Комментарии
Сямён Печанко

Ці адважыцца сенатар Марзалюк спытаць у Лукашэнкі пра мову?

Некалькі нязручных пытанняў прадстаўніку ўлады.

Апазіцыя практычна не карыстаецца беларускай мовай, заявіў на сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк.

Пакіну ў баку пытанне пра слушнасць такой высновы і ад сябе зазначу, што за дванаццаць гадоў працы журналістам у інтэрв’ю і каментарах па-руску мне адказваў толькі камуніст Сяргей Калякін.

Кажуць, што сенатар Марзалюк ухіліўся ад адказу на пытанне, а хто з прадстаўнікоў улады стала карыстаецца беларускай мовай.

Не палянуюся паўтарыць гэтае пытанне.

Як даўно мы чулі прамову па-беларуску ад прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова? А ці часта па-беларуску прамаўлялі ягоныя папярэднікі Міхаіл Мясніковіч і Сяргей Сідорскі?

Можа хтосьці нагадае пра выступы на роднай мове міністраў абароны, МУС і Камітэта дзяржбсяпекі?

Нехта скажа: а як жа міністр культуры Святлоў ды яго папярэднік Латушка? Так, абое прамаўлялі і прамаўляюць на роднай мове. Але было б ужо зусім дзіўна, каб чалавек на такой пасадзе не мог два словы звязаць па-беларуску. Справа ў іншым — мы ўжо дайшлі да таго, што любая, нават самая кароткая прамова на роднай мове, ці рэверанс у яе адрас з вуснаў высокага чыноўніка, робіцца ў нас сенсацыяй.

Зрэшты, што мы ўсё пра прэм’ераў ды міністраў. Апошняе пытанне: ці хопіць у сенатара Марзалюка смеласці запытаць у Лукашэнкі, чаму той не карыстаецца мовай? У чалавека, які нясе адказнасць за рэферэндум 1995 года, у выніку якога мова тытульнай нацыі апынулася на мяжы існавання.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)