Общество

Ці атрымаюць улады «кампэнсацыю за генацыд». Меркаваньне нямецкага гісторыка

Страты Беларусі падчас ІІ сусьветнай вайны генпракурор Андрэй Швед ацаніў у 500 млрд даляраў. Паводле яго, гэта мінімальная сума. Вызначэньнем поўнай зоймецца адмысловая камісія.

Менск пад нямецкай акупацыяй, 1943 год

Ацэнку ваенных стратаў правялі ў рамках крымінальнай справы па факце генацыду супраць беларускага народу, якую Генпракуратура пачала ў красавіку. Паводле Шведа, мінімальную суму вызначылі на падставе дакумэнтаў Нюрнбэрскага трыбуналу.

На думку ўладаў, краіны, датычныя да зьнішчэньня беларусаў падчас вайны, сёньня вядуць супраць яе гібрыдную вайну. Вынікі сьледзтва генпракурор Швед абяцае апублікаваць для ведама міжнароднай супольнасьці, а адказным будзе выстаўлены рахунак стратаў.

Разам зь нямецкім гісторыкам Канстанціна Гошлерам Свабода разьбіралася, якія шанцы ва ўладаў Беларусі атрымаць ад Бэрліну кампэнсацыю за вайну.

Доктар Гошлер узначальвае катэдру сучаснай гісторыі ў Рурскім унівэрсытэце ў Бохуме. Нямецкімі кампэнсацыямі ахвярам вайны ён займаецца прафэсійна. Аўтар кнігі «Віна і доўг» аб гісторыі рэпарацый Нямеччыны пасьля 1945 году. З 2007-га па 2011 год узначальваў міжнародны дасьледчы праект аб гісторыі кампэнсацыі прымусовай працы фондам «Памяць, адказнасьць і будучыня».

«Колькасьць ахвяраў у Беларусі даўно палітызаваная»

— Генпракуратура Беларусі расьсьледуе справу аб генацыдзе беларускага народу ў час Другой сусьветнай вайны. Як гісторыкі ў Нямеччыне і вы асабіста ацэньваеце гэтую ініцыятыву?

— Тут я магу гаварыць толькі за сябе: на мой погляд, гэта інструмэнталізацыя гісторыі Другой сусьветнай вайны і, бясспрэчна велізарных пакут, нанесеных нямецкай акупацыяй Беларусі ў пэрыяд з 1941-га па 1944 год. Сувязь відавочная: спроба Аляксандра Лукашэнкі забясьпечыць маральную процівагу дзейным санкцыям ЭЗ, адначасова націснуўшы на іншы нэўралгічны момант, накіраваўшы ўцекачоў у Літву і Латвію.

— Аляксандар Лукашэнка лічыць, што дадзеныя пра трагічныя падзеі замоўчваліся з палітычных прычынаў, нібыта ніхто не хацеў пра гэта гаварыць. Ці так гэта? Ці вывучалі нямецкія гісторыкі пытаньне трагічных падзеяў у Беларусі?

— Гэта рэжым Лукашэнкі першым фальсыфікуе гісторыю: колькасьць ахвяраў у Беларусі даўно палітызаваная. З другога боку, сур’ёзныя дасьледаваньні ў Беларусі душацца, лічбы палітычна перадвызначаныя і час ад часу адвольна павялічваюцца, хоць і рэальныя лічбы досыць дрэнныя.

Нямецкія дасьледаваньні, безумоўна, сурʼёзна разгледзелі нямецкую акупацыйную палітыку. Я маю на ўвазе перш за ўсё фундамэнтальнае дасьледаваньне Крыстыяна Герлаха, апублікаванае ў 1999 годзе (Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrussland 1941-1944 («Падлічаныя забойствы. Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка зьнішчэньня ў Беларусі з 1941-га па 1944 год»). Там ён падрабязна аналізуе разбуральныя наступствы нямецкай акупацыйнай палітыкі ў Беларусі. Па словах Герлаха, каля 1,7 з 10 мільёнаў жыхароў былі забітыя і амаль 400 тысяч чалавек дэпартаваныя ў якасьці прымусовых рабочых. Да таго ж краіна была практычна цалкам разбураная.

Аднак ва ўспрыманьні нямецкай грамадзкасьці гэта трапляе ў агульны кантэкст вайны супраць Савецкага Саюзу, якую часта называюць «Рускай вайной». Нацыяналізацыя ваеннай памяці ў былых савецкіх рэспубліках, якая адбылася ў 1990-я гады, у Нямеччыне не наступіла. Беларусь і вайна, якая там вялася, — гэта белая пляма ў нямецкім уяўленьні Другой сусьветнай вайны, як і Ўкраіна, Грэцыя і ў некаторай ступені Польшча.

«Патрабаваньні Савецкага Саюзу аб рэпарацыях былі закрытыя ў 1953 годзе»

— Генпракурор Андрэй Швед ацаніў страты Беларусі ў час вайны ў 500 млрд даляраў і сказаў, што гэтая сума зьяўляецца мінімальнай і заснавана на вывучэньні архіўных матэрыялаў, у тым ліку Нюрнбэрскага працэсу. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую лічбу?

— Гэта сымбалічная лічба, якая павінна абазначаць непамерную шкоду. У нейкім сэнсе гэта таксама праўда: як можна ацаніць цану чалавечага жыцьця? Але калі справа даходзіць да падліку маёмаснай шкоды, узьнікаюць велізарныя праблемы: на якой падставе варта ацэньваць кошт? І працяглы пэрыяд часу, які прайшоў пасьля вайны, таксама робіць такія разьлікі надзвычай цяжкімі, так што лічбы могуць быць сфармаваныя па-рознаму ў залежнасьці ад інтарэсаў. У любым выпадку, у выніку атрымліваецца палітычна матываваная лічбавая гульня і ўзьнікае рэальнае пытаньне: які сэнс могуць мець такія вылічэньні сёньня?

— Ці можна ў прынцыпе ацаніць страты праз 75 гадоў пасьля вайны з улікам таго, што Нямеччына выплаціла СССР рэпарацыі?

— Пасьля народнага паўстаньня ў ГДР 17 чэрвеня 1953-га Савецкі Саюз хутка абвясьціў аб спыненьні рэпарацый з боку Германіі, каб стабілізаваць рэжым Ульбрыхта, які знаходзіўся пад пагрозай. Фармальна гэта ўрэгулявала ўсе патрабаваньні Савецкага Саюзу аб рэпарацыях, бо ў 1945 годзе Нямеччына была падзеленая на заходні і ўсходні круг рэпарацый, і ГДР несла аднаасобную адказнасьць за рэпарацыі Савецкаму Саюзу і Польшчы. У Фэдэратыўнай Рэспубліцы пытаньне аб рэпарацыях таксама было спыненае на пачатку 1950-х гадоў, а менавіта ў выніку Лёнданскага ўрэгуляваньня запазычанасьці 1953 году.

— Як пасьля вайны выглядала пытаньне аб выплаце Нямеччынай рэпарацый Савецкаму Саюзу? Ці ёсьць лічбы, колькі СССР атрымаў ад яе?

— Паводле афіцыйных савецкіх дадзеных, да 1953 годзе ГДР выплаціла Савецкаму Саюзу каля 4,3 мільярда даваенных даляраў рэпарацый. Агульныя рэпарацыі ацэньваюцца прыкладна ў 16 мільярдаў даваенных даляраў, што было велізарным цяжарам для Ўсходняй Нямеччыны. Значная частка гэтых рэпарацый прыпадала на дэмантаваныя прамысловыя прадпрыемствы і інфраструктуру. Аднак шкода зь нямецкага боку часта была нашмат большай, чым карысьць з савецкага боку: дэмантаванае абсталяваньне часта ў Савецкім Саюзе гніло наскрозь, таму што ніхто ня мог зь ім нічога зрабіць.

— А ці існуюць асобныя лічбы, колькі пасьля вайны атрымала БССР?

— Як Савецкі Саюз як атрымальнік рэпарацый разьмяркоўваў іх паміж асобнымі савецкімі рэспублікамі, мне невядома. Але, вядома, яны маглі кампэнсаваць толькі невялікую частку нанесенай шкоды.

«Агульнага патрабаваньня аб кампэнсацыі за ўсю шкоду, нанесеную вайной, яшчэ не было ў гісторыі»

— Ці былі прэцэдэнты, калі б постсавецкія краіны пасьля распаду СССР зьвярталіся да Германіі па кампэнсацыю?

— Адзіны выпадак (калі казаць пра постсавецкую прастору і ня мець на ўвазе дзяржавы — спадкаемцы Савецкага Саюзу) — гэта Польшча, дзе рэпарацыйныя прэтэнзіі таксама прадʼяўляліся Нямеччыне з 2017 году. Гэта, пэўна, таксама натхніла Беларусь на патрабаваньні. Паколькі патрабаваньні Польшчы былі распрацаваныя з аналягічнай палітычнай матывацыяй: тут таксама было і ёсьць маральна-палітычнае контранаступленьне супраць ФРГ і, такім чынам, таксама, прынамсі ўскосна, супраць ЭЗ.

— Ці існуе міжнародны закон, ці нямецкі закон, паводле якога Нямеччына дагэтуль абавязаная плаціць кампэнсацыі за II сусьветную вайну?

— Пасьля Дамовы «Два плюс чатыры», якую ФРГ і ГДР заключылі ў 1990 годзе з чатырма былымі дзяржавамі-пераможцамі ў Другой сусьветнай вайне, пытаньне аб рэпарацыях у прынцыпе закрытае. Тым ня менш усё яшчэ існуюць рознагалосьсі адносна таго, наколькі гэтая міжнародна-прававая мяжа цяпер стабільная ці не. Пры гэтым, аднак, варта мець на ўвазе, што гістарычна гэта хутчэй выключэньне, чым правіла, што ваенны ўрон цалкам кампэнсуецца ў выглядзе рэпарацый.

Як правіла, гэта працуе толькі ў тым выпадку, калі агрэсар прайграе вайну, што не заўсёды так. Такім чынам, ваенныя рэпарацыі па сутнасьці заснаваныя на праве пераможцы браць тое, што яму падабаецца ці што ён лічыць разумным. Міжнароднае права працуе інакш, чым грамадзянскі суд, дзе вы можаце падаць у суд на свайго суседа за тое, што ён разбурыў ваш сад бульдозэрам: не існуе агульнапрызнанай вышэйшай улады, якой пасьля вайны павінны падпарадкоўвацца і пераможцы, і пераможаныя.

Такім чынам, кампэнсацыя шкоды заўсёды выбарачная і залежыць ад канкрэтных палітычных абставінаў. З другога боку, агульнага патрабаваньня аб кампэнсацыі за ўсю шкоду, нанесеную вайной, яшчэ не было ў гісторыі.

— Калі і каму Нямеччына плаціла апошнія рэпарацыі і кампэнсацыі?

— Улічваючы вялізную колькасьць заяўнікаў, пасьля 1945 году было ўзгоднена, што Германія можа не выконваць двухбаковых пагадненьняў аб рэпарацыях: такім чынам, калектыўныя дамовы, дасягнутыя ў Патсдаме і Парыжы пасьля 1945 году, аднолькава распаўсюджваюцца на ўсе краіны, якія пацярпелі ад нямецкай вайны.

У той жа час гэта азначае, што ФРГ не магла весьці перамовы аб рэпарацыях з адной дзяржавай без аднаўленьня пытаньня аб рэпарацыях у цэлым, што было б фінансавым самагубствам з улікам іх мноства і сумы адпаведных патрабаваньняў.

Больш за тое, саюзьнікі навучыліся са свайго досьведу пра велізарныя рэпарацыйныя выплаты, накладзеныя на Нямеччыну Вэрсальскім мірным дагаворам пасьля Першай сусьветнай вайны.

У канчатковым выніку яны ўнесьлі значны ўклад у дэстабілізацыю міжнароднага парадку, што лічылася непажаданым пасьля Другой сусьветнай вайны. Такім чынам, доўгатэрміновыя і высокія рэпарацыі, як гэтага хацелі асобныя краіны, не маглі абавязваць пасьля 1945 году, асабліва пад уплывам Амэрыкі.

«Ня думаю, што нават Лукашэнка верыць у тое, што атрымае кампэнсацыю»

— Ці ёсьць хоць мінімальная імавернасьць, што ўлады Беларусі атрымаюць ад Нямеччыны кампэнсацыю за ваенныя страты?

— Я ў гэта ня веру і, шчыра кажучы, ня думаю, што нават Лукашэнка верыць у гэта. Гэта перш за ўсё прапагандысцкі ход, скіраваны на тое, каб выйсьці з абарончай унутранай і зьнешняй палітыкі.

Такім чынам ён можа абвясьціць Нямеччыну важнай краінай ЭЗ. І ў той жа час ён можа прадставіць сябе свайму народу як абаронцу яго інтарэсаў і паспрабаваць стварыць групу, заснаваную на агульнай ідэнтычнасьці ахвяры, супраць вонкавага ворага. І для гэтага дастаткова гістарычных мадэляў.

— Мы ўжо ўзгадвалі польскія прэтэнзіі да Нямеччыны ў 2017 годзе. Ці атрымалася Варшаве атрымаць кампэнсацыю?

— Не, і я ня веру, што нешта зьменіцца. Акрамя таго, у выпадку з Польшчай ёсьць яшчэ адзін аспэкт: Польшча атрымала значную частку сваёй тэрыторыі ад нямецкага рэйху, што ФРГ безумоўна прызнала ў адпаведнасьці зь міжнародным правам. Гэта важны артыкул у рэпарацыйным балянсе.

Аднак, акрамя такой пазыцыі па міжнародным праве, неабходна зноў і зноў падкрэсьліваць яшчэ адзін момант. Беларусь, Польшча і многія іншыя краіны невымерна пацярпелі ад нямецкай акупацыі, і гэта не заўсёды ў дастатковай меры прызнаецца нямецкай грамадзкасьцю.

Але калі ўрады злоўжываюць гэтай гісторыяй у першую чаргу для таго, каб засьцерагчы сваю ўладу знутры, гэта таксама праблема. Таму, хоць я лічу, што дэбаты аб рэпарацыях безвыніковыя або нават шкодныя, у той жа час я вельмі вітаў бы больш размоў у Германіі пра тое, што адбывалася ў гэтых краінах пад нямецкай акупацыяй. Часам тут была б дарэчная больш высокая ступень пакоры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)