Общество
Аліна Таранік

Ці адбудзецца цырымонія ўручэння беларуска-польскай прэміі?

Польскі пасол Лешак Шарэпка з’яўляецца ганаровым старшынём журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. У сувязі з вымушаным ад’ездам спадара Шарэпкі «на кансультацыю» ў Варшаву, карэспандэнт «Салідарнасці» пацікавілася, ці адбудзецца цырымонія ўзнагароджання фіналіста прэміі 3 сакавіка.

– 28 лютага, па стане на 19.00, мы мелі пацверджанне, што прэмія адбудзецца нават без пасла. Замест яго, напэўна, будзе іншы прадстаўнік амбасады, але хто – невядома, – распавяла «Салідарнасці» першая намесніца старшыні ПЭН-цэнтра Марыя Мартысевіч. – Сёння я магу сказаць, што цырымонія 3 сакавіка мае адбыцца, але, вядома, усё можа імкліва змяніцца. Інфармацыя будзе ўдакладняцца.

Па словах суразмоўцы, журы вызначыць фіналіста непасрэдна перад самой цырымоніяй уручэння прэміі, таму ганароваму старшыню журы Лешаку Шарэпку прыйдзецца ўдзельнічаць у галасаванні дыстанцыйна. Праўда, як кажа Марыя Мартысевіч, асноўнае рашэнне ўсё адно будзе прынята беларускім бокам.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснаваная ў 2011 годзе і ўручаецца за лепшую кнігу беларускай прозы, сярод тых, што выходзілі цягам году. Яе заснавальнікамі з’яўляюцца пасольства Польшчы ў Беларусі, польскі інстытут у Мінску, беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Цырымонія ўзнагароджання фіналіста прэміі адбудзецца 3 сакавіка а 17.00 у канферэнц-залі Палаца Мастацтваў (вул. Казлова, 3).

Шорт-ліст намінантаў на прэмію можна паглядзець тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)