднаўлення. Але яна не з’яўляецца невырашальнай. Сусветная практыка ведае прыклады, калі цалкам зруйнаваная архітэктура аднаўлялася праз шмат гадоў. Так сталася з адбудовай Варшавы пасля вайны: жыхары горада аднавілі гістарычны цэнтр. Так сталася і ў Гданьску, дзе практычна ўсе будынкі былі знішчаныя, але затым якасна адбудаваныя. Цяпер турысты не маюць сумніваў адносна старадаўнасці гэтых гарадоў.

Так можа быць і з Мінскам: праз паўстагоддзя пасля зруйнавання забудовы па вуліцы Гандлёвай мы можам аднавіць гэты гістарычны квартал. Такім чынам, галоўнае на сёння – не згубіць шанец аднаўлення гістарычнага цэнтра.

Назіральная грамадская камісія пры Міністэрстве культуры адназначна выказалася "аб непрымальнасці праектных прапановаў КУП “Мінскпраект” па ўзнаўленні гістарычнай забудовы цотнага боку вуліцы Гандлёвай у межах комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі “Гістарычны цэнтр Мінска””. Эксперты выказаліся і за тое, каб пры распрацоўцы праекта аднаўлення Гандлёвай былі ўлічаныя матэрыялы і прапановы сяброў ініцыятыўнай групы. Аднак канчатковае рашэнне прыме на паседжанні ў верасні Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры Мінкультуры.

Што трэба рабіць і як

Скончыць артыкул мне хацелася б пералікам канкрэтных крокаў, неабходных для належнага ажыццяўлення праекта аднаўлення вуліцы Гандлёвай.

1. Улічыць прапановы Назіральнай грамадскай камісіі пры Мінкультуры (адбудова кожнага дома і значных гаспадарчых аб’ектаў на першапачатковым месцы і з аўтэнтычным архітэктурным абліччам). Як паказаў прыклад ініцыятыўнай групы, усе матэрыялы для гэтага ёсць. Толькі ў такім выпадку можна казаць пра сапраўднае аднаўленне страчанай архітэктуры.

2. Адмовіцца ад рэалізацыі раней распрацаванага праекта КУП “Мінскпраект”, які не забяспечвае належнага аднаўлення гістарычных помнікаў. Такім чынам, яшчэ на стадыі падрыхтоўкі можна не дапусціць неадпаведнага падыходу да справы аднаўлення.

3. Перанесці калектар. Гэта дазволіць аднавіць вуліцу належнай шырыні, а значыць захаваць выгляд і цэласнасць ансамбля.

4. Забяспечыць якасць правядзення прац: не стварэнне так званых навабудаў, а належны працэс аднаўлення з улікам агульнаеўрапейскай практыкі.

5. Забяспечыць навукова-грамадскі кантроль (у межах той жа камісіі, якая будзе назіраць за ходам правядзення работ па аднаўленні і іх якасці).

У Мінску ёсць шмат праблемных пытанняў з рознымі помнікамі архітэктуры, асабліва ў гістарычным цэнтры. Гэта і размяшчэнне ў кляштары бернадынцаў гатэля, і неабходнасць вынасу з касцёла Святога Язэпа размешчанага там архіва, і будучае аднаўленне замчышча на Нямізе. Усяму гэтаму варта надаваць асобную ўвагу па кожным праекце, не дапусціўшы пры гэтым змянення гістарычнай забудовы Мінска, што і так неаднаразова рабілася нашымі папярэднікамі.

Аднак будзем спадзявацца, што агульнымі намаганнямі ў нас зможа паўстаць яшчэ адзін з нешматлікіх якасна адбудаваных кавалачкаў старога Мінска. Яшчэ адно Траецкае прадмесце. Толькі колькі такіх прадмесцяў мы мелі насамрэч?

Паводле 3D-мадэлі альтэрнатыўнага праекта рэканструкцыі былой Гандлёвай добра бачна, які від адкрываўся на Саборную плошчу.

Далучайцеся да абмеркавання

Свае лісты аб належным абмеркаванні праекта аднаўлення вуліцы Гандлёвая (Зыбіцкая) можна накіроўваць у Міністэрства культуры (Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Пр. Пераможцаў, 11, 22000, Мінск) і Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама (Савецкая 19, 220050, Мінск).

P.S. Пакуль пісаўся артыкул была вызначана старая назва прадмесця, якая мела назву Лаўская — ад маста “на Лавах” (версія Івана Сацукевіча). Апроч таго, у бягучым годзе рашэннем Мінгарвыканкама вуліца Гандлёвая перайменавана ў Зыбіцкую.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)