«Чытач, як шчупак, загнаны ў вугал»

У бібліятэчцы Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшаў «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна. Кніга, якую паэт пачаў збіраць больш шасцідзесяці гадоў таму.

«Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі. Колькі слоў, ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных, — напісаў у прадмове да «Вушацкага словазбору» Уладзімір Някляеў. — У гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы й тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту».

Пра «Вушацкі словазбор» наша гутарка з Рыгорам Барадуліным.

— Вы, дзядзька Рыгор, неаднойчы на працягу апошніх гадоў гаварылі, што адна з Вашых галоўных турбот — паспець зрабіць «Вушацкі словазбор». Упершыню Вы часткова надрукавалі яго ў 1996 годзе ў кнізе «Здубавецьця», затым, у 2002-м, у сваім Зборы твораў. І вось цяпер ён нарэшце цалкам сабраны і выдадзены. Шчыра кажучы, нават не ўяўляў, што гэты словазбор будзе такім вялікім — амаль чатырыста старонак. Але што Вы самі адчулі, калі ўбачылі выдадзенай працу ледзь не ўсяго свайго жыцця?

— Для мяне гэта вялікае свята, гэта ўрачыстасць на душы. Нават не верыцца, што гэтая кніга ёсць. Я ж слоўнік вушацкай мовы пачаў складаць яшчэ ў школе: памятаю, недзе класе ў сёмым зрабіў з сшытка блакноцік са скрэпачкамі і напісаў: «Слоўнік».

— Някляеў у выдатнай прадмове да «Вушацкага словазбору» пад шматзначнай назвай «Цуд!» піша, што ў Вашым хатнім архіве болей за дзве сотні нататнікаў з вершамі і самымі рознымі запісамі, хоць насамрэч, відаць, тых нататнікаў назбіраецца значна болей.

— Някляеў напісаў геніяльную прадмову! Але Валодзя здольны літаральна на ўсё: і вершы пісаць, і паэмы, і эсэ, і прадмовы. Наогул, няма такой галіны чалавечай дзейнасці, дзе б Някляеў не быў першы. Відаць, ён — ужо апошні з усебакова адукаваных паэтаў беларускіх. У маладых няма такога размаху, такога адчування і радасці жыцця, як у Някляева.

Але кажу гэта не ў тым сэнсе, што, маўляў, я — стары, а вы — маладыя... Проста зараз ідзе век прагматыкі, і чытач, як шчупак, загнаны ў вугал.

Працяг размовы чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)