Политика
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

Ці атрымае Цімафей Дранчук умоўна-датэрміновае вызваленьне?

Сёньня ў папраўчай калёніі Менска адбудзецца паседжаньне камісіі, якая разглядае прапановы адміністрацыі аб ўмоўна-датэрміновым вызваленьні вязьняў. Цікаўнасьць да паседжаньня менавіта гэтай камісіі абумоўленая тым, ці будзе на ёй разгледжаная асабістая справу актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука.

Цімафей Дранчук быў арыштаваны 21 лютага разам яшчэ з трыма актывістамі “Партнэрства” і, як яны, асуджаны за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Дранчука суд пакараў годам зьняволеньня. У жніўні выйшлі на волю калегі актывіста па “Партнэрству” Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка, пры канцы лістападу атрымаў зьмену рэжыму ўтрыманьня на папраўчыя працы Мікалай Астрэйка, а вось Цімафей Дранчук працягвае сядзець ў калёніі. Пры гэтым вядома, што ён ня мае спагнаньняў за парушэньні рэжыму і, паводле адвакатаў, ягонае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне цалкам законнае.

Аднак ў лістападзе, калі мінулым разам ў калёніі зьбіралася падобная камісія, справу Цімафея Дранчука нават не разглядалі. Адказу на пытаньне, чаму гэтак адбылося, сваякі актывіста ня маюць і пакуль ад камэнтару ўтрымліваюцца. А вось праваабаронцы лічаць, што ў гісторыі з Цімафеем Дранчуком палітычная афарбоўка справы “Партнэрства” знайшла дадатковае пацьверджаньне. Паводле Валера Стэфановіча, артыкул, па якім судзілі актывістаў “Партнэрства”— гаворка пра адказнасьць за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі — супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам.

(Стэфановіч: ) “Адна з асноўных прыкметаў злачынства — гэта наяўнасьць дзеяньня, якое небясьпечнага для грамадзтва. А дадзены артыкул такога не прадугледжвае і людзей на ім можна судзіць толькі за тое, што яны ўваходзяць у незарэгістраваную арганізацыю. Таму мы лічым гэты артыкул абсалютна неканстытуцыйным і не адпавядаючым міжнародным нормам. А адпаведна мы лічым, што ўсе чацьвёра былі незаконна асуджаныя. Гэта самае тычыцца і Дранчука. І зараз мы чакаем, што яго ўключаць ў сьпіс на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і што ён сустрэне Новы год ужо ў коле сваёй сям’і, сваіх сяброў і нарэшце пабачыць свайго сына, якога ён яшчэ не бачыў, бо той нарадзіўся, калі Цімафей быў у турме”.

Нагадаю, артыкул аб адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі з’явіўся у Крымінальным кодэксе паводле ініцыятывы КДБ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. КДБ і вяло справу “Партнэрства”, актывістаў якога спачатку абвінавацілі ў тэрарызьме. Аднак на закрытым працэсе над актывістамі “Партнэрства” эпізоды пра тэрарызм не фігуравалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)